Посмотрели, как в Малоритском районе выпекают гречаник - хлеб, который едят и в праздники, и в пост

Там i рай, у каго хлеба край

Хлеб з грэчневай мукi ў Маларыцкiм раёне выпякаюць амаль у кожнай вёсцы — у Грушцы, Гвознiцы, Сушытнiцы, Хацiславе… З мiнулага года шматвяковая традыцыя ўнесена ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Беларусi як нематэрыяльнае праяўленне творчасцi чалавека. Мы пабывалi ў вёсцы Дарапеевiчы, каб паглядзець, як пячэцца грачанiк, i, безумоўна, каб пакаштаваць духмяны хлеб прама з печы. 

У Дарапеевiчы мы прыехалi, калi Валянцiна Iванаўна з ўнучкай замешвалi цеста.

Дарапеевiчы даўно праславiла Сцепанiда Сцепанюк — народны майстар Беларусi па ткацтве, захавальнiца абрадаў, ганаровы грамадзянiн Маларыцкага раёна. Працуючы на ферме, а потым швачкай у атэлье, яна не забывала пра кросны. Калi ў раёне сталi адраджаць рамёствы, звярнулiся за дапамогай да Сцепанiды Аляксееўны. Ёй удалося ўспомнiць старадаўнi спосаб ткацтва кажушком i стаць знакамiтасцю ў 70 з лiшнiм гадоў! 

Зараз майстрыцы 86-ы год, яна толькi аднаўляецца пасля перанесенай у мiнулым годзе хваробы. Але нас Сцепанiда Аляксееўна сустрэла i запрасiла ў хату. 

Майстэрства ткацтва i выпечкi хлеба ў гэтай сям'i перадаецца па жаночай лiнii: ад Сцепанiды Аляксееўны — Валянцiне Iванаўне, якая працуе ў мясцовым Доме фальклору. Наступнай, няма сумневу, стане старэйшая праўнучка бабы Стэпы — Даша. У 11 гадоў яна i за кроснамi сябе ўтульна адчувае, i каля печы ладна завiхаецца, хоць i не вясковая — жыве з бацькамi ў Брэсце. 

Валянцiна Iванаўна Гатоўчыц 20 гадоў адпрацавала аграномам у мясцовай гаспадарцы. Яна i тлумачыць нам, чаму вяскоўцы на Маларытчыне так любяць грэчневы хлеб:

— На нашых бедных землях грэчка лепш радзiла, чым пшанiца, таму яе i сеялi. Зараз, праўда, СВК «Дарапеевiчы» збiрае 35—40 цэнтнераў з гектара, а не 8—10, як некалi. 

I ўсё ж у цеста для грачанiка Валянцiна Iванаўна дабаўляе пшанiчную муку — купленую. Грэчку меле сама. Не на жорнах, праўда, а на сучаснай тэхнiцы. Мука павiнна быць грубага памолу. 

Працэс прыгатавання хлеба можна раздзялiць на чатыры стадыi: падрыхтоўка апары, вытрымка, замешванне цеста i непасрэдна выпяканне. 

У Дарапеевiчы мы прыехалi, калi Валянцiна Iванаўна з унучкай Дашай ужо замешвалi цеста ў хаце Сцепанiды Аляксееўны. Старэйшая гаспадыня — рукамi, малодшая — лыжкай. Звярнулi ўвагу, што дзяўчынка звяртаецца да роднай бабулi на «вы». 

— Так у нас прынята ў сям'i, ды i ў вёсцы наогул. Сваю мацi, Сцепанiду Аляксееўну, называю на «вы», — крыху здзiвiла нас Валянцiна Iванаўна. — Праўда, мае сыны звяртаюцца да мяне на «ты». Такi ўжо ў нас у грамадстве пасыл: сваiх на «ты», чужых — на «вы». Але ўнучкi, у мяне iх чатыры, толькi на «вы» са мной. Гэта правiльна. 

Выпякаць хлеб iдзём у Дом фальклору, якi дзейнiчае з нядаўняга часу. Дзякуючы СВК «Дарапеевiчы» вясковая хатка адрамантавана, а неабыякавыя жыхары прынеслi сюды мноства экспанатаў — прадметаў народнага побыту. У свой час Сцепанiда Аляксееўна стала iнiцыятарам адкрыцця кружка ткацтва для дзяцей, а Валянцiна Iванаўна сёння iм кiруе. Кажа, вельмi вялiкая цiкавасць да ткацтва ў хлопчыкаў. На новы навучальны год яны з ахвотай запiсваюцца. 

Пакуль мы размаўляем, дровы ў печы ўжо дагарэлi. Валянцiна Iванаўна ахiнае цеста крыжам i раскладвае па формах. Адна за другой бляхi з дапамогай драўлянай пякарскай лапаты адпраўляюцца на вуголле ў печ, гаспадыня застаўляе засланку. Чакаем. 

Бляхi адпраўляюцца на вуголле ў печ.

Аказваецца, што ў розных вёсках грачанiк называюць па-рознаму: грэчаны хлеб, бабка, хлеб з дзіркамi. Нехта дабаўляе да мукi бульбу, нехта — прываранае проса, нават насенне цыбулi-чарнушкi, а нехта — кропельку-дзве хатняй настойкi.

Гаспадыня дастае з печы духмяныя гарачыя боханы.

Нарэшце гаспадынi дастаюць з печы духмяныя гарачыя боханы! Даша змазвае скарынку алеем i накрывае хлеб рушнiком на непрацяглы час — каб быў мякчэйшы. 

Даша змазвае скарынку алеем.

— Не забудзь падкiнуць палена i зачыняй, — Валянцiна Iванаўна вучыць унучку, што нi ў якiм разе нельга пакiдаць астываць печ пустой, i клiча нас за стол. Грачанiк можна есцi як звычайны хлеб — з мясам, салам, памiдорамi, ды з чым заўгодна, а можна з малаком ад вясковай кароўкi i варэннем з клубнiц новага ўраджаю. Смаката! 

Грачанiк можна есцi з чым заўгодна, ён i сам па сабе смачны.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter