Там, дзе вiшнi цвiтуць...

Мястэчка на Валожыншчыне дало Янку Купалу жонку, а краіне Ізраіль — прэзідэнтаЦвiлi вiшнi сёлета дружна, толькi пладоў няма — не вiшнёвы год. Хаця вiшнёвыя сады ў мястэчку амаль ля кожнай хаты, i бывалi гады, калi яны давалi багаты ўраджай. Напэўна, таму i назвалi мястэчка Вiшнева.

Хаця  так цi не ўзнiкла назва, дакладна  не можа сказаць нiхто — гiсторыя вёскi налiчвае больш за пяць стагоддзяў. Першы раз Вiшнеўскi касцёл упамiнаецца ў  летапiсах пад 1424 годам, а вёска, вiдавочна, пабудаваная раней. Гэтае мястэчка дало свету нямала слынных людзей. Сярод iх —-  беларуская пiсьменнiца Канстанцыя Буйло, жонка Янкi Купалы Уладзiслава Станкевiч, новы прэзiдэнт Iзраiля Шымон Перас. На iнаугурацыi ў  лiпенi 84-гадовы прэзiдэнт успомнiў  пра  сваю малую радзiму i абяцаў  яе наведаць.
— Але  ганарымся мы не толькi гэтымi славутымi землякамi, — зазначыў  мне старшыня мясцовага сельвыканкама Вiктар Якаўлевiч Аль. — У нас  што нi мясцiна — то вядомая, што нi чалавек — то знакамiты. I шчодра, не ўтойваючы, паказаў  усё, чым ганарыцца ён сам.
...У канцы дзевятнаццатага стагоддзя  ў  Беларусь  з Францыi прыехала Эмiлiя Манэ  з маленькай дачушкай. Удава знайшла работу  выкладчыцы французскай мовы ў  панскiм доме. Тут i пазнаёмiлася з аб’ездчыкам Францiшкам Станкевiчам i стала яго жонкай. Доўгiя гады сваячка вядомага французскага мастака Клода Манэ пражыла ў  Вiшневе. Тут нарадзiлiся яе дзецi — Уладзiслава i Вiкенцiй. Канстанцыя Буйло брала ўрокi ў Эмiлii Манэ i пазнаёмiлася з Уладзiславай. Яны пасябравалi на доўгiя гады.
“Люблю мой край, старонку гэту...”
— Дзе стаяў  дом будучай жонкi Янкі Купалы? — цiкаўлюся ў Вiктара Якаўлевiча Аля.
На жаль, устанавiць дакладнае месца, дзе знаходзiўся дом, зараз немагчыма. Бязлiтасны час сцёр з памяцi многiя падзеi, якiя  сёння хочацца аднавiць. Затое на  будынку Вiшнеўскай школы мемарыяльная дошка напамiнае, што ў Вiшневе правяла дзiцячыя i юнацкiя гады Канстанцыя Буйло. Менавiта гэтаму краю прысвечаны яе радкi “Люблю мой край, старонку гэту, дзе я радзiлася, расла... “ Яны ж выбітыя і на помніку на магіле паэткі — на  праваслаўных вясковых могiлках ля самага ўваходу.
Школьны будынак i сам двор, нягледзячы на  канiкулы, сустрэў  нас ажыўленай гаманой. У будынку востра пахла фарбай.
— Шэфы ў  нас добрыя, фундавалi нам пяць мiльёнаў  грошай, вось мы i змаглi паднавiцца — фарбы купiлi, энергазберагальныя лямпы, тры воданагравальнiкi,  камплект мэблi ў адзiн з класаў,  — дзеляцца навiнамi настаўнiкi. — Гэта “Белтрубапровадбуд” нам так дапамог. А шэфы з нямецкага горада Оберхаўзена тры гады таму купiлi для школьнай кацельнi эканамiчнае ацяпляльнае абсталяванне i аплацiлi яго ўстаноўку. 
 Свежай фарбай блiшчаць усе школьныя збудаваннi —   агароджа i масткi, млынкi i арэлi, невялiкi аўтобус на школьным двары.
— Адпачывае, пакуль дзяцей вазiць не трэба? — цiкаўлюся.
Аказваецца, аўтобус гэты — школьны клас. У iм праходзяць заняткi   па асновах бяспекi жыццядзейнасцi. Вiшнеўскую школу наведваюць дзеткi з вакольных вёсак, i тут  iх вучаць быць i пешаходамi, i пасажырамi. 
Аўтобус — таксама падарунак шэфаў, праўда, ужо iншых, з мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Радзiма прэзiдэнта
Вядома ж, дом, дзе нарадзiўся прэзiдэнт Iзраiля Шымон Перас, зараз не захаваўся. Затое ён сам, наведваючы Вiшнева ў 1998 годзе, дакладна знайшоў месца, дзе будынiна стаяла. Тут зараз iншая хата, i яе гаспадыня Святлана Тамашэвiч кажа, што, купляючы дом, нават не ведала,  на якiм месцы ён стаiць. Гэта зараз яе двор стаў вядомым, яго за апошнiя два месяцы наведала шмат журналiстаў i турыстаў .
А вось студня засталася тая самая,  на ранейшым месцы, яе  Шымон Перас у мiнулы свой прыезд прызнаў i нават напiўся з яе вады. Сказаў, што праз усё жыццё памятаў яе смак.
Адзiны з жыхароў Вiшнева, хто памятае цяперашняга iзраiльскага прэзiдэнта, — Уладзiмiр Iванавiч Волкаў. Яму, як i яго iзраiльскаму земляку — 84. У Уладзiмiра Iванавiча захаваўся нават даваенны фотаздымак вучняў яўрэйскай i польскай вiшнеўскiх школ. Праўда, прызнаць на iм Сямёна (так па-ранейшаму завуць у Вiшневе Шымона Пераса) Уладзiмiр Iванавiч не можа, хоць  для сваiх 84 ён бадзёры i рухавы, жыве адзiн i абыходзiцца без пабочнай дапамогi.
Духоўнасць
Яўрэяў у Вiшневе зараз не засталося, а праваслаўныя i католiкi жывуць побач, падтрымлiваючы i дапамагаючы адзiн аднаму. Каталiцкi касцёл i  праваслаўная царква таксама размешчаны побач, а непрадказальны лёс распарадзiўся так, што сённяшнiя вiшнеўскiя святары аказалiся яшчэ i землякамi — абое нарадзiлiся на Вiлейшчыне.
Ксёндз Уладзiслаў  да прыезду ў Вiшнева служыў у вядомым Мосары на Глыбоччыне і ў Мiнску. Шыльдачка на касцёле паведамляе, што гэта помнiк архiтэктуры 1641 года, але ксёндз Уладзiслаў схiльны да iншай даты. Сённяшнi будынак касцёла ўзведзены ў 1498 годзе, а ў семнаццатым стагоддзi перабудоўваўся. Званіца са званамi таксама ўцалелi з таго часу, а ў самiм  храме захаваўся арыгiнальны герб роду Храптовiчаў, якiя доўгi час валодалi Вiшневам. Менавiта пры Iахiме Храптовiчу мястэчка дасягнула найбольшага росквiту — пачаў працаваць першы ў ВКЛ лiцейны завод, завод шкляных вырабаў, спiртзавод, цагельна-ганчарная мануфактура, суконная фабрыка i самы сучасны па тым часе вадзяны млын. У той час Вiшнева стала i гандлёвым цэнтрам.
Амаль паўвека святаром вiшнеўскага касцёла быў ксёндз Уладзiслаў Чарняўскi. Ужо шосты год, як яго няма ў жывых, але вiшнеўцы ўспамiнаюць гэтага чалавека з  асаблiвым пачуццём. Расказвае Марыя Красоўская:
— Святы чалавек быў, спагадлiвы, чулы. Казаў, што кожны народ павiнен малiцца на сваёй мове, а таму нястомна працаваў, перакладаў Бiблiю на беларускую мову. I службы служыў па-беларуску. Калi прыйдзе ўдава справiць iмшу па мужу, грошай нiколi не браў  Да яго з усёй акругi i нават з Гродна прыязджалi людзi, каб шлюб зарэгiстраваць, памалiцца, бо вельмi любiлi яго ўсе. Апошняе аддасць, самому мала патрэбна было.
Уладзiслаў Чарняўскi i прыадкрыў завесу над тайнай, якую, мажлiва, яшчэ прадстаiць вырашыць навукоўцам. Ён сцвярджаў, што прах Сымона Буднага пахаваны менавiта ў Вiшневе, на двары ля касцёла. I  прыводзiў свае доказы гэтага.
Суседка касцёла — праваслаўная царква —   мае ўзрост гадоў з дзвесце, а для яе  сённяшняга настаяцеля айца Аляксандра гэта першы ў яго жыццi прыход.
Самога бацюшку нам застаць дома не ўдалося, а  сустрэла нас матушка Алена разам з сынамi — чатырохгадовым Iллёй i  шасцiгадовым Данiiлам. Алена працуе з мясцовымi дзеткамi  — вядзе заняткi ў нядзельнай школе, кiруе работай  царкоўнага хору. 
— Бацюшка дапамагае нам з п’янствам змагацца, — расказвае старшыня сельвыканкама. — Нядаўна фiльм прывёз, мы ў Доме культуры яго глядзелi i абмяркоўвалi.  Умее з людзьмi пагутарыць, пераканаць iх.
I царква, i касцёл лёс маюць шчаслiвы: ва ўсе, нават самыя смутныя часiны яны нiколi не зачынялiся. Дзiўна, але абмiнулi iх  разбурэннi, хоць Вiшнева заўсёды аказвалася  ў  цэнтры гiстарычных падзей.  У час паўстання Касцюшкi праз мястэчка праходзiў атрад паўстанцаў  пад камандаваннем Мiхала Клеафаса Агiнскага. Непадалёк ад Вiшнева i адбыўся яго бой з казакамi, у якiм атрад Агiнскага пацярпеў страты, а сам ён ледзь змог уратавацца.
У 1812 годзе праз Вiшнева адступаў  на ўсход Барклай дэ Толi. Мястэчка было цалкам  спалена наступаючымi войскамi Напалеона. Ацалеў толькi касцёл.
Падчас паўстання Кастуся Калiноўскага Вiшнева актыўна падтрымала паўстанцаў. На чыгунным заводзе нават рабiлi зброю для паўстанцкіх атрадаў Калiноўскага.
Падчас Першай сусветнай вайны праз Вiшнева праходзiла ўмацаваная нямецкая лiнiя абароны. Жыхары былi выселены, мястэчка спалена i знiшчана артылерыяй да апошняй хаты. Да гэтага часу на агародах вяскоўцаў  захавалiся доты i акопы. А ў касцёл i царкву, пабудаваныя на самым высокiм месцы, не трапiў  нiводзiн снарад. Не пацярпелi яны i падчас Другой сусветнай вайны, хоць баi  ў  ваколiцах праходзiлi жорсткiя.
Самыя разумныя
— А вы ведаеце, што наш Юра мае самы высокi  паказчык  IQ  ва ўсёй нашай школе? А Андрэйка — самы разумны ў старэйшых класах, — адкрыта хвалiцца, аж свецiцца ад гонару за братоў Наташа Пасека. — Так наша псiхолаг сказала.
Наташа — адзiная дачка ў вялiкай сям’i  Iрыны i  Генадзя Пасекаў . Мама ёю  таксама ганарыцца — разумная дачушка, працавiтая. Два гады таму стала студэнткай медунiверсiтэта, хоць сямейныя нiколi не думалi, што яна такую прафесiю выбера.
— Яна ў нас чалавек таленавiты i здольны, — гэта мама пра яе расказвае. — Малюе цудоўна, вершы пiша, асаблiва добра ў яе сачыненнi атрымлiвалiся.
Дачка ў мамы адна, затое сыноў у Пасекаў трое. Андрэйка ў адзiнаццаты клас пойдзе, ужо прымерваецца да будучай спецыяльнасцi.
— Хоча ў Акадэмiю мiлiцыi паступаць, але  я  раю яму iншую спецыяльнасць, — як i Наташы, мама дае парады, але  асцярожна, не настойлiва.
Ганарыцца мама i  Юрам, якi пойдзе ў пяты клас:
— Старанны ён у нас,  вучыцца добра.  А двухгадовы Дзiмка — наш агульны памочнiк. Усё робiць, што мы — i двор убiрае, i  дровы складвае.
Дзiмку Iрына нарадзiла ў сорак пяць. Зараз хлапчук — усеагульны любiмец. Але найбольш часу яму аддае бабуля, Вольга Сямёнаўна.  Яна шмат гадоў працавала ў  вясковым садку,  i дзецi яе любяць.
А сёлета сям’я ўзяла пазыку на рамонт дома, каб усiм у iм было ўтульна i добра.  Вольнага часу  амаль няма, усе будаўнiчыя работы робяць тата з сынамi. Ды i гаспадарка клопату патрабуе. Яна ў Пасекаў вялiкая — дзве каровы, вялiкi бычок, цяля, парасяты, куры.
— Рук вольных шмат, трэба ўсiх работай заняць — жартуе гаспадыня.
Iрына Юр’еўна мае рэдкую для вёскi прафесiю — працуе педагогам-дэфектолагам у мясцовай школе. А яшчэ яна кiруе работай школьнага музея —  захоўвае мясцовую гiсторыю.
Пабыць у Вiшневе i не паспрабаваць вады з мясцовай студнi, якую нават прэзiдэнт Iзраiля лiчыць самай смачнай, — значыць, Вiшнева i не бачыць.
Калi мы прыпынiлiся ля студнi,  побач з намi прыпынiла свой двухколавы транспарт  паштальён Святлана  Бiтэль. Дастала з сумкi “Народную газету” .
— Ваша выданне ў нас ведаюць  i любяць, — адразу пахвалiла нас. — Так што з нецярпеннем будзем чакаць газету з расказам пра наша Вiшнева.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter