Там, дзе грошы, канчаецца усялякае мастацтва

З  аднаго  боку,  пранiкненне  культуры  аднаго  народа  ў  другi  —  з’ява  заканамерная,  якую  трэба  толькi  вiтаць,  з  другога  —  страта  свайго,  самабытнага, i гэта засмучае i прымушае пра многае задумацца

З  аднаго  боку,  пранiкненне  культуры  аднаго  народа  ў  другi    з’ява  заканамерная,  якую  трэба  толькi  вiтаць,  з  другога    страта  свайго,  самабытнага,  не  толькi  не  можа  радаваць, але  нават  засмучае  i  прымушае  задумацца  над  многiм 

А працэс, як сказаў калiсьцi вялiкi дэмагог i разбуральнiк, i сёння не збаўляе абаротаў: актывiзуецца маскультура, страчваюцца свае нацыянальныя каштоўнасцi, дэбiлiзуецца народ. Калi сказаць вобразна, то сапраўдная культура аказваецца на пагосце. А з яго, як вядома, не вяртаюцца. Асаблiва непакоiць усё гэта ў дачыненнi да моладзi, да яе яшчэ неакрэплых мазгоў i незагартаваных душ. 

Каб не быць галаслоўным, звернемся да расiйскага тэлебачання, з якога часта бярэ прыклад i наша, беларускае. I не толькi прыклад: забiраючы з iх эфiру некаторыя перадачы, беларускае тэлебачанне аказвае не лепшую паслугу свайму гледачу, бо калi арыентавацца на заходнiя каштоўнасцi, можна страцiць свае. 

Неабходна помнiць, што амаль усе падкупленыя расiйскiя каналы цынiчна, нахабна, вульгарна i мэтанакiравана дэбiлiзуюць сваiх гледачоў. 

Па прыклады далёка хадзiць не трэба. Паглядзiце i пачытайце, як разрэкламавалi новы фiльм новых рускiх рэжысёраў «Дзённы дазор», якi, па словах яго прадзюсера К.Эрнста, не пра вампiраў, а пра адзiноцтва чалавека ў вялiкiм горадзе. I спасцiгнуць яго можа толькi разумны чалавек. А там i спасцiгаць няма чаго: у фiльме элементарнае няўменне пабудаваць сюжэт, даходлiва расказаць гiсторыю, правесцi адрозненне памiж дабром i злом. Адным словам, замбiраванаму рэкламай тэлегледачу паказваюць мяшанку з больш-менш эфектна знятых клiпаў, акутаных туманам бязглуздзiцы i мiстыкi. 

Мiжволi ўзнiкае пытанне: няўжо ў нас, беларусаў, няма больш важных спраў, апрача прагляду такiх фiльмаў, якiя прыгаданы, i такiх, як «Казанова», «Бандыткi», «Свалата», афiшкамi якiх залеплены ўсе нашы рэкламныя шчыты i тумбы? 

Возьмем некаторыя перадачы нашага канала «Лад». Здавалася б, што на канале з такой беларускай i ласкавай назвай павiнна дэманстравацца як мага больш свайго, айчыннага, бо i менталiтэт наш адпавядае назве. Дык не, трэба швыдкоўская «Культурная рэвалюцыя», а дзякуючы ерафееўскаму «Апокрыфу» ўся руская класiка аказваецца незапатрабаванай. I з якой «душэўнай» пранiкнёнасцю ў адной з перадач руская пiсьменнiца спадарыня Улiцкая расказвала аб тым, што яна паводле трох вялiкiх п’ес вялiкага Антона Паўлавiча Чэхава зварганiла нейкую камедыю, якую выдала за сваю i якая ўжо загадзя была закуплена для паказу адным з нямецкiх цi то тэатраў, цi то тэлеканалаў. У тым жа «Апокрыфе» аднойчы iшла размова пра тое, цi ёсць сёння ў Расii нацыянальны паэт. Кульмiнацыяй перадачы стала абвяшчэнне вялiкiм нацыянальным паэтам госця праграмы Андрэя Вазнясенскага, на што асцярожны паэт толькi хiтранька прамаўчаў. I гэта ў той час, калi ўся сумленная Русь адзначала юбiлей сапраўды нацыянальнага рускага паэта Мiкалая Рубцова, калi зусiм нядаўна пайшоў з жыцця другi буйнейшы рускi паэт сучаснасцi Юрый Кузняцоў! 

Якi непрыкрыты здзек, якое святатацтва, якi цынiзм! Ды што там казаць, калi ў постсавецкiм эфiры «дзяжураць па краiне» тыя, хто яе даўно i добраахвотна прадзяжурыў, рагочуць тыя, хто яе даўно i за немалыя грошы прарагатаў. 

А вазьмiце паскудны, не пабаюся гэтага слова, фiльм бацькi i сына Бязрукавых «Ясенiн», у якiм адзiн з самых светлых i чыстых паэтычных славянскiх генiяў паказаны цёмным i нязначным. Няўжо ў беларускага канала няма больш надзённага, чым апавядаць пра генерала дэ Голя i шызафрэнiка Хармса, пра вялiкiя каханнi берберавых i хадасевiчаў? Калi мы такiмi тэмпамi пойдзем i надалей, то ўжо вельмi хутка перацягнем на свае каналы i якую-небудзь «Сексуальную рэвалюцыю» з прапагандай жывёльных фiзiялагiчных iнстынктаў, узаемаадносiн самцоў i самак. 

Калi чуеш i бачыш такое, нясцерпна хочацца ўсiм сваiм маладым беларусам i беларусачкам крыкнуць: «Любыя i добрыя мае, бяжыце найхутчэй i надалей ад такiх перадач. Глядзiце фiльмы Герасiмава, чытайце аповесцi i раманы Тургенева, беларускую класiку. I любiце па-чалавечы, душэўна, светла i чыста адзiн аднаго. Бойцеся не толькi благiм учынкам, але нават дурным словам абразiць сябе, сваё маладое жыццё!» 

Грошы, грошы i яшчэ раз грошы выходзяць усё больш i больш на першы план. А там, дзе грошы, канчаецца ўсялякае мастацтва. I бацькоў родных можна прадаць. А потым, як новым рускiм, сцвярджаць нават у сваiх публiчных выступленнях, што багацце – ад Бога, даруй мне, Госпадзi! Што нарабаванае ў многiх пакаленняў савецкiх людзей – iхняе, што толькi iм адным купацца ў раскошы, а другiм капацца на сметнiках. Хто i навошта дае дазвол на такiя вось перадачы i выступленнi, на гастролi па ўсёй Беларусi безгалосых, фанабэрыстых, часта да таго ж зрываючых па сваёй вiне канцэрты эстрадных дзiвакоў i дзiў? 

Нават па прыведзеных тут прыкладах можна пераканацца, што сучаснае мастацтва перастала выконваць важнейшую грамадскую функцыю – выхаванне высокiх iдэалаў, грамадзянскай адказнасцi перад сабой i перад усiм добрым i справядлiвым, захаванне чалавечых законаў i агульнапрынятай чалавечай маралi. 

I якое шчасце было даведацца, што, паводле даных сацыялагiчнага апытання, каля 80 працэнтаў нашых братоў рускiх, якiм адведзена тут значнае месца i ад якiх i да нас часам перацякае мутная рака псеўдамастацтва, прагаласавалi за ўвядзенне цэнзуры. Не палохайся, шаноўны чытач, цэнзуры не палiтычнай, а маральнай. Напэўна, варта было б i нашаму заканадаўству стварыць нешта падобнае, каб не ачмуралiся людзi розных узростаў падкупленымi хуткапiсцамi, стваральнiкамi брудных фiльмаў, ваяўнiчай i ў большасцi сваёй бяздарнай папсой. Трэба вярнуць на тэлеэкран вяскоўца, якi нас кормiць, настаўнiка, якi нас вучыць, урача, якi нас лечыць. Мы ж, беларусы, народ самадастатковы, мы ведаем, якую Беларусь мы будуем, на якiх iдэалах стаiм. А iдэалы гэтыя – вера, надзея, любоў, справядлiвасць, заможнасць i роўнасць. I што можа быць вышэй за iх?!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter