На Добрушском фарфоровом заводе обкатывают новую линию цифровой печати

Талерачка з блакiтнай размалёўкай

Пашырэнне асартыменту і рынкаў збыту, рост прадукцыйнасці працы ў чатыры разы — на Добрушскім фарфоравым заводзе абкатваюць новую лінію лічбавага друку

На Добрушскім фарфоравым заводзе актыўна абкатваюць новае абсталяванне. Іспанскую машыну для лічбавага друку набылі больш як за 300 тысяч еўра. Акупіць інвестпраект плануюць за два з паловай гады. Асме­ліцца на такую пакупку прымусіла канкурэнцыя. У Беларусі фарфор робяць толькі на добрушскім заводзе, але сюды вязуць імпартны посуд. А на замежных рынках «лічбавыя» талеркі самыя запатрабаваныя. Такую нішу ў модных посудавых тэндэнцыях страчваць было нельга. І зараз добрушскі посуд з лічбавым друкам набываюць не толькі ў Беларусі, Расіі і Украіне — на днях рыхтуецца эксклюзіўны заказ для нямецкіх пакупнікоў. 

У іспанскай машыны для лічбавага друку вялікія магчымасці.

Малюнкі на талерках робяцца пры высокай тэмпературы, таму посуд без рызыкі можна ставіць у пасудамыечныя машыны і мікрахвалевыя печы — нічога не здарыцца. А гэта адчыняе дзверы ў рэстаранны бізнес. Акрамя таго, машына можа наносіць на талеркі любы ўзор. Для параўнання: дэколлю дэкарыраваць усю паверхню посуду немагчыма. І заказчыку такія вырабы даводзілася чакаць. Зараз дастаткова ўнесці неабходны прынт у сістэму — і па канвееры ўжо ідуць прыгожыя талеркі. За гадзіну на лініі лічбавага друку наносіцца дэкор на 400 фарфоравых вырабаў. Можна зрабіць і ўсяго адну талерку — па індывідуальным заказе. 

Каталог прадукцыі прадпрыемства ўключае пяць тысяч адзінак найменняў. Дзякуючы іспанскаму абсталяванню асартымент будзе пашырацца. Гэта паўплывае і на прыбытак. За мінулы год завод прадаў посуду на дзесяць мільёнаў долараў, сёлета лічба павялічыцца яшчэ на два мільёны. Рост ідзе ў тым ліку і дзякуючы новай тэхналогіі лічбавага друку.

Цяпер можна наносіць на талеркі любы ўзор.

Кацярына Несцер, спецыяліст аддзела збыту, дастае з паліцы самыя цікавыя ўзоры такога посуду:

— Гэта калекцыя «Шэрвуд». Пагля­дзіце, якая тэкстура, — калі правесці рукой, то здаецца, быццам талерка драўляная. 

За змену можна зрабіць да шасці тысяч талерак. А рабочых рук для працэсу трэба ўдвая менш. Атрымліваецца простая арыфметыка: прадукцыйнасць працы дзякуючы лініі лічбавага друку павялічылася ў чатыры разы. 

Для выпуску посуду на заводзе ёсць тры спосабы: фармаванне, ліццё і прасаванне.


За гадзіну на лініі лічбавага друку наносіцца дэкор на 400 фарфоравых вырабаў.

— Вось гэтыя кубкі з назвай, якая змушае падумаць аб падарожжы, — «Экспрэс». Іх робяць метадам фармавання, — расказвае майстар вытворчага ўчастка Сяргей Ляўкоў.

— Бяром масу, разразаем на пластарэзцы, кладзём у форму, потым пры тэмпературы 170 градусаў сушым. Далей кубак ідзе на аправачны станок, там загладжваюцца краі і прыстаўляецца ручка, — дадае майстар.

Дарэчы, за смену адзін чалавек робіць зрэзы для чатырох тысяч такіх ручак.

Потым кубкі адпраў­ляюцца на першы і другі абпалы.

Маецца і ўчастак ізастатычнага прасавання. Посуд тут робяць пад высокім ціскам. Кубкі на такім абсталяванні не зробіш, а талеркі — літаральна любой формы і дыяметра. Максімальны — 30 сантыметраў, гэта для італьянскай пасты. За гадзіну з-пад прэса выходзіць да 400 талерак.



На замежных рынках «лічбавыя» талеркі самыя запатрабаваныя.

— Браку дзякуючы аўтаматызацыі працэсу — міні­мум, а гэта значыць, і сабекошт змяншаецца, — вядзе нас па ўчастку ізастатычнага прасавання начальнік ліцейна-фармовачна-абпальвальнага цэха Ганна Фалалеева.

У наступным годзе тут плануюць набыць яшчэ два прэсы.

Штомесяц завод вырабляе звыш двух мільёнаў адзінак прадукцыі. На экспарт ідзе 80 працэнтаў, найбольш — у Расійскую Федэрацыю. Што тычыцца далёкага замежжа, то гэта Германія, Францыя, Чэхія. Заяўкі прыходзяць нават са Швейцарыі і Фінляндыі. 

Новыя ідэі, якія знахо­дзяць сваіх прыхільнікаў у розных краінах свету, нараджаюцца ў мастацкай лабараторыі. Усё гэта — новыя ўзоры посуду. На паліцах крам іх пакуль не ўбачыш. 

Зараз Добрушскі фарфоравы завод рыхтуецца да Новага года. Куды ні паглядзі — паўсюль тыгры. Фігуркі з задуменнымі вачыма, бакалы з брутальнымі звярынымі выявамі, ёлачныя цацкі і нават аскетычны чорна-белы прынт на талерках і кубках. 

Алена Калеснікава на заводзе працуе 33 гады. Яна — адна з шасці жывапісцаў прадпрыемства і самая вопытная з усіх. Мільёны талерак і кубкаў, якія за гэтыя гады набывалі людзі, захоўваюць цеплыню яе рук. 

— Да Новага года — месяц, таму ў нас горача, трэба распісаць тысячы сувеніраў. У дзень я размалёўваю каля 20 тыграў. На кожнага ідзе паўгадзіны. 

Як бы ні развівалася фарфоравая індустрыя, але распісаны ўручную посуд заўжды будзе цаніцца. Таму аформленыя жывапісцамі сервізы самыя дарагія. Яны — брэнд завода. 

ПАДКАЗКА 

Калі вы прыйшлі ў краму і не ведаеце, ці сапраўдны перад вамі фарфор, пасвяціце на дно талеркі ці кубка фанарыкам тэлефона. Калі прасвечваецца — дакладна фарфор, калі не — кераміка. А яшчэ можна пастукаць па талерцы алоўкам — фарфор зазвініць, як крышталь.

Арына ЯНАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter