Тамаціна па-нашаму

За смачнае і маляўнічае свята, якое прайшло ў мінулую суботу ў горадзе Іўе Гродзенскай вобласці, мы павінны падзякаваць не толькі ініцыятыўным мясцовым уладам, але ў нейкай ступені і вялікаму князю Вітаўту, які запрасіў на гэтыя землі яшчэ ў далёкім 1397 годзе татараў — ахоўваць межы ВКЛ. Татары паказалі сябе не толькі як добрыя воіны, але і агароднікі. З часам сваю любоў да памідораў яны перадалі мясцовым жыхарам. І сёння ледзь не ў кожным двары можна ўбачыць вялізныя, даўжынёй у дзясяткі метраў цяпліцы, якія здалёку ззяюць чырвонымі і жоўтымі таматамі. Памідор стаў сімвалам і брэндам Іўеўшчыны. Лагічна, што яму прысвяцілі цэлы фестываль.


— “Іўеўскі памідор” упершыню прайшоў у мінулым годзе, але ўжо стаў візітнай карткай раёна нароўні з адзіным у нашай краіне музеем нацыянальных культур, унікальным помнікам чатырох канфесій, фестывалем калядных песень і іншымі мерапрыемствамі, якія праходзяць на нашай зямлі, — адзначыў, адкрываючы свята, старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Булак. — Нашы памідоры далёка вядомыя за межамі раёна. Яны маюць асаблівы непаўторны смак. Таматы з такім смакам могуць быць вырашчаныя толькі людзьмі, якія любяць сваю родную зямлю, сваю малую радзіму.
Іўяўчанка Галіна Шагідзевіч прэзентавала на свяце памідор-велікан вагой 1165 грамаў

“Іўеўскаму памідору” яшчэ далёка да сусветна вядомага свята Тамаціна ў Іспаніі, якое доўжыцца цэлы тыдзень. Але і нашаму фестывалю ёсць чым пахваліцца. Толькі ўявіце сабе: уся набярэжная горада запаўняецца людзьмі і таматамі — чырвонымі, жоўтымі, ружовымі, чорнымі, тыгровымі і... нават жывымі! Жывыя памідоры і памідоркі ідуць карнавальным шэсцем, выступаюць на сцэне, удзельнічаюць у дэфіле. Фантазія іўяўчан не ведае межаў! Асабліва яна праявілася ў конкурсах на лепшы карнавальны касцюм, лепшую памідорную страву і найбольш арыгінальнае пудзіла. Уразілі і ўдзельнікі раённага конкурсу “Памідорны валадар сяла”, якія дэманстравалі творчыя і кулінарныя таленты, запрагалі каня, забівалі цвікі ў пень і нават удзельнічалі ў бітве памідорамі, няхай і несапраўднымі.
Памідорным бутэрбродам даўжынёй 4 метры 25 сантыметраў змаглі пачаставацца ўсе госці фестывалю

А колькі ахаў выклікаў гіганцкі памідорны бутэрброд, прыгатаваны да свята. Даўжыня — 4 метры 25 сантыметраў! І гэта не адзіны рэкорд фестывалю. Самы вялікі тамат — пераможца конкурсу “Сеньёр Памідор” — паказаў на вагах 1165 грамаў! Галіна Шагідзевіч, якая яго вырасціла, здзіўляе:

— Гэта яшчэ не вялікі! Быў экзэмпляр вагой амаль два кілаграмы, але свята не дачакаўся, занадта рана паспеў — з’елі, — усміхаецца гаспадыня.


  Дарэчы, стрымацца і не пакаштаваць іўеўскіх памідораў немагчыма — надта ж яны яркія, духмяныя, сакавітыя. “У чым сакрэт?” — пытаюся ў Дзмітрыя Сафарэвіча, які займаецца агародніцтвам, колькі сябе памятае.


Старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Булак разам з намеснікам Лідзіяй Носуль (злева) і в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святланай Кішкель (справа) сімвалічна закаталі слоік памідораў новага ўраджаю

  — Уся справа ў працавітасці, — не задумваючыся, адказвае ён. — Увесь вольны час мы аддаем вырошчванню гародніны. А яшчэ канкурэнцыя дапамагае. Дзякуючы ёй кожны імкнецца вырасціць самыя смачныя памідоры, выбірае лепшыя гатункі, якія карыстаюцца попытам не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Фота БЕЛТА і аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter