Там, дзе віруе маё Дняпро…

ГЭТЫ ТАЛІСМАН алімпійская чэмпіёнка, трыумфатарка Афінаў 2004 года Юлія НЕСЦЯРЭНКА захоўвае надта беражліва. Дзяржаўны сцяг, з якім спартсменка ўзнімалася на алімпійскі п’едэстал, для яе — не проста звычайнае палотнішча. — Я была далёка, адна, толькі з трэнерам. І гэты сцяг быў як маленькі кавалачак Радзімы, — сказала карэспандэнту «БН» алімпійская чэмпіёнка. — За тысячы кіламетраў ад хаты сцяг падзяліў са мной радасць перамогі.

Заўтра краіна святкуе Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

ГЭТЫ ТАЛІСМАН алімпійская чэмпіёнка, трыумфатарка Афінаў 2004 года Юлія НЕСЦЯРЭНКА захоўвае надта беражліва. Дзяржаўны сцяг, з якім спартсменка ўзнімалася на алімпійскі п’едэстал, для яе — не проста звычайнае палотнішча. — Я была далёка, адна, толькі з трэнерам. І гэты сцяг быў як маленькі кавалачак Радзімы, — сказала карэспандэнту «БН» алімпійская чэмпіёнка. — За тысячы кіламетраў ад хаты сцяг падзяліў са мной радасць перамогі.

— Цяпер рыхтуюся да Алімпійскіх гульняў у Лондане, — кажа Юля. — Уся каманда будзе выступаць у нацыянальнай форме. Яна аздоблена выявай герба, на спіне вялікімі літарамі напісана «Беларусь». І наша форма — у колерах нацыянальнага сцяга. Калі апранаеш — гэта нас падтрымлівае, нам дапамагае. Праз нацыянальную сімволіку ты адчуваеш, што за тваімі плячыма — гонар краіны, гонар нацыі.

Дзяржаўныя сімвалы — герб і сцяг — вакол нас. Сцягі «вянчаюць» адміністратыўныя будынкі, у афіцыйных дакументах мы выкарыстоўваем гербавую пячатку. А выява самога герба залатым цісненнем красуецца на вокладцы пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь… Прыкладаў ужывання дзяржаўных сімвалаў вельмі многа. У хуткай плыні дзён, здаецца, гэта проста дадзенасць. Ты падсвядома ведаеш, што там, дзе ёсць графічныя выявы герба і сцяга, — ёсць абарона і клопат дзяржавы. Па-сапраўднаму адчуваеш гэта, калі выязджаеш за мяжу. І дзе б я ні была — у краінах на Чорным, Цірэнскім і Міжземным марах — там, дзе ёсць герб і сцяг, — ёсць і кавалачак радзімы. Для мяне асабіста за гэтымі сімваламі — родная краіна, дзе дыхаецца свабодна, дзе віруе маё Дняпро, дзе сцяна магутнага роднага бору, дзе мама і тата… Такія непадробныя, няпафасныя пачуцці прабіраюць душу «да дрыжыкаў». І яднаюць — нават калі ты знаходзішся вельмі далёка — з сваёй сям’ёй, са сваім народам, з дзяржавай.

Ніколі не забуду сваё знаёмства з гербам і сцягам. Я вучылася ў 1-м класе. Наш першы настаўнік, Васіль Сцяпанавіч Кацярыніч (ён сёння дырэктар сярэдняй школы № 6 у Рэчыцы), пасля заняткаў чытаў шкалярам легенды і міфы Старажытнай Грэцыі. А аднойчы прыйшоў і сказаў: «Сёння ў нас урок «Мая Радзіма — Беларусь». Пазнаёмімся з самымі важнымі дзяржаўнымі сімваламі — гербам і сцягам».

Зразумела, запомніць, чаму Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь апраўлены менавіта вянком з залатых жытніх каласоў, пераплеценых справа кветачкамі канюшыны, злева — ільна, альбо якія яшчэ адметнасці дзяржаўных сімвалаў, мне не ўдалося. Было проста асаблівае адчуванне: мы гэта павінны ведаць, мы гэтым павінны ганарыцца. Засталося яно і цяпер.

Потым Васіль Сцяпанавіч браў у рукі баян — і, уважліва назіраючы за тым, як настаўнік грае на інструменце, мы вучылі гімн Беларусі, па радках, па куплетах…

З таго часу прайшло 17 гадоў. І на сённяшніх уроках «Зямля бацькоў — мая зямля» першакласнікі вывучаюць тое самае. 1 верасня вучні атрымліваюць у падарунак ад Прэзідэнта Республікі Беларусь кнігу «Мая Радзiма Беларусь». І нездарма гэта, і правільна. Хто мы, беларусы, ёсць — новае пакаленне краіны павінна ўсведамляць з першага ў жыцці школьнага ўрока, з першага знаёмства з гербам і сцягам.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?