Национальный центр современного искусства отмечает пятилетие

Там, дзе жыве крэатыў

Да святочнай падзеі падрыхтавана выстава, якая заняла восем залаў. Чатыры з іх прысвечаны пяцігадовай працы цэнтра, астатнія расказваюць пра яго цікавую гісторыю.

Фота аўтара

У свой час на вуліцы Някрасава, 3 існавалі Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры пад кіраўніцтвам славутага беларускага мастака Міхаіла Савіцкага. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч каментуе:

— Радуе, што мы можам займацца творчасцю ў такім легендарным памяшканні. Тут усё дыхае крэатывам!

У экспазіцыі размешчаны каля 500 фотаздымкаў з розных выстаў, афішы мерапрыемстваў, падараныя мастакамі карціны.

— У цэнтры праходзілі выставы дзеячаў культуры і мастацтва з Літвы, Латвіі, Чэхіі, Германіі. За пяць гадоў наведвальнікі змаглі атрымаць асалоду ад 300 экспазіцый, — адзначае намеснік дырэктара па творчай рабоце Алеся Іназемцава.

Штогод цэнтр наведваюць больш за 19 тысяч чалавек. Сучасным мастацтвам Беларусі цікавяцца не толькі жыхары нашай краіны, але і госці з Расіі, Украіны, Кітая, Германіі, Амерыкі, Канады... Славуты спартсмен Аляксандр Мядзведзь, калі наведваў выставу «Спорт — гэта высокае мастацтва» і ўбачыў сябе на адной з фатаграфій, нават успомніў спаборніцтва, на якім мог быць зроблены здымак.

— У цэнтры прадстаўлены работы сучасных аўтараў, якія маюць новы погляд на мастацтва. Мне давялося праводзіць тут выстаўкі, якія мелі вялікі поспех. Люблю натхняцца экспазіцыямі іншых мастакоў. Мой любімы праект — «Новы год. Анталогія свята». На выставе можна было ўбачыць ёлачныя цацкі, паштоўкі. Калі глядзіш на іх, думкі адразу заносяць у шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства, — падзялілася Ларыса Фінкельштэйн, мастацтвазнаўца, заснавальнік першай беларускай галерэі — Аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэі «Брама».

У мінулым годзе ў цэнтры пачала дзейнічаць праграма па падтрымцы маладых куратараў і мастакоў. Яны могуць прадстаўляць свае праекты, развівацца, атрымліваць парады ад вопытных майстроў. Цэнтр вядзе актыўную работу па вывучэнні, экспанаванні, папулярызацыі і развіцці сучаснага беларускага мастацтва.

Выставачны праект, прысвечаны юбілею Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, працягнецца да 15 лістапада.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter