Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Унікальная выстава твораў Язэпа Драздовіча са збораў акадэмічнага Музея старажытнабеларускай культуры адкрылася ў Івацэвіцкім гістарычна-краязнаўчым музеі

Таму шанцуе, хто шмат працуе

Так бывае: пацягнуў за нітачку — і раскруціш клубок. Пра сваю творчую супрацу з Івацэвіцкім гістарычна-краязнаўчым музеем, яго кіраўніцай Раісай Горбач крыху расказаў мне мінскі мастак Леанід Данэлія. Рыхтуючы тэкст пра выдатнага майстра з беларуска-грузінскімі родавымі каранямі, вырашыў я ўдакладніць: што ж там “данэліеўскае” ў Івацэвічах? І размова з Раісай Іванаўнай тым не абмежавалася.

Раіса Горбач і Барыс Лазука на выставе

“У нас тут падзея — на ўсю Брэсцкую вобласць! — радасна паведаміла субяседніца. — З 30 сакавіка ў музеі працуе выстава “Скарбніца Язэпа Драздовіча”.
Я. Драздовіч. Аўтапартрэт
Прысвячаецца 130-годдзю мастака. Мы ажно З0 работ майстра прывезлі з Мінска, з акадэмічнага Музея старажытнабеларускай культуры. Унікальныя рэчы. Ёсць карціны на касмічную тэматыку, ёсць Скарыніяна, і нават аўтапартрэт спадара Язэпа. На прэзентацыю людзей прыйшло вельмі шмат! Журналісты з Брэста, з нашай раёнкі. Розгалас! Цяпер — сустрэчы, экскурсіі ладзім. Вельмі ўдзячныя калегам-партнёрам з Мінска: гэта дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Барыс Андрэевіч Лазука зрабіў для Івацэвічаў такое свята”.

Цяпер у мінскім музеі, што выступіў своеасаблівым спонсарам выставы, рамантуюцца фондавыя памяшканні — вось і вызваляюць іх часова. Раіса Горбач звярнулася да калег, жадаючы паказаць у Івацэвічах старадаўнія строі — атрамала сустрэчную прапанову. А пра творчасць Язэпа Драздовіча яна ведала з часу вучобы ў культасветвучылішчы Магілёва.  Хоць сама родам з Брэста. Як, дарэчы, і мастак Леанід Данэлія.

“Для нас Леанід Пятровіч яшчэ ў 2013-м зрабіў цікавы праект: прапанаваў афармленне для ўсіх шасці залаў музея, з адлюстраваннем усіх часавых перыядаў мясцовай гісторыі, — удакладняе Раіса Горбач. — А пачалі мы супрацоўнічаць, бо пабачылі, як прыгожа выглядае ім  аформлены музей у Бярозе: суседні раён. Працу мастака падтрымаў наш райвыканкам, і макет будучага афармлення Івацэвіцкага гістарычна-краязнаўчага музея ўжо ў горадзе экспанаваўся. Але з рэалізацыя задумы — праблема: сродкаў няма... Між тым у Івацэвічаў у 2019-м будзе юбілей: 500 гадоў гораду. І вельмі б хацелася нам справу неяк зрушыць. Будзем удзячны ўсім, хто да яе далучыцца. Можа й сярод чытачоў газеты “Голас Радзімы”, іх знаёмых таксама ёсць ураджэнцы Івацэвіччыны? Давайце разам у Год малой радзімы зробім карысную справу!”

Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў былым фальварку Марачоўшчына. Івацэвіцкі раён

Разважалі мы з Раісай Іванаўнай, якая з 2006-га кіруе музеем, такім чынам: у раённым бюджэце грошай на яго рэканструкцыю, стварэнне пастаянных экспазіцый няма. Ды не дарма ж у народзе кажуць: таму шанцуе, хто й сам шмат працуе. А музейшчыкі ў Івацэвічах імкнуцца, каб музей папаўняўся цікавымі экспанатамі, каб наведвала яго больш людзей. Апошняя выстава — таму сведчаннем. Хутка будзе аб’яўлены ў музеі Конкурс юных масткоў: да 500-годдзя горада. Між тым на Івацэвіччыне шмат мясцін, вартых мастацкай увагі, цікавых для турыстаў. Скажам, знакаміты наш супляменнік Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе ў фальварку Марачоўшчына, непадалёк ад мястэчка Косава. Ваенны і дзяржаўны дзеяч, таленавіты інжынер, кіраўнік паўстання 1794 года цяпер вядомы і як нацыянальны герой ЗША, Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі. У Марачоўшчыне ёсць Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Плануецца, што матэрыялы пра слаўнага ўраджэнца Івацэвіччыны зоймуць важнае месца і ў новай экспазіцыі Краязнаўчага музея.

Будуць там і аповеды пра іншых вядомых землякоў, сярод якіх партызан, камсамолец Мікалай Гойшык. Родам ён з мясцовай вёскі Воля, подзвіг здзейсніў 24 красавіка 1944 года, падарваўшы фашысцкі цягнік на чыгунцы паміж Іванцэвічамі ды вёскай Міхнавічы. На тым падрыве загінуў і Мікалай, памяць пра якога шануюць у Беларусі. Дарэчы, яшчэ за савецкім часам для ўшанавання памяці героя па просьбе мамы Колі Гойшыка быў створаны ў Івацэвічах народны музей па вул. Дзяржынскага, 18: экспазіцыя расказвала пра гісторыю вайны і партызанскага руху на тэрыторыі раёна — гэта і быў прадвеснік гістарычна-краязнаўчага музея. Ёсць яшчэ на Івацэвіччыне Музей партызанскай славы — ва ўрочышчы Хаваншчына, каля вёскі Корачын. Пад час вайны там была база штаба партызанскага злучэння Брэсцкай вобласці. Хоць будынак па вул. Паштовая, 7 Івацэвіцкі гістарычна-краязнаўчы музей атрымаў у 2009-м, аднак пастаянных экспазіцый па гэты час у ім няма. “Усе матэрыялы пра жыццё і подзвіг юнага героя Мікалая Гойшыка размесцім у ваеннай экспазіцыі — гэта будзе даніна ўдзячнай памяці ўсім, хто загінуў у баях за свабоду, гонар і незалежнасць нашай Радзімы”, — пісала Раіса Горбач у адным з артыкулаў.

У планах івацэвіцкіх музейшчыкаў — падрабязна расказаць і пра Канал Агінскага, які праходзіць па тэрыторыі раёна, і пра лыжную фабрыку ў Целяханах, на якой будуць рабіць сучасныя лыжы. І, безумоўна, пра вядомых ураджэнцаў раёна, сярод якіх гісторык, лекар і літаратар Міхал Гамаліцкі, пісьменнікі Яраслаў Пархута, Уладзімір Мароз, гісторык Генадзь Сагановіч, журналіст Леанід Екель, краязнаўца Алесь Зайка… З вёскі Выганашчы родам і палітычны дзеяч, дыпламат, Міністр інфармацыі Беларусі (2003—2009) Уладзімір Русакевіч.

Ёсць яшчэ на Івацэвіччыне і такая цікавая справа, як “Выганашчанская фартэцыя”: ваенна-гістарычны фестываль-рэканструкцыя. На праект быў выдзелены аўстрыйскі грант. Упершыню фестываль-рэканструкцыя прайшоў у Выганашчах 19 верасня 2015 года, сабраў каля тысячы гледачоў і ўдзельнікаў. Фестываль быў прымеркаваны да 100-годдзя падзей Першай сусветнай вайны на Целяханскай зямлі: там ішлі вялікія баі, па некалькі разоў адны і тыя ж траншэі пераходзілі з рук у рукі, пакуль фронт стала не спыніўся на мяжы Агінскага канала. Які, дарэчы, быў важнаю часткай воднага шляху з Дняпра ў Нёман: даўжыня ў яго 54 кіламетры. А праходзіць канал на тэрыторыі сучасных Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Ёсць у раёне яшчэ адзін цікавы брэнд: “вёска асілкаў” Дабромысль. Пра тое пісала газета “Звязда”: там родавыя карані асілка Руслана Багірава (двухметровы гігант вагой 150 кілаграмаў), вядомага на Брэстчыне гіравіка Алега Данчанкава.

Івацэвіччына — багатая на гісторыю зямля. І Раіса Горбач мае надзею, што ўраджэнцы Івацэвіччыны з замежжа таксама знойдуць магчымаць у Год малой радзімы звязацца з музеем, наведаць Бацькаўшчыну, расказаць пра сябе, а па сілах і дапамагчы ў стварэнні новай музейнай экспазіцыі.

Дарэчы. На пачатку красавіка ў Івацэвічах адкрыўся першы ў Беларусі лесанасенны комплекс. Два гады таму Міжнародны банк рэканструкцыі й развіцця выдзеліў Мінлясгасу каля 40 мільёнаў даляраў на развіццё лясной гаспадаркі краіны. Сродкі пайшлі ў тым ліку й на будаўніцтва такіх цэнтраў. Кошт Івацэвіцкага — звыш 5 мільёнаў рублёў. Пасадачны матэрыял у ім вырошчваецца з закрытай каранёвай сістэмай: у спецыяльных касетах з грунтам. Гэта дасць значную эканомію насення, і расліны будуць лепш прыжывацца пры высадцы. Прычым высаджваць такія дрэўцы можна будзе з вясны па восень.

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter