Читая новую книгу писателя Михася Хамца «Пакуль ёсць ты…», чувствуешь: наша страна – свободная и счастливая

Там свет дабра і любові...

Цытата пра Радзіму з кнігі Міхася Хамца «Пакуль ёсць ты…» такая: «Яна — усё: палі, пагоркі, сенажаці, пачуцці, слёзы, сны, сябры… Яна — душа мая, бацькоў магілы, туга і радасць, гады і стома, каханне й здрада, і само жыццё…» Безумоўна, на гэтым можна было б і спыніць цытаванне, бо «само жыццё» якраз і ўбірае ў сябе ўсё, што было з нашымі папярэднікамі, што было, ёсць і будзе з намі. Але, калі думаеш пра гэта, ёсць душэўная патрэба працягваць цытату. Бо ўсё ў пісьменніка сыходзіць з душы, пашыраючы і паглыбляючы сэнс яго роздуму пра сваю асабістую існасць на зямлі і пра існасць чалавека наогул. А Радзіма — «усё: і боль мой, і гожая ўцеха, расінка на траве і неба ў вышыні…» І ён перакананы, што будзе ў Радзімы «вольны і шчаслівы лёс». 

Пра гэта Міхась Хамец пісаў у 1999 годзе. У няпросты час жыцця Беларусі. Тады насуперак жыццёвай логіцы многае рушылася ў жыцці краіны. І многія з нас былі разгублены: а што далей? Хаця і разумелі: калі так, трэба будаваць сваю. Годную і незалежную…

Тады ён, журналіст, фотакарэспандэнт адной рэспубліканскай газеты, прынёс у часопіс «Маладосць», дзе і я меў гонар працаваць, рукапіс сваёй першай кнігі «Далі чыстыя, далі светлыя». У ім былі і гэтыя радкі. Але яны, як і некаторыя іншыя роздумы аўтара кнігі пра папярэдняе і тагачаснае жыццё людзей на нашай зямлі, туды не трапілі. Аб'ём яе быў абмежаваны, выйшла ў знакамітай «Бібліятэцы часопіса «Маладосць». Ды і надзея на лепшае і так гучала з вуснаў тых, хто яе «насяляў», — працоўны люд. І мы з аўтарам (я быў рэдактарам выдання і пісаў да яго прадмову) вырашылі, што звернемся да гэтага яго роздуму тады, калі гэтыя надзеі спраўдзяцца і ўзнікнуць новыя. Рух аднаўлення жыцця бясконцы, і гэтыя надзеі — прыступка да іншых… 

А зараз, чытаючы новую кнігу лірычных твораў пісьменніка «Пакуль ёсць ты…», роздумы пра наша жыццё ў былыя часы і сёння, згаджаюся з ім: тыя далёкія надзеі спраўдзіліся. Наша краіна менавіта такая — вольная і шчаслівая! І стала яна такой дзякуючы самаадданай працы той агромністай частцы суайчыннікаў, якія сумленна працавалі і працуюць кожны на сваім месцы. (Безумоўна, ёсць пэўная колькасць і тых, каму гэта не падабаецца, хто схільны разбураць, сам нічога не ствараючы.) Але пра стваральнікаў: яны, згаджаюся з М. Хамцом, «працаўнікі», «труженики», — соль зямлі, яе падмурак, стрыжань, які трымае на сабе цяжкую ношу жыццёвых спраў, бясконцых праблем, радасцяў і засмучэнняў». Гэта «яны будуюць дарогі, масты, дамы і палацы. Здабываюць вугаль і нафту. Пракладваюць газаправоды, сеюць хлеб, даглядаюць жывёлу і прыбіраюць вуліцы — яны там, дзе цяжка, дзе патрэбны дужыя працавітыя рукі і нязломная воля». І як удакладненне: «Яны проста людзі. Ад зямлі і сонца, палёў і лугоў, роднага слова і бацькоўскіх магіл. Ад памяці продкаў, іх цярпення, самаахвярнасці, мужнасці і мудрай прастаты». І яны сярод нас. З намі. А мы — з імі. Яны тыя, незалежна ад нацыянальнасці, мовы, веравызвання, з кім ладам жывём на сваёй зямлі. Яны тыя, для каго Беларусь — кроўная маці Радзіма, і тыя, з іншых краёў, хто тут знайшоў сваю другую Радзіму. І тут няважна, дзе хто жыве: у вёсцы ці горадзе. Важна, хто ён: стваральнік ці наадварот. Ды з кім «ты», «я», «ён», «яны» у жыцці людзей, народа, краіны. Словам, як зазначае М. Хамец у многіх сваіх роздумах, важна, што ты карыснага робіш і для сябе, і для людзей… Ды таксама важна ведаць, скажам так, якая ў цябе «энергія жыцця» ў грамадстве. 

І абразок менавіта такі ёсць у пісьменніка — «Энергія жыцця». Так, «мы розныя ўсе, і кожны як асобная планета сваіх загадак, таямніца надзей, расчараванняў…» Але, на думку аўтара, нас «раўняе» тое, пад чым жывём і як жывём. Тут і неба, пад якім мы, і «зямля», на якой жывём. Неба як памкненне да новых вышынь. А зямля як рэальнае месца, на якой рэальныя справы. Калі так, а яно так, сцвярджае аўтар, дык вось што кепска: «Часам крыўдзім на сябе падобных…» А побач як тварэнне рук чалавечых «з году ў год цвітуць сады, на нівах палавее збажына, а ў жніўні наліваюцца ажыны, каб хтосьці слова добрае сказаў, пры сустрэчы не адводзіў вочы і зрэдку ў неба пазіраў…» І ўсё гэта дзеля дабра ўсім. І як кантраст непатрэбнае ў жыцці, калі крыўдзім…

Але кніга ўласна свайго бачання і разумення рэчаіснасці, аповядаў пра нашу родную зямлю, яе людзей, пра прыгажосць роднай прыроды. (Дарэчы, ужо як фотамастак М. Хамец размясціў у выданні шэраг сваіх здымкаў прыгажосці нашай зямлі.) Лірычныя абразкі. І раптам такое — філасофскі іх накірунак: а ці ўсё між намі так, як трэба? Ці правамерны такі роздум у лірычных замалёўках? Безумоўна, правамерны. І назва «Пакуль ёсць ты..» сцвярджае. Значыць, пакуль ёсць ты, ўсё, што навокал, цябе тычыцца. А «ты» тут і сам аўтар, і яго каханая, і я, чытач. Зрэшты кожны з нас, хто ёсць на зямлі. І кожны павінны думаць: ці так, ці тое… Ды як палепшыць, выправіць, дапамагчы, калі ведаеш, што не так… І аўтарская шчырасць тут кранальная. Бо «ты» — паўсюль, дзе наша агульнае, і ідзе яно ад продкаў табе ў спадчыну. Пра гэта думае аўтар, даверліва адкрываючы чытачу ў сваіх лірычных мініяцюрах свет сваёй душы. А праз яе — сваё стаўленне да «святла нашай зямлі і любові да яе». А ўвогуле да ўсяго, што з ёй і на ёй, ад самаго чалавека да расінкі на спелым жытнёвым коласе… А праз усё гэта — сцвярджэнне сэнсу жыцця, які, безумоўна, у стваральнасці. Бо так было на нашай зямлі спрадвеку. Хай не ў кожнага аднолькавай «моцы» стваральнасці (здольнасці ў нас розныя), але асабістай стваральнасці, такой патрэбнай і табе самому, і ўсім…

Лірычныя мініяцюры, абразкі, уражанні — гэта вельмі няпроста ў літаратуры. Але ў М. Хамца яны напісаны па-майстэрску. Мова жывая, народная, вобразнасць дакладная. Яна выклікае асацыяцыі, думка не навязваецца — сыходзіць з жыццёвых рэалій. І шчыра. Усё гэта знаходзіць водгалас у чытача, выклікае яго на свой роздум пра жыццё. І шчаслівы той аўтар, калі так, калі яго думкі стасуюцца з думкамі чытача. 

З кнігай Міхася Хамца «Пакуль ёсць ты…» менавіта так. Зрэшты, як і з ўжо названай яго першай кнігай лірычных мініяцюр «Далі чыстыя, далі светлыя». І як з другой яго кнігай «Мае Дземіды» (2017), дзённік роднай вёскі аўтара, дзённік жыцця землякоў, родных і блізкіх пісьменніку людзей. Іх своеасаблівы летапіс жыцця на зямлі, сэнс якога — каб праз нашу працу добра было і нам, і ўсім… 

Між іншым у прыватнасці пра гэта ў нашай літаратуры ў сваіх мініяцюрах выдатна пісалі такія майстры слова, як Янка Брыль, Янка Сіпакоў, Казімір Камейша (Я. Сіпакоў у свой час даў высокую ацэнку мініяцюрам М. Хамца.). Безумоўна, кожны па-свойму ўспрыймае рэчаіснасць, зыходзячы са свайго жыццёвага вопыту і сілы таленту. І ў кожнага свая і жыццёвая, і творчая дарога. Напрыклад, у М. Хамца творчая — пакуль тры кнігі. А жыццёвая — на вокладцы гэтай — «Пакуль ёсць ты…» (Чытайма!) Але адзначу: за амаль паўвека журналісцкай працы Міхась Дзмітравіч аб'ехаў усю рэспубліку. І сустрэчы, сустрэчы, сустрэчы з людзьмі працы… І таму, калі пра ўсіх, то цытую: «Ад маленства да скону кожны з нас у дарозе, у туманах і стоме, спадзяваннях, трывозе…» А калі пра сябе, дык: «Праз гады я пранёс і ў сэрцы збярог сваё шчасце і лёс, радасць нашых дарог: ціхі сум бальшакоў і гасцінцаў-надзей — гэту повязь вякоў і яднання людзей». 

Такой думкай прасякнута ўся творчасць Міхася Хамца. Яна прыдатна да жыцця чалавека ў любы час: і, як здараецца, у няпросты, і ў радасны… 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter