Там, дзе пачынаецца дзень Беларусі. Сонца тут сапраўды ўсходзіць раней, чым у астатніх куточках краіны.

Добрушскі раён знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы рэспублікі, на мяжы трох дзяржаў. Адсюль багацце ўсяго, што толькі можа быць: прыроды, культуры, гістарычных падзей, талентаў, чалавечых адносін і дасягненняў.

Драўляная магія Валерыя Мінкова

Раён ганарыцца сваімі людзьмі. Адзін з іх — жыхар гарадскога пасёлка Церахоўка Валерый Мінкоў. Яго называюць сапраўдным чараўніком — выразаныя ім фігуркі з дрэва атрымліваюцца настолькі выразнымі, што той, хто іх бачыць, пачынае верыць у магію гэтага чалавека. Асабліва ў яго атрымліваюцца казачныя персанажы. Разьбой па дрэве Валерый займаецца 25 гадоў. Хаця сказаць, што ў творчым лёсе мастака ўсё было проста і адназначна, ніяк нельга. Былі перыяды, калі прыходзілася займацца зусім іншай справай, а для любімага занятку заставаўся толькі вольны час. Але ж калі адкрыўся раённы цэнтр рамёстваў і яму прапанавалі ўзначаліць яго, вельмі абрадаваўся, што нарэшце будзе займацца тым, што цікава. І хаця работа кіраўніка патрабуе нямала сіл для арганізацыі працы ўсёй установы, на любімы занятак час заўсёды знаходзіцца.

Пакроўская царква і рака з мошчамі Іаана Кармянскага

У 1760 годзе, калі вёскай Карма валодалі польскія магнаты Чартарыйскія, жыхары пабудавалі царкву ў імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Да канца ХІХ стагоддзя драўляная царква струхлела, было прынята рашэнне пабудаваць новую. Але ж на якім месцы? Настаяцель і вернікі звярнуліся да шануемага ўсім навакольным людам айца Іаана Гашкевіча. Ён параіў правесці тры дні ў посце і малітве, каб даведацца пра волю Усявышняга. Настаяцель і людзі так і зрабілі. Хутка ў цэнтры вёскі людзям сталі з’яўляцца запаленыя свечкі. На гэтым месцы ў 1897 годзе і пабудавалі новы храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
У апошнія гады Карма стала вядомая па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Жыхары ганарацца сваёй прыгожай вёскай з храмам, дзе знаходзяцца нятленныя мошчы Іаана Кармянскага, які ў 1998 годзе прылічаны праваслаўнай царквой да нябесных заступнікаў зямлі беларускай. Існуе нямала сведчанняў пра цудоўнае пазбаўленне ад хвароб пры яго жыцці, а таксама каля ракі з яго мошчамі.

Манумент Дружбы і надзеі

З’явіўся на мяжы трох славянскіх рэспублік — Беларусі, Расіі і Украіны ў 1975 годзе. Тры белыя 20-метровыя пілоны, акружаныя бетонным кальцом з барэльефамі памятных падзей агульнай гісторыі, сімвал вечнага адзінства братніх народаў. Стваральнікі манумента не ведалі, які вялікі сэнс ён набудзе пасля распаду Савецкага Саюза. На працягу многіх гадоў тут праходзяць фестывалі-святы прадстаўнікоў трох братніх народаў, сюды штогод  з’язджаюцца дэлегацыі трох суседніх абласцей — Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай, і не толькі. Сустракаючыся, суседзі абмяркоўваюць стан спраў у сваіх краінах, арганізоўваюць кірмашы, сумесна адпачываюць. Гаспадарамі свята становяцца па чарзе. Сёлета, напрыклад, імі былі гамяльчане. Фестываль, якому споўнілася 10 гадоў, быў прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Людзі настолькі прывыклі да гэтага свята, — сказаў падчас свайго выступлення на ім старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, — што кожны год чакаюць яго, яно стала народным”.

Масты праз Іпуць

Сярод іншых назваў, якія замацаваліся за Добрушам, ёсць і такая — горад трынаццаці мастоў. Прыгажуня-Іпуць, якая працякае праз райцэнтр, падзяляецца на шматлікія рукавы, стварае астравы і затоны, якія аплятаюць горад ажурнымі карункамі. Масты, вялікія і малыя, злучаюць мікрараёны ў адзінае цэлае. Такой колькасці мастоў, як у Добрушы, больш нідзе не сустрэнеце ў невялічкіх гарадах.

Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Дзям’янкі

Вёска вядома з 1560 года. У 1876 годзе яе гаспадаром стаў выхадзец з латышскай шляхты Мікалай Герард. Ён займаў пасады міравога суддзі ў Санкт-Пецярбургу, генерал-губернатара ў Фінляндыі, быў членам Дзяржсавета. Дзякуючы яму ў Дзям’янках у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з’явіўся палацава-паркавы ансамбль у стылі мадэрн з элементамі псеўдарускага стылю. Герард запрасіў пецярбургскіх архітэктараў, якія хутка ўзвялі шыкоўны палац. Потым з’явіўся парк. Доўгі час ансамбль заставаўся прадметам захаплення. Пасля чарнобыльскай трагедыі ён апынуўся ў зоне адсялення. Аднаўляць яго па экалагічных меркаваннях не прадстаўляецца магчымым, аднак узгадаць, хаця б як былую славутасць, варта.

Раённы краязнаўчы музей

Камплектаванне яго фондаў вядзецца з 2003 года пераважна экспанатамі з грамадскіх музеяў раёна, якія адлюстроўваюць гісторыю краю са старажытных часоў да нашых дзён. Вядзецца навукова-даследчая работа па вывучэнню народных рамёстваў.
Знаходзіцца музей у будынку, які быў узведзены ў 1909 годзе на сродкі княгіні Ірыны Паскевіч і ў якім праз год былі адчынены рамесныя класы імя імператара Аляксандра ІІ.

Папяровая фабрыка

Была створана ў Добрушы ў 1870 годзе князем Фёдарам Іванавічам Паскевічам. Паводле гістарычных звестак, яна “займала першае месца ў групе папяроваробчых машын і паліграфічных вырабаў у Расіі”. У ІХ томе геаграфічнага апісання “Расія”, які быў выдадзены ў 1905 годзе вядомым рускім географам Сямёнавым, гаворыцца, што Добрушская папяровая фабрыка “па годнасці сваёй, памерах, велізарнай вытворчасці і тэхнічнаму ўдасканаленню не ўступае першакласным фабрычным, заводскім установам не толькі ў Расіі, але і ў Заходняй Еўропе”. Фабрыка працуе і зараз.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter