Талент не схаваеш!

«Зорка ўзышла над Беларуссю»: конкурс працягваецца

«Зорка ўзышла над Беларуссю»: конкурс працягваецца

Арганiзатары Рэспублiканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” падвялi вынiкi першага адборачнага этапа. Як паведамiў намеснiк мiнiстра культуры Тадэвуш Стружэцкi, новы конкурс, якi стартаваў у лiстападзе мiнулага года, працягваецца i ўжо зараз абяцае стаць самым масавым у краiне аглядам маладых талентаў. Больш за тысячу заявак, у тым лiку ад творчых калектываў, было пададзена на ўдзел у першым этапе конкурсу. Агульная ж колькасць яго ўдзельнiкаў перавысiла 4 тысячы чалавек, прадстаўнiкоў усiх 118 раёнаў рэспублiкi.

— Конкурс не толькi самы маштабны, але i самы дэмакратычны. Паспрабаваць у iм свае творчыя сiлы могуць усе жадаючыя. На роўных спаборнiчаюць аматары i прафесiяналы ва ўзросце ад 16 да 32 гадоў. Наша задача, каб нiводзiн талент не застаўся незаўважаным, — адзначыў намеснiк мiнiстра.

Дарэчы, конкурс будзе спрыяць не толькi выяўленню адораных маладых людзей, але i iх далейшаму развiццю i рэалiзацыi. Пераможцам, акрамя пачэсных адзнак i грашовых узнагарод, абяцаюць iльготы пры паступленнi ў творчыя навучальныя ўстановы краiны.

З 12 лютага конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю” ўступае ў другi этап. На працягу месяца адборачныя туры пройдуць ва ўсiх абласных цэнтрах i ў горадзе Мiнску.        

Нагадаем, спаборнiцтвы праводзяцца па 12 намiнацыях — эстрадныя спевы; народныя спевы; аўтарская песня; размоўны жанр; сучасны танец; жывапiс i графiка; скульптура; дызайн; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; фатаграфiя; сацыяльная рэклама; рэжысура масавых свят, тэатралiзаваных прадстаўленняў i шоу-праграм. Ацэньваць выступленнi канкурсантаў запрошана кампетэнтнае журы прафесiяналаў у кожным з пералiчаных вiдаў мастацтва.

Трэцi, заключны, рэспублiканскi этап конкурсу адбудзецца ў красавiку бягучага года. Фiнальным акордам стане гала-канцэрт пераможцаў, якi мяркуецца правесцi на адной з самых вялiкiх сцэнiчных пляцовак сталiцы.

Знайсцi заяўку ўдзельнiка конкурсу, правiлы яго правядзення, а таксама iншую карысную iнфармацыю можна на сайце http://kimpress.by.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter