Талентам — шырокi шлях

У беларускай вёскі добрыя перспектывы развiцця. Такое меркаванне выказаў намеснiк мiнiстра культуры Рэспублiкi Беларусь Валерый Гедройц на пасяджэннi “круглага стала”, прысвечаным павышэнню ролi сельскiх устаноў культуры ў сацыяльна-культурным жыццi рэгiёнаў.

Сёння беларуская вёска iснуе ў досыць складаных умовах i патрабуе рашучых i прафесiйных дзеянняў, накiраваных на яе адраджэнне. Сельскае насельнiцтва складае толькi 28 працэнтаў ад колькасцi ўсiх жыхароў краiны. Колькасць працаздольнага насельнiцтва на сяле за апошнiя пяць-шэсць гадоў скарацiлася ўдвая i сёння складае крыху больш за 400 тысяч чалавек. У палове сельскiх населеных пунктаў краiны жыве ўсяго ад 5 да 50 чалавек. I дэмаграфiчная сiтуацыя ў вёсцы мае тэндэнцыю да пагаршэння. У вынiку востра стаiць кадравая праблема, вёсцы не хапае маладых спецыялiстаў. Такiя лiчбы i факты прывёў намеснiк мiнiстра Валерый Гедройц. Спробы адрадзiць вёску прымалiся шмат разоў, праграмы, накiраваныя на дасягненне гэтай мэты, не раз адабралiся на самым высокiм узроўнi яшчэ ў час iснавання Савецкага Саюза. Але чаканых вынiкаў яны не давалі. Аднак, падкрэслiў Валерый Гедройц, сёння Дзяржаўная праграма адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады ўжо працуе! I першыя вынiкi даюць упэўненасць у тым, што многiя праблемныя пытаннi вёскi праграма вырашыць i выведзе беларускую вёску на якасна новы ўзровень жыцця. Гэтаму спрыяе шэраг асаблiвасцей дакумента, упэўнены намеснiк мiнiстра. Па-першае, гэта скiраванасць на вырашэнне сацыяльных праблем чалавека, якi жыве i працуе ў вёсцы. Не ўдзяляючы ўвагi ўмовам жыцця працаўнiка, нельга патрабаваць высокiх эканамiчных паказчыкаў, асаблiва ў наш прагматычны час, лiчыць Валерый Гедройц. Эфектыўную рэалізацыю праграмы забяспечыць i жорсткi кантроль за выкананнем яе асноўных паказчыкаў, а таксама эканамiчная абгрунтаванасць. Усе лiчбы праграмы падтрымлiваюцца своечасовым дзяржаўным фiнансаваннем, сказаў намеснiк мiнiстра.
Культурнае жыццё ў сельскай мясцовасцi стаiць не на апошнiм месцы ў дасягненнi мэты адраджэння вёскi, падкрэслiў суразмоўца. Сельскiя жыхары павiнны мець усе магчымасцi для развiцця сваiх талентаў i здольнасцей, для дастойнага культурнага адпачынку. Яны не павiнны быць адарванымi ад дасягненняў сучаснай культуры краiны i свету — навiнак кiно i тэатральных прэм’ер, выстаў i бiблiятэчных фондаў, канцэртаў майстроў класiчнай i сучаснай музыкi.
Адна з галоўных задач, што сёння стаяць перад дзяржавай, — стварэнне ў сельскай мясцовасцi дастатковай колькасцi музычных школ i школ мастацтваў для эстэтычнага развiцця маленькiх жыхароў вёсак, адзначыў намеснiк мiнiстра. За мiнулы год у вёсках Беларусi было адкрыта звыш 70 фiлiялаў i класаў дзiцячых школ мастацтваў. Для сельскiх жыхароў расчынiлi дзверы 6 дамоў рамёстваў. Створана 75 мабiльных устаноў культуры (аўтаклубы, аўтабiблiятэкi, кiна- i вiдэакомплексы на колах), 56 пляцовак фiларманiчнага i канцэртнага абслугоўвання, дзе ўжо адбылося больш за 85 тысяч канцэртаў i спектакляў.
— Патрэба ў такiх установах была настолькi вялiкай, што за мiнулы год мы пераўзышлi свае планы ў некалькi разоў, — падкрэслiў Валерый Гедройц.
Даступнымi для жыхароў аграгарадкоў дзякуючы Iнтэрнету становяцца i скарбы кнiжных фондаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter