Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Там засталося дзяцінства

Беларусь — маё дзяцінства, і ўспаміны пра яго светлыя. Хоць прымешваецца да іх і пачуццё страты, усведамленне таго, што вясёлкавай той бесклапотнасці ўжо ніколі, ніколі не будзе.

Кожнае лета (родам жа я з 1979-га) прывозіла мяне мама на канікулы ў Кіраўск, да бабулі й дзядулі: Уладзіміра Дзмітравіча і Марыі Дзмітраўны Бяляўскіх. Мая мама там нарадзілася. І хоць я расла, вучылася ў Новасібірску, адсюль мой муж і сын, хоць тут усё маё жыццё, а мой тата, Яўген Іванавіч Мельнікаў — сібірак, але ж усё роўна: па духу я беларуска! Заўсёды хочацца туды вярнуцца, акунуцца ў асаблівую атмасферу. Бываючы ў Беларусі, я напаўняюся жыццёвай энергіяй.

Хата Бяляўскіх у Кіраўску па вул. Савецкая, 12

Як было весела, шумна, калі ў бабулі-дзядулі збіраліся родныя мае, самыя блізкія: маміны сёстры Тамара й Валянціна з сем’ямі, дзядзькі, цёткі, іх дзеці — мае стрыечныя браты й сёстры! Як спявалі ды скакалі мы пад дзядулеву гармонь! О, які ж ён быў гарманіст! Гармонь для дзядулі — гэта было святое. З ёй прайшоў вайну, з ёй не раставаўся ўсё жыццё, і яна ўсіх нас аб’ядноўвала.

Памятаю, як гушкаліся на арэлях ды крычалі-распявалі “Рас-цвета-ли яблони и груши...” пад дзядулеў акампанемент. А бабуля тым часам назірала за мной і ціха падпявала. Арэлі ж тыя былі хісткімі: дзядуля майстраваў іх, падмацоўваў да кожнага майго прыезду. А ў садзе сярод пахаў смародзіны, чырвоных парэчак і агрэсту падвешвалі гамак. Там і збіраліся мы, гулялі, загаралі, сакрэтнічалі з маімі сяброўкамі, якіх бацькі на летнія канікулы адпраўлялі да бабуль-дзядуляў. З імі мы ў кантакце дагэтуль, і калі бываю ў Мінску, то абавязкова сустракаемся.

Марыя  Мельнікава

Пахі, смакі, коцікі-кураняткі... Па гэты час памятаю, здаецца, усе тыя кіраўскія водары: памідорнае расады, белага наліву, антонаўкі, сакавітай маліны. А якія смачныя аладачкі й дранікі, калі яны — прама з печы! Калі запальвалі ў ёй агонь, то я заўсёды круцілася ў бабулі пад нагамі: цягнула мяне да таго цуда як магнітам. Яна ж нязлосна так мяне адганяла: каб не абпалілася. Шмат у бабулі было кветак: флоксы, раскошныя вяргіні, лілеі. Не забуду й крапіву, якой атрымлівала ад дзядулі — за асаблівыя “заслугі”. Неяк ён выпусціў “выветрыцца” ў двор парасятка Дзюдзю.  І я не ўстаяла перад вялікаю спакусаю на свінчуку пракаціцца. Скончыўся ж эксперымент нашымі з Дзюдзяй віскамі, пагоняй за намі дзядулі, ну і крапівой... Дарэчы, мой стрыечны брат, дзедаў чэшскі ўнук Сцяпан за падобныя каўбойскія скокі ўдастойваўся хіба лёгкіх плескачоў: пэўна ж, дзядуля мудра ўлічваў пры тым ягоны “замежны статус”. 

Мой любы, дарагі дзядуля!.. Мы хадзілі з ім на рыбалку. Кусаліся камары, хацелася спаць, дый рыба, прызнацца па праўдзе, была такая дробная, што ўся даставалася потым нашай котцы Каці. Але ж наколькі важны быў сам працэс! 

 З якой толькі жыўнасцю я ні корпалася! Кацяняткі — тую пяшчоту не перадаць. А індычаняткі, кураняткі, якіх у халодныя вечары забіралі начаваць у сенцы... Шкадую, што ў майго сына Вадзіма такой экзотыкі няма. І цацкі, хоць многія граюць-спяваюць, не патруцца пяшчотна так аб тваю ножку, просячы малачка... 

З мужам Сяргеем “на світанку” нашага знаёмства мы ездзілі ў Беларусь: хацелася паказаць яму значную частку майго жыцця. А для сына Вадзіма, тады двухгадовага, паездка ў Мінск, у Кіраўск у госці да прадзядулі стала першым вялікім падарожжам. Бабулі Марыі не стала за год да гэтага. Дзядулі — таксама ўжо няма. І тое, што мы не спазніліся, што ён пабачыў сібірскага праўнука, грэе й цяпер маю душу. Паездка прыйшлася на 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вадзюша ўпершыню спрабаваў салдацкую кашу: еў з апетытам. Порцыю прынеслі Уладзіміру Дзмітравічу. Ад нашай увагі расчулены, у падзяку за гасцінец пачаў успамінаць і баі, і шпіталь, і салдацкія катлы. Сын амаль яшчэ не гаварыў, дзядуля ўжо дрэнна чуў. Ён трымаў  малога на каленях, паказваў медалі, распавядаў пра мінулае. Вадзім, здавалася, разумеў усё. Сын, можа, тое й не ўспомніць, але ў ягоным сэрцы, пэўна, ёсць тое цяпло, якое падарыў яму прадзядуля-ветэран.

Марыя Мельнікава, г. Новасібірск

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости