Эксперимент: минские терапевты теперь приходят на вызовы с гаджетами

Тампон. Зажым. Планшэт

Партатыўны медбук да такой ступені лёгкі і зручны для перамяшчэння, што тэрапеўт можа пераносіць яго ў адной руцэ.
Тэрапеўты 39-й паліклінікі Мінска ўзброіліся 3G-планшэтамі. Такая тэхніка не толькі зручная для перамяшчэння. Яна яшчэ ўтрымлівае каля 95% зместу амбулаторнай карты. Каб зразумець прынцып працы партатыўнага медбука, карэспандэнт «Р» выправілася на выклік разам з тэрапеўтам Ягорам Мертвяцовым.

Да пацыента — з партатыўным памочнікам


Да пацыента Ягор выпраўляецца амаль з пустымі рукамі. У адной з іх прымасціўся лёгкі і незаўважны міні-медбук. Тэрапеўт забыў паглядзець у амбулаторнай карце, дзе жыве хворы, але гэта не бяда. Увядзенне пароля, некалькі клікаў на экран — і мы ўжо едзем па неабходным адрасе. 

Выклікаў на дом ва ўчастковага тэрапеўта за дзень можа быць ад двух да пятнаццаці. У перыяд уздыму захворванняў у Ягора рэкорд даходзіў аж да 27! Пакуль едзем да пацыента, малады спецыяліст расказвае пра зручнасць працы з планшэтам:

— Канешне, медбук стаў для мяне асабістым памочнікам. Раней перад тым, як ісці да пацыента, я хвілін дваццаць вывучаў гісторыю хваробы па амбулаторнай карце. Зараз усе аналізы, апошнія агляды, візіты да іншых спецыялістаў — усё ёсць у базе. Таксама адразу бачна, калі выклікалі ўрача і навошта, у якой бальніцы ляжалі. Гэта дапамагае зразумець, з чаго пачынаць, лягчэй спрагназаваць лячэнне.

Праз хвілін сем пад’язджаем да дома пацыента. Тут перад намі паўстала яшчэ адна перашкода: каб патрапіць у пад’езд, неабходна ўвесці код. Але і гэта зрабiць не цяжка. Ягор знаходзіць у планшэце мабільны нумар хворага, тэлефануе, і ўжо праз хвіліну мы трапляем у кватэру. 

Пенсіянер Часлаў Мар’янавіч скардзіцца на перапады ціску. У яго артэрыяльная гіпертэнзія, рыхтуецца да планавай афтальмалагічнай аперацыі. Урач правярае ціск. У выніку — 160 на 100.

— Вы часам не перахваляваліся?

— Не. Але пакуль вас чакаў, вырашыў кватэру папыласосіць, вось і ціск падскочыў, — шчыра тлумачыць пацыент. 

Потым тэрапеўт уключае планшэт і тлумачыць прынцып працы з ім:

— Глядзіце, у мяне тут ёсць спіс выклікаў. Чалавек патэлефанаваў — у мяне адлюстравалася. Нагода для выкліку — высокі ціск. Таксама мы бачым папярэднія агляды. Вось, напрыклад, першага жніўня пацыент рабіў флюараграфію. Сёння да абеду быў у мяне і ў афтальмолага з праблемай па воку.

Яшчэ адна з пераваг планшэтаў над папяровымі картамі — магчымасць выпісаць электронны рэцэпт. Часлаў Мар’янавіч скардзіцца, што часам ён не можа знайсці неабходную дозу лекаў, выпісаных у рэцэпце: адной пласцінкі мала, а дзве — зашмат. Ягор Аляксандравіч адкрывае ў медбуку рубрыку «Выпісаць рэцэпт» і ўводзіць назву прэпарата. Разумная тэхніка адразу падказвае, якія таблеткі ёсць на рынку сёння і ў якім дазаванні. 

— Пацыенты нярэдка любяць хітрыць, — уздыхае малады ўрач. — Вось, напрыклад, прыходзяць да мяне з хворай спінай. Я назначаю фізіятэрапію. Праз дзесяць дзён гэты самы чалавек ізноў звяртаецца з болямі ў спіне і патрабуе бальнічны. Я гляджу ў планшэт і бачу, што ён не быў на працэдурах! I пра які бальнічны тады можа ісці гаворка?

Акрамя вынікаў флюараграфіі і аналізаў за апошнія гады ўрач мае доступ да рэнтгенаграфіі органаў грудной клеткі. Яна вельмі дапамагае пры бранхітах і трахеітах. На медбуку можна ўбачыць вынікі шпіталізацый, а таксама сфарміраваць накіраванне на аналізы і заяўку на электронны рэцэпт. Пацыенты прыходзяць у аптэку, як у банкамат, з электроннай карткай. 

Гаджэты не супраць паперы


Наяўнасць новай тэхнікі не азначае, што можна забыцца пра папяровыя варыянты тых жа рэцэптаў і амбулаторных картак. Аднак сам працэс прыёму хворага паскорыўся і стаў больш эфектыўным. Спецыяліст прыходзіць на працоўнае месца, раздрукоўвае вынікі медагляду і ўклейвае ў картку. Як ні круці, гэта нашмат прасцей, чым усё пісаць ад рукі. 


Партатыўны медбук звязаны з камп’ютарам на працоўным месцы ўрача. Калі пацыент фарміруе візіт праз інтэрнэт або па тэлефоне, тэрапеўт атрымлівае інфармацыю на экран планшэта, як і на рэгістратар на працоўным месцы. Урач бачыць кожны выклік на дом, таму мае магчымасць дынамічна змяняць маршрут перамяшчэння па ўчастку. Калі ўрач раптам заблукаў і не ведае, куды ісці далей, на дапамогу прыйдзе яшчэ адна выключная функцыя планшэта — геалакацыя. 

Канешне, далікатнае пытанне пра ўрачэбную тайну ніхто не адмяняў. Ці цалкам застрахаваныя пацыенты ад уцечкі інфармацыі? Аператар забяспечвае закрытыя каналы сувязі і абсалютнае шыфраванне ўсёй інфармацыі, якая паступае на сервер паліклінікі, а затым на планшэт. 

Плюс да ўсяго інфармацыя замацавана за кожным спецыялістам пад паролем. Каб зайсці ў сістэму, спачатку неабходна распароліць сам планшэт, а потым увесці код доступу ў праграму. У кожнага спецыяліста абмежаваны доступ да базы з інфармацыяй. Напрыклад, медсёстры маюць доступ да базавых звестах пра пацыента, урачы бачаць усе дыягназы, вынікі абследаванняў і шпіталізацый. Галоўнаму ўрачу як адміністратару планшэт дазваляе ўвайсці ў кожную падрубрыку, справаздачу ці амбулаторную карту. 

Пакуль электронная медыцына актыўна апрабуецца ў сталічных установах. І, варта сказаць, даволі паспяхова. Эфектыўныя тэхналогіі дазваляюць ствараць цэлыя вэб-паліклінікі, якія дзейнічаюць на электронных платформах. Як бачым, медыкам ад гэтага толькі лягчэй. Хворыя таксама не скардзяцца. Застаецца толькі чакаць далейшых навінак, якія палепшаць жыццё і ўрачам, і пацыентам.

ПРОСТАЯ МОВА

Вольга ЕСМАНЧЫК, галоўны ўрач УАЗ «39-я гарадская клінічная бальніца»: 

— Пілотны праект з 3G-планшэтамі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН, адной з сотавых кампанiй і 39-й сталічнай паліклінікі дазваляе наблізіцца да мэты стварэння электроннай аховы здароўя ў нашай краіне.

Апрабуецца на нашай паліклініцы, таму што ўстанова аховы здароўя на сёння абсталявана неабходнай камп’ютарнай базай для работы электроннай сістэмы. Наша вэб-паліклініка не проста злучана з серверам, яна злучана з інтэрнэт-рэсурсамі і магчымасцямі. Сёння на базе паліклінікі лічыцца шэсць планшэтаў. У асноўным працуюць тэрапеўты маладога ўзросту, таму праблем з асваеннем тэхнікі не ўзнікае. Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам, таму з радасцю рэагуем на цікавыя навінкі. Напрыклад, перад візітам пацыента па папярэднім запісе мы па мабільнай сувязі рассылаем галасавыя паведамленні, каб даведацца, ці з’явіцца хворы. Як правіла, 2% людзей не прыходзяць, тады мы хуценька аддаём талоны ў агульны доступ. Сёння мы працуем над чарговай ідэяй: думаем далучыць да планшэтаў некалькі рэгістратараў электракардыяграм. Гэта дазволіць на месцы абследаваць пацыентаў з прыкметамі сардэчна-сасудзістай катастрофы».

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter