Не стало почетного мелиоратора Беларуси Анатолия Булыни

Там, на рэчцы Крывінцы...

Для яго служэнне прафесіі было галоўным сэнсам жыцця. Паўвека аддаў Анатоль Булыня любімай справе.

Памятаю нашу першую сустрэчу з ім на віцебскім балотным масіве Ельня. На Беларускім радыё я штотыднёва выходзіў у эфір з інфармацыйна-аналітычным выпускам «На меліярацыйных трасах». У радыёперадачы гучалі галасы вучоных, спецыялістаў, хлебаробаў, прадстаўнікоў меліярацыйных арганізацый. Далёка не кожнаму дараваны здольнасці прамоўцы. Пасля вяртання ў рэдакцыю пастаянна даводзілася карпець на мантажы эфірнага матэрыялу. Чаго не скажаш пра запіс інтэрв’ю з Анатолем Булыняй. Ён жыва і непасрэдна разважаў перад мікрафонам, свае думкі абагачаў шматлікімі прыкладамі з практыкі, не шкадаваў слоў удзячнасці першапраходцам беларускіх балот. Ніколі не выпінаўся. Мудра кіраваў вялікім вытворчым калектывам беларускіх меліяратараў.

Аднойчы мы разам крочылі па балотных купінах да аддаленых аб’ектаў, дзе машыністы шматкаўшовых экскаватараў метр за метрам наступалі на векавую багну. Даймалі сырасць і слота. Побач з меліярацыйным аб’ектам прасціралася перададзенае хлебаробам шырокае поле. Пасярод яго красаваўся векавы дуб.

Анатоль Аксенцьевіч умеў радавацца кожнаму поспеху свайго калектыву. У той час у Беларусі масава вёўся наступ на балоты. У грамадстве закіпалі дыскусіі пра меліярацыю. Гучалі абвінавачванні і ў адрас першапраходцаў балот: маўляў, з-за іх мялелі рэкі, знікалі лясныя масівы, адбываліся анамальныя з’явы ў прыродзе. Анатоль Аксенцьевіч у сваіх выступленнях, артыкулах у газетах аргументавана абвяргаў гэта: наадварот, дзякуючы меліярацыі з’явіліся ўрадлівыя нівы і сенажаці, іншым стала жыццё людзей у гэтых мясцінах.

непраходная вякамі твань акружала і яго родную бешанковіцкую вёсачку Малы Асавец. З бацькамі і старэйшымі братамі ён падлеткам гараваў на лапіках палёў, параскіданых сярод няўдобіц. Бедна жылося ў пасляваенныя гады. Успамінаючы пра дзяцінства, Анатоль Аксенцьевіч узгадваў, як у працы спасцігаў і назапашваў сялянскі вопыт. З бацькам Аксенціем Сымонавічам і братамі Васілём, Уладзімірам і Мікалаем станавіўся ў пакос каля рэчкі Крывінкі. Лоўка трымаў ён у сваіх сялянскіх руках сякеру і пілку, сталярныя інструменты. Мела сям’я Булыняў і свой пчальнік. Праз усё жыццё Анатоль Аксенцьевіч пранёс гэта захапленне. Любіў шчодра частаваць мёдам са сваіх вулляў. Дасканала вывучаў пчалярскую справу і аддаваў гэтаму занятку ўвесь вольны час.

З удзячнасцю ўзгадваў Анатоль Аксенцьевіч і сваіх настаўнікаў з Дабрыгорскай і Ржаўскаўскай школ Бешанковіцкага раёна. Вучнем старэйшых класаў штодзённа адмерваў па грэблі сем кіламетраў, каб дабрацца на заняткі. Першым у Малым Асаўцы атрымаў вышэйшую адукацыю. За паспяховую вучобу ў Беларускім політэхнічным інстытуце меў павышаную стыпендыю.

Іскрынкі запальваліся ў яго вачах, калі ўзгадваў студэнцкія гады ў сталіцы. Кожнае лета з байцамі будаўнічага атрада адпраўляўся на Поўнач. Да восені працавалі на будоўлях. Заробкамі дзяліўся з бацькамі, матэрыяльна падтрымліваў малодшую сястру Веру, якая таксама вучылася ў інстытуце.

Пасля атрымання дыплома інжынера па размеркаванні вярнуўся ў родныя мясціны. Працаваў майстрам, прарабам у Сенненскім БМУ меліярацыі. Энергічнага спецыяліста заўважылі ў аблводбудзе і даверылі ўзначаліць ПМК-28. Малады кіраўнік за кароткі час вывеў калектыў у перадавыя на Віцебшчыне. Памятаю, як тагачасны міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Іосіфавіч Паўлючук амбіцыйнага маладога кіраўніка ставіў у прыклад іншым. Анатоль Булыня смела ўкараняў новыя метады арганізацыі працы, абнаўляў машынна-трактарны парк, супрацоўнічаў з навукоўцамі вучонымі навукова-даследчага Інстытута меліярацыі. Ён асабістым прыкладам трымаў дысцыпліну і парадак у калектыве. Гарэў даручанай справай, пастаянна цікавіўся навінкамі гэтай сферы дзейнасці. Асаблівасцю вызначаліся яго выступленні на практычных нарадах, навуковых канферэнцыях.

У калектыва, якім кіраваў Анатоль Булыня, было чаму павучыцца. На базе ПМК-28, а потым трэста «Полацкводбуд» і абласнога аб’яднання «Віцебскмеліярацыя», якія ён узначальваў, ладзіліся рэспубліканскія семінары па тэхналогіі правядзення меліярацыйных работ.

Клапаціўся Анатоль Аксенцьевіч і пра малую радзіму. Землякі ўдзячны яму за сотні гектараў абноўленых масіваў на Бешанковіччыне. Старшыня былога СВК «Асавец» Аляксандр Крышын памятае, як на вачах пераўтваралася забалочаная пойма рачулкі Крывінкі, прытока Заходняй Дзвіны. Цяпер тут красуюць хлебныя нівы дзяржпрадпрыемства «Палітаддзелец-Агра». На гэтых палях хлебаробы атрымліваюць стабільныя ўраджаі збожжавых і кармавых культур.

Заўсёды з цеплынёю Анатоль Аксенцьевіч узгадваў сваіх старэйшых братоў. Дзясяткі кіламетраў магістральных каналаў праклалі яны ў родным раёне. На жаль, кароткім выдаўся іх век. Летам ад палыхання маланкі на меліярацыйным аб’екце загінуў Уладзімір. Было яму 36 гадоў. Заўчасна абарвалася жыццё і Мікалая, які таксама працаваў экскаватаршчыкам у меліярацыйнай арганізацыі.

Дзесяць гадоў узначальваў Анатоль Булыня Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм «Белмеліяводгас», а затым Дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарча. Пасля ліхіх дзевяностых трэба было аднаўляць заняпалую вытворчасць, мацаваць эканоміку. Большасць меліярацыйных аб’ектаў рэспублікі, асабліва на Палессі, пасля дзесяцігоддзяў эксплуатацыі патрабавалі рэканструкцыі.

Кіраўніка дэпартамента застаць у працоўным кабінеце было складана. Каб дакладна адстойваць сваю думку, вывучаў сітуацыю са станам меліярацыйных аб’ектаў у кожным рэгіёне. Часта яго рашэнні ў штыкі прымалі кіраўнікі рэгіянальных структур. Пасля грунтоўнага аналізу і разгляду варыянтаў далейшай дзейнасці Анатоль Аксенцьевіч пераконваў іх у правільнасці яго погляду. Пра такія моманты ўзгадвае генеральны дырэктар ДА «Брэстмеліяводгас» Мікалай Клімовіч, які не заўсёды падтрымліваў свайго непасрэднага кіраўніка, але гэта не замінала ім працаваць творча.

Анатоль Булыня, як сапраўдны прафесіянал, меў сваю думку па важных пытаннях і заўжды рашуча яе адстойваў. Узгадалася, як у час здымак тэлевізійнай праграмы на меліярацыйным аб’екце ў Шчучынскім раёне, дзе працякае спрамленая рачулка Лебяда, на папрок тэлерэжысёра, што меліярацыя дае больш шкоды, чым карысці, Анатоль Аксенцьевіч рашуча не пагадзіўся. Завязалася бескампрамісная спрэчка. Усхваляваны кіраўнік фактамі аргументаваў сваю пазіцыю. Тэлеаператар прафесійна зняў гэта на відэа. Фрагмент ажывіў праграму.

Умеў Анатоль Аксенцьевіч і велікадушна адступаць, калі адчуваў паспешнасць. Аб адным з такіх прыкладаў паведаміў калега з рэспубліканскай газеты, якому даручылі разгледзець скаргу, напісаную на Анатоля Булыню. Як сцвярджалася ў лісце, ён незаконна звольніў з пасады дырэктара аднаго з рыбгасаў. Так дапёк Анатоля Аксенцьевіча рыбгасаўскі начальнічак, што ён не стаў слухаць довады журналіста аб тым, што, можа, і варта было развітацца з такім дырэктарам, але пры звальненні парушаны закон: кіраўнік рыбгаса — дэпутат раённага Савета. Калі мой калега ўжо намерваўся закрыць за сабою дзверы кабінета, Анатоль Аксенцьевіч папрасіў яго вярнуцца: адчуў, што перагнуў палку. Не кожны здольны на такі ўчынак.

Анатоль Булыня аддаў любімай справе шмат сіл і старання. Ён заслужана адпавядаў высокаму ўзроўню кіраўніка галіны. На грамадскіх пачатках да апошняга дня працаваў у рэдакцыйным савеце навукова-практычнага часопіса «Меліярацыя і водная гаспадарка».

А з якім энтузіязмам заняўся ён вывучэннем рыбнай гаспадаркі, калі яму даручылі кіраваць гэтай галіной! Днямі сядзеў за навуковай літаратурай па рыбагадоўлі. Наладзіў сувязь з вучонымі-рыбаводамі. Ці можа забыць дырэктар ААТ «Вопытны рыбгас «Сялец» Юрый Бажэнаў першую сустрэчу з новапрызначаным кіраўніком галіны Анатолем Булыняй! Прыехаў ён у гаспадарку ў выхадны дзень. Пакуль аглядалі сажалкі, сталічны госць заклапочана гаварыў пра правал: рыбагадоўля была ў глыбокім заняпадзе. Анатоль Булыня шукаў выхад з такога становішча. Дзеля гэтага і прыехаў да аднаго з найбольш вопытных кіраўнікоў. Юрый Міхайлавіч памятае, як Анатоль Аксенцьевіч лавіў кожнае яго слова, слухаў уважліва. Перад развітаннем выказаў меркаванне: рыбагадоўлі ўдзялялася мала ўвагі на дзяржаўным узроўні. Як клятва, запомніліся яго словы, што сур’ёзна зоймецца гэтай важнай справай і забяспечыць свежай рыбай спажывецкі рынак. Абяцанні ад начальства Юрый Бажэнаў неаднойчы чуў за гады працы ў рыбгасе. Думаў, так будзе і пасля гэтага візіту.

Але неўзабаве адчуў, што новы кіраўнік ад сваіх прынцыпаў не адмаўляўся. Ён напорыста браў кіраванне галіной у свае рукі. Шмат чытаў спецыяльнай літаратуры, цікавіўся навінкамі рыбагадоўлі ў інтэрнэце. З падачы кіраўніка дэпартамента спецыялісты распрацавалі і Урад рэспублікі прыняў некалькі дзяржаўных праграм па развіцці рыбагадоўлі. Па ініцыятыве Анатоля Аксенцьевіча значна пашырыўся асартымент вырошчваемай у штучных вадаёмах рыбы. Упершыню ў рэспубліцы сталі займацца асятровымі і іншымі рэдкімі пародамі. На базе больш буйных рыбгасаў пачалі стварацца перапрацоўчыя цэхі. Дзяржава выдзеліла сродкі на набыццё спецаўтатранспарту для перавозкі жывой рыбы. У сталіцы і буйных гарадах па выхадных сталі ладзіцца рыбныя кірмашы.

Менавіта Анатоль Булыня зблізіў меліярацыю з рыбагадоўляй. Цудоўна атрымалася! Гэта дзякуючы яго намаганням цяпер круглы год можна набыць свежую рыбу. За дзесяцігоддзе кіравання структурным падраздзяленнем Мінсельгасхарча Анатоль Аксенцьевіч паспеў шмат зрабіць на карысць Радзімы. Дзейнасць яго адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і званнем «Ганаровы меліяратар Беларусі». І нават калі настаў пенсіённы ўзрост, Анатоль Аксенцьевіч працягваў працаваць, дзяліўся багатым вопытам і ведамі з маладымі калегамі.

Яго паважалі і цанілі ў вытворчых калектывах. Калегі называлі Анатоля Булыню кіраўніком высокага палёту. Такім застаўся ён у памяці людской. Лёс адвёў яму ўсяго 72 гады жыцця. Родная віцебская зямля прыняла яго прах на вечны спачын…

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter