Якое дзіва адшукаў у ганцавіцкіх вёсках выпускнік БДЭУ з веданнем пяці моў

Танчаць не ўсе!

Якое дзіва адшукаў у ганцавіцкіх вёсках выпускнік БДЭУ з веданнем пяці моў?
У СЯРГЕЯ МАКАРЭВІЧА, які здзейсніў такі круты пераварот у  жыцці па ўласнай волі, прычыны былі досыць нетрывіяльныя. Летась разам с экспедыцыяй Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ён правёў у гэтай мясцовасці тры тыдні. Уразіўся і вырашыў адправіцца ў бестэрміновую экспедыцыю. Некаторымі здабыткамі, што беражліва захоўваюць жыхары вёсак, малады аматар традыцыйнай культуры падзяліўся з “СГ”.

Галоўнае для Сяргея МАКАРЭВІЧА — перадаць традыцыю дзецям.

ГАНЦАЎШЧЫНА – край своеасаблівы. Мясцовыя вёскі адначасова і на памежжы з Палессем, таму захоўваюць традыцыі гэтай часткі краіны. Але і цэнтральнабеларускі ўплыў адчуваецца. І гэтая стракатая шматварыянтнасць назіраецца амаль у кожным населеным пункце – песні, танцы, вопратка маюць адметныя адрозненні. Менавіта вывучэннем гэтых асаблівасцей, а таксама перадачай ведаў маладому пакаленню і вырашыў заняцца Сяргей Макарэвіч.

Яшчэ ў студэнцкія гады ён даволі часта наведваў вечарыны, якія ладзілі аматары народнага танца ў Мінску. Пад жывую музыку моладзь развучвала фігуры, якія проста даваліся іх бабулям і дзядулям. Не для выступленняў на сцэне, а для сябе. Як кажа суразмоўнік, у большасці з іх не было нічога складанага. Але вясковая моладзь сёння такі спосаб бавіць час, як аказалася на практыцы, не вельмі разумее. Каб заахвоціць жадаючых, яму ўжо падчас працы ў Доме рамёстваў давялося выкарыстоўваць іншыя рэзоны. Напрыклад, выступленне на рэгіянальных фестывалях народнай творчасці.

— Традыцыя павінна жыць і перадавацца ад майстра моладзі, — тлумачыць Сяргей Віктаравіч. – Вядома, можна спасцігнуць усё і па кнізе, там выкладзены ўсе фігуры і піруэты. Але калі прыходзіць старая бабуля і вучыць унукаў, паказвае рухі, атрымліваецца нешта сапраўднае. Менавіта гэты непаўторны вопыт мне і хацелася б захаваць.

КОЛЬКІ вы ведаеце народных танцаў? На Ганцаўшчыне разам з больш знаёмымі сучаснаму чалавеку полькай, вальсам, факстротам могуць прайсціся і ў «Рэчаньцы», паказаць «Во саду ли, в огороде », «Яблычка»… Па-рознаму пераасэнсавалі і знакаміты польскі «Абэрак». А вось кадрыля — рарытэт. Для дэманстрацыі ўсіх яе каленцаў патрэбна як мінімум чатыры пары спрытных танцораў, а дзе іх знайсці? Не хапае таксама і прадстаўнікоў моцнага полу. Раней у большасці пераплясаў менавіта яны задавалі тон, круцілі сваю партнёршу і самі вялі яе. І былыя дзяўчаты, што сталі бабулямі, вядома, не могуць зараз перадаць рухі мужчын.

— Нашы продкі не былі прафесійнымі выканаўцамі, аднак танчыць умеў амаль кожны, — напамінае Сяргей Макарэвіч. – Так бавілі час і адпачывалі. Пасля вечарынкі назаўтра ўставалі на працу. Бывала, нават спаборніцтвы праводзілі: ці то музыкі першымі стомяцца граць, ці танцоры – скакаць. Гадзіну без перапынку лілася полька – можаце ўявіць? Сучасных вяскоўцаў заахвоціць гэтым няпроста, але моладзь цікавіцца. Напрыклад, аўтэнтычныя танцы мы развучвалі ў вёсках Хатынічы і Раздзялавічы. Назіраю, што роля прадстаўнікоў двух палоў зараз выраўноўваецца, дзяўчаты больш ініцыятыўныя сталі. 

Майстар Дома рамёстваў Ніна КАЗАК раскрывае маладому спецыялісту сакрэты ткацтва

Яшчэ адно захапленне маладога чалавека – вывучэнне традыцыйных музычных інструментаў. Захавалася іх не вельмі шмат, рэдка нашчадкі падхопліваюць таленты дзядоў. Народны аркестр-капэла на Ганцаўшчыне звычайна складаўся са скрыпкі, гармоніка, бубна або барабана з талеркай. Вядомы скрыпач быў у Раздзялавічах, але Сяргей Макарэвіч яго ўжо не застаў. Зараз збіраецца пазнаёміцца з раднёй не менш славутага тут скрыпача з Борак – яго ўнучка таксама вывучылася граць на пявучым інструменце. 

Сямейнасць, дарэчы, была ўласцівая многім артыстам з народа. Так, у Раздзялавічах хорам любяць спяваць жонкі пяці родных братоў, у Малькавічах – тры сястры. Агульная праца і вольны час, падобныя галасы – усё гэта спрадвеку спрыяла нараджэнню такіх самадзейных калектываў.

Але найбольш адметнае на Ганцаўшчыне тое, што тут яшчэ шмат захавалася ў бабуліных куфэрках аўтэнтычнай вопраткі. Народны майстар раённага Дома рамёстваў Ніна Казак мастацтва ткацтва пераймала ад сваіх матулі і бабулі, а зараз навучае моладзь. На фестывалі-кірмашы «Вясновы букет-2010» яе творы былі прызнаны лепшымі ў рэспубліцы. Калекцыя Дома рамёстваў зараз налічвае каля паўсотні ручнікоў. Але галоўнае, каб моладзь працягвала гэтую справу, лічыць Ніна Мікалаеўна.

Традыцыйным касцюмам я цікаўлюся не першы год і ведаю, што знайсці суцэльны строй ад “а” да “я” ў сучасных бабуль і дзядуль, што жывуць па вёсках, амаль немагчыма. Часцей за ўсё нават адзін сапраўдны фартушок або андарак – каштоўны экспанат для навуковых супрацоўнікаў. Але ў мясцовых вёсках бабулі паказвалі ўдзельнікам этнаграфічных экспедыцый адразу па дзесяць ручнікоў, паясы, наміткі... Дарэчы, народная традыцыя ў дачыненні да гэтага прадмета вопраткі за апошняе стагоддзе змянілася. Толькі вельмі старыя бабулі зараз памятаюць, што калісьці іх цёткі завязвалі наміткі на галаве. Існавала да 20 варыянтаў навівання гэтага ўбору, які павінен быў схаваць валасы замужняй сялянкі. У сучасных вёсках гэтыя белыя палосы тканіны таксама застаюцца ва ўжытку – на іх апускаюць труну ў яму на могілках... А яшчэ адна традыцыя на Ганцаўшчыне знікла – невялікія скураныя торбачкі, якія выкарыстоўвалі толькі прадстаўнікі моцнага полу, зараз не сустракаюцца. 

Сяргей Віктаравіч, наадварот, паступова засвойвае “немужчынскія”  рамёствы – вучыцца плясці паясы, ткаць, вышываць. Не магу не пацікавіцца, ці выкарыстоўвае ён веды, атрыманыя ў БДЭУ. Валоданне англійскай, нямецкай, украінскай і польскай мовамі, а таксама крыху літоўскай – ці патрэбна яно ў глыбінцы? Як аказалася, не шкодзіць. Па-першае, дапамагае ў выступленнях на міжнародных канферэнцыях, прысвечаных этнаграфіі і фальклору. З іншага боку, замежнікі таксама цікавяцца нашай культурай. Не так даўно на Ганцаўшчыне тры тыдні правялі польскія калегі. Кракаўская дзяўчына перад гэтай вандроўкай вывучала закладное ткацтва... ў Перу. Гэтае рамяство мае вельмі глыбокія карані – больш за 30 тысяч гадоў, і, як аказалася, нават лацінаамерыканскія ўзоры маюць нешта агульнае з нашымі і польскімі. У Беларусі ж гасцей з суседняй краіны зацікавіла тое, што ткацтва жыве не толькі ў Доме рамёстваў, але і ў хатах мясцовых сялянак. Будзем спадзявацца, што дзякуючы цікаўнасці моладзі гэтыя добрыя традыцыі захаваюцца як мага даўжэй.

yasko@sb.by

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter