Там, дзе неба з лясамі зліваецца...

Чым вабіць гасцей з усяго свету сапраўдная беларуская глыбінка?Афіцыйна ў Шчучынскім раёне ўжо зарэгістравана сем сядзіб, якія аказваюць турыстычныя паслугі. З уласнага вопыту скажу, што гаспадары такіх куточкаў — людзі цікавыя, неардынарныя. Яны больш падзвіжнікі, чым бізнесмены. Як правіла, у кожнай з сядзіб свае асаблівасці і нават свой характар. Агульнае хіба толькі адно: сваіх пастаяльцаў тут называюць (і насамрэч лічаць) не кліентамі, а больш цёпла і сардэчна — гасцямі. Менавіта з такой кагорты і сядзіба “Лябёдка”, што месціцца за пару-тройку кіламетраў ад знакамітага аграгарадка Васілішкі. З гаспадыняй — Ядвігай Чаславаўнай Шырокай, якая да ўсяго яшчэ з’яўляецца актыўным членам рэспубліканскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” і старшынёй грамадскага савета агра- і экатурызму Гродзенскай вобласці, мы пазнаёміліся акурат у прыгожыя калядныя дзянькі.

Хутарок на ружы вятроў
— Гэта ідэя вырасла з даўняй мары паказаць людзям маляўнічасць маіх родных мясцін, расказаць пра іх унікальнасць, — прызнаецца Ядвіга Чаславаўна, знаёмячы нас са сваімі ўладаннямі.
...Прасторны падворак без агароджы: ад каго адгароджвацца? Брама-арка больш выступае як мілы сялянскі дэкор. Стары, але шчодры ўлетку сад, фларыстычныя кампазіцыі, зараз прыпудраныя снегам і дапоўненыя збаночкамі, кошыкамі, старадаўнімі рэчамі сялянскага побыту... Замест пакошанай пуні цяпер летні домік з тэрасай, калодзеж з чыстай вадой. А сама хата — з вялікай святліцай, што захавала подых продкаў.
— Гэты хутарок прыкупіла ў сваякоў, а вось там, за дарогай, хаціна маіх бабулькі з дзедам. Тут прайшло ўсё маё дзяцінства. Дзедава падвор’е таксама мяркую добраўпарадкаваць і пера-
тварыць у аграсядзібу, — дзеліцца планамі Ядвіга.
— З маленства запомніла, як любілі прымаць гасцей у гэтым доме. На фэсты ў Васілішкі, дзе самыя прыгожыя касцёлы, з’язджалася мноства сваякоў і добрых знаёмцаў, а мы заўжды іх гасцінна сустракалі, стол з пачастункамі накрывалі, паказвалі, як тут неба з лясамі зліваецца, у якім харастве жывём. І паветра ў нас асаблівае — на травах, на хвоі настоенае. Цяпер імкнуся раскрыць усю паўнату гэтай прыгажосці сваім гасцям.
Гараджанам даспадобы адпачываць у сапраўднай глыбінцы. Зоры тут ціхія. І ружа вятроў унікальная: да васьмі вечара скавышы гуляюць, а потым усё рэзка замірае, і... ні вятрынкі. “Проста дзіва нейкае неразгаданае!” — адкрывае перад намі таямніцы тутэйшых мясцін гаспадыня “Лябёдкі”.
“Зроблена з любоўю”
Усяго тры гады, як займаецца Ядвіга Шырокая сваёй справай, а ў яе “на фазэндзе”, якой дала назву тамтэйшай ракі Лябёдкі, ужо пабывалі людзі з усяго свету: з польскіх Торуня, Лодзі, Познані, адпачывалі госці з Расіі, Грузіі і нават Германіі. У вялікай кнізе водгукаў цёплыя, удзячныя запісы старшыні цэнтра агра- і экатурызму Еўрасаюза Маціяса Байранса, знакамітага скульптара Эдуарда Астаф’ева, кампазітара Віктара Кульпіна...
“Тут зроблена ўсё з любоўю да Беларусі. Вы — сапраўдныя першапраходцы ў нашай справе!” — заўважае старшыня праўлення ГА “Агра- і экатурызм” Валерыя Кліцунова, маючы на ўвазе не толькі Ядвігу Чаславаўну Шырокую, але і яе мужа Генрыха Антонавіча, які здорава дапамагае аднаўляць старую сядзібу.
А вось што напісала прафесар гісторыі Гродзенскага ўніверсітэта Святлана Сяльверстава: “Выдатная атмасфера сядзібы, якая нагадвае аб мінулым, аб ХІІІ стагоддзі. Няхай квітнее “Лябёдка”! Добрых вам гасцей, цёплых размоў ля каміна, прыбыткаў, задавальнення ад вашай работы”.
— Насамрэч прыбыткаў асаб-лівых пакуль няма, — шчыра гаворыць Ядвіга Чаславаўна, — усё ўкладваецца ў развіццё сядзібы. Дом гэты сапраўды вельмі стары, пад стагоддзе яму. Але тым і каштоўны. Хочацца як мага паўней захаваць ягоную аўтэнтычнасць, планіроўку, самабытныя рэчы, інтэр’ер і наогул зрабіць тут этнаграфічны музей. Такой будзе “фішка” маёй сядзібы.
Не хлебам адзіным...
Ядвіга Чаславаўна распрацавала ўласны “зялёны маршрут” па наваколлі, склала зноў жа ілюстраваны каталог тамтэйшых лекавых раслін. А мясцовая краязнаўца Яніна Антонаўна Сяргей дапамагла сабраць і аформіць своеасаблівы даведнік усіх мясцовых славутасцяў. Да прыкладу, ёсць тут недалёка ўнікальны прыродны помнік — 66-тонны камень-валун вышынёй амаль у два метры, а шырынёй — тры. 125 тысяч год таму прысунуў Вялікі ляднік гэты камень са Скандынавіі, а цяпер чаму б не ўзабрацца ды не пасядзець на такой раскошы цікаўнаму турысту?
— А яшчэ Васілішкі — радзіма сусветна вядомага кампазітара і спевака Чэслава Немэна. У нашай сядзібе спыняліся аўтар кнігі пра Чэслава польскі пісьменнік Тадэвуш Склінскі і рэжысёр Яўгеніюш Шпакоўскі, — распавядае пра сваіх знакамітых пастаяльцаў Ядвіга Шырокая. — Палякі прапануюць праводзіць у нас міжнародныя фестывалі памяці Чэслава Немэна. А беларускія скульптары хацелі б на базе “Лябёдкі” арганізаваць пленэр, пакінуўшы потым свае работы ў падарунак Шчучыншчыне.
Насамрэч, вельмі многае ёй яшчэ трэба зрабіць. І не ўсе праблемы вырашаюцца так проста. Але хто сказаў, што мары спраўджваюцца без агромністых намаганняў? Да прыкладу, цяпер Ядвіга Шырокая дабіваецца, каб расчысціць і вярнуць былое паўнаводдзе рачулцы Лябёдцы, што абмялела і зарасла хмызняком з-за некалі праведзенай тут меліярацыі.
— Мы павінны зберагчы нашу ўнікальную прыроду для будучых пакаленняў, выправіць памылкі мінулага, павінны захаваць сваю гісторыю і культурную спадчыну. На тое мы і людзі. Якраз-такі ў гэтым і ёсць галоўная ідэя развіцця аграсядзіб, — пераканана Ядвіга Шырокая, чыё прозвішча цалкам адпавядае яе душы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter