Мы посмотрели, как разводят пчел и собирают мед в деревне Лоск

Там, дзе мёдам намазана

Не сумняваюся, Лоск вас здзівіць. Гарыстая мясцовасць, вышэйшая кропка якой — 22 метра. З непрывычкі ад вышыні закладвае вушы. Зверху адкрываюцца проста цудоўныя віды. Гледзячы ўдалячынь, шкадуеш аб адным: што не ўбачыш тут закат. Пчаляру Юрыю Шчогалеву і яго сям’і пашанцавала больш: яны атрымалі адзін з найпрыгажэйшых участкаў у пасёлку, на вяршыні «айсберга». Больш за 5 гадоў выхаванцы Шчогалевых гудуць у шматлікіх вуллях, ствараючы асаблівую атмасферу. Прынамсі, так сцвярджае Юрый. Гаворыць, энергетычнае поле ў крылатых магутнае.

На адведзеных тэрыторыях жывуць «правільныя» пчолы, іх падаспелых лічынак Юрый і яго сын Іван прышчапляюць ў спецыяльнай рамцы. А затым адпраўляюць жыць у асобныя «домікі» — выхавалкі.


Маткі ў бігудзі

У Юрыя свая сялянска-фермерская гаспадарка. Асноўная спецыялізацыя — маткаводства. На адве­дзеных тэрыторыях жывуць «правільныя» пчолы, іх падаспелых лічынак Юрый і яго сын Іван прышчапляюць ў спецыяльнай рамцы. А затым адпраўляюць жыць у асобныя «домікі» — выхавалкі. Вонкава яны нічым не адрозніваюцца ад звычайных кватэр паласатых. Толькі ўнутры абрамлення ёсць невялікія завіткі, гулі — жыллё лічынак. У такім стане будучыя асобіны праводзяць 5 сутак, затым іх перамяшчаюць у інкубатары. З выгляду прамавугольныя белыя ёмістасці з электронным тэрмометрам. Тут падтрымліваюць +35 градусаў і вільготнасць паветра 66 працэнтаў. Гэта важна, каб паўнавартасныя асобіны жаночага полу «даспелі» і выйшлі са сваіх «коканаў». Праз пяць сутак у інкубатары Юрый раздае матачнікі нуклеусам (невялікім вуллям з плоднай самкай) альбо ставіць на гулі абмежавальнікі — пластмасавыя колбачкі. Каб паласатая моладзь не збегла. Сам пчаляр такія заглушкі называе бігудзі, а асобін, адпаведна, маткамі ў бігудзі.

У Шчогалевых 300 пчаліных кватэр на 4 лакацыях. Іх Юрый доўга выбіраў, важна, каб побач з вуллямі ішло актыўнае цвіценне, не было ветру, трапляла на іх сонечнае святло.



— Цікава, што самка адкладае ўсе яйкі аднолькава. З аплодненых можа з’явіцца як рабочая пчала, так і галоўная, — дзеліцца нюансамі Юрый. — Гэта залежыць ад харчавання.



Вырошчванне матак — цэлая навука. А дасведчаны «паляўнічы» (менавіта так ён называе сябе) на ўсеянай пчоламі рамцы з сотні асобін знойдзе тую самую — галоўную. Кажа, у яе асаблівая хада, знешні выгляд, большы памер. А каб у мітусні з-за вялікай колькасці працы скараціць час на вылоўліванне «верхавода», пазначае галаву патрэбнай пчалы ярка-сінім маркерам. Цяпер не схаваецца!



Каб перадаць самку пакупніку, Юрый носіць з сабой невялікую жоўтую скрыначку. Адкрывае акенца і водзіць па рамцы, набіраючы прыкладна 8 пчол. Натуральна, галоўны пасажыр — матка. У такім выглядзе тавар адпраўляецца да новага ўладальніка.

Правільны мёд

У Шчогалевых 300 пчаліных кватэр на 4 лакацыях. Іх Юрый доўга выбіраў, важна, каб побач з вуллямі ішло актыўнае цвіценне, не было ветру, трапляла на іх сонечнае святло. Мёд сям’я атрымлівае з двух пчальнікоў па 10 вулляў. Збор ласунка, упэўнены пчаляр, можна праводзіць досыць часта, не толькі летам.

— Напрыклад, у красавіку мы ўжо сабралі ўраджай, — успамінае ён. — Шчыра скажу, для мяне гэта было здзіўленнем: адпампаваць мёд з вярбы. Тады прыбаўленне ў вуллі склала 5 кілаграмаў. Але пры моцнай сям’і і адпаведным надвор’і за некалькі дзён атрымаўся цэлы «магазін».

Запоўненыя рамкі Юрый прывозіць у міні-цэх, каб адпампаваць салодкі ласунак і прафільтраваць праз некалькі сітцаў.





Дарэчы, у сваёй працы Юрый выкарыстоўвае «разумны» вулей. З яго дапамогай сочыць за жыццём гнязда: ці няма лішку (максімальная вага — 300 кілаграмаў), які сутачны прыбытак мёду, калі адбываецца актыўнасць сямейства. Выглядае гэта як шалі, якія ўсталёўваюць пад вулей на драўляную падстаўку. У звычайным рэжыме пчаляр атрымлівае адно СМС-паведамленне ў суткі. У ім бачныя дзённая, начная і сутачная змена вагі, а таксама паўгадзінная дынаміка на працягу дня.


Каб у мітусні з-за вялікай колькасці працы скараціць час на вылоўліванне «верхавода», Юрый пазначае галаву патрэбнай пчалы ярка-сінім маркерам.

У вулей Юрый залазіць голымі рукамі. Пры дапамозе стамескі падкалуплівае рамкі — пчолы надзейна запячатваюць воскам сваё багацце. Вымае. Залацістая прыгажосць аказваецца ў нас перад вачыма. Тут жа чую саладкаваты пах мёду. Мммм... Ужо цякуць слінкі.



Запоўненыя рамкі Юрый прывозіць у міні-цэх, каб адпампаваць салодкі ласунак і прафільтраваць праз некалькі сітцаў. Для гэтага ў пчаляра асобная лакацыя. У пакоі дзве прылады — распячатвальшчык (ён зразае воск з сотаў) і мёдазбор (цэнтрыфуга, у якую ставяць вертыкальна адкрытыя рамкі). Іх раўнамерна размяркоўваюць па акружнасці і запускаюць машыну. На дне назапашваецца мёд, які пры дапамозе адкрыцця ніжняга крана прапускаюць праз два сіты і на выхадзе забіраюць гатовы да ўжывання прадукт. Дарэчы, апрыёры ён можа захоўваецца вельмі доўга. Пры ўмове 5—10 градусаў цяпла і герметычнасці. Юрый кажа, што мёд, як добрае віно, з часам становіцца лепш. А каб праверыць якасць ласунка, можна выкарыстоўваць рэфрактометр. На яго шчупальцы кладуць невялікую колькасць прысмак і глядзяць на вынік у «вочка».

Праз пяць сутак у інкубатары Юрый раздае матачнікі нуклеусам (невялікім вуллям з плоднай самкай) альбо ставіць на гулі абмежавальнікі — пластмасавыя колбачкі.

— Па стандарце яшчэ з савецкіх часоў мёд лічыцца добрым, калі вільготнасць (воднасць) не больш за 19—20 працэнтаў, — дзеліцца сакрэтамі Юрый. — Але па вопыту магу сказаць, што лепшы паказчык — 16—17 працэнтаў. Тады прадукт не забродзіць і не расслоіцца.



З гатовым мёдам можна эксперыментаваць. Напрыклад, жонка Юрыя — Таццяна — дадае ў ласунак здробненую мяту або прыправы. Мне здалося гэта ўдалым рашэннем. Выдатная дабаўка да травяной гарбаты. Сагравае халоднымі ветранымі днямі. Іх у Лоску, дарэчы, хапае.

На ўсялякі выпадак Юрый распальвае дымар. Ён абараняе ад пчол.



tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter