Іх амаль не ўбачыш на тэлеэкранах і на вокладках глянцавых часопісаў, але без іх працы немагчыма ўявіць сучасную культуру паводзін

Талент і дабрыня ствараюць цуды

 Штогод у Беларусі праводзяцца некалькі конкурсаў жаночай прыгажосці. На экранах тэлевізараў рэгулярна з’яўляюцца новыя сімпатычныя абліччы. Вуліцамі з прыходам вясны стала небяспечна хадзіць: ад вабнотаў паненак і кабет кругам ідзе галава. Так, прыгажосць ратуе наш свет, і мы, мужчыны, мусім сказаць дзякуй нашым жанчынам за тое, што яны даглядаюць сябе, дбаюць пра свой выгляд, каб цешыць не толькі сябе, але і ўсіх навокал. Аднак, на мой погляд, найцікавейшыя — не тыя, што толькі добра выглядаюць. Найлепшыя — таленавітыя жанчыны, якія могуць пахваліцца не толькі прыроднымі данымі, але і сваімі здольнасцямі, працай. Нездарама ж кажуць, што праца робіць чалавека высакародным. І сёння хачу расказаць вам пра такіх — людзей, жанчын, якія не часта све-цяцца на экранах ТБ і з’яўляюцца на вокладках часопісаў. Але на старонках “Беларусь. Belarus” яны, лічу, годна прадставяць нашу краіну. Бо дзякуючы ім захоўваюцца, развіваюцца і працягваюцца культурныя традыцыі. А без культуры немагчыма ўявіць чалавецтва. Таму ў нейкім сэнсе без гэтых жанчын немагчыма ўявіць сабе Беларусь такою, якая яна ёсць на самай справе. 
Знаёмцеся!

Зоя Каваленка — хірург у кніжнай клініцы

Зоя Каваленка вяртае кнігам жыццё. Фото Артура Прупаса

Няма чалавека, які б не меў патрэбы ў лячэнні — з часам арганізм зношваецца. Кнігі маюць яшчэ больш складаны лёс: на гэты свет яны прыходзяць новенькія, а з цягам часу атрымліваюць траўмы рознай ступені цяжкасці. Добра, калі проста вокладка пацерлася. А калі старонкі размаляваныя? Ці калі парвалася кніга, як і чым яе змацоўваеце? Магу выказаць здагадку: у лепшым выпадку клеем ПВА, у горшым — скотчам. Але гэта нікуды не варта. Так выданне толькі псуецца. Дый глядзіцца неэстэтычна. Усё ж кніга — гэта больш чым крыніца ведаў, гэта яшчэ і твор мастацтва, помнік культуры. На жаль, не так ужо шмат спецыялістаў, здольных вярнуць падранаму зборніку вершаў або зачытанаму тому энцыклапедыі больш-менш прыстойны выгляд. Гэтым мастацтвам валодаюць у Нацыянальнай бібліятэцы. У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў пускаюць не кожнага. Але мне ў свой час пашанцавала пазнаёміцца з яго загадчыцай Зояй Каваленкай. Аддзел нагадвае шпіталь — з лабараторыямі, аперацыйнымі, палатамі. У кніг бяруць аналізы, рэжуць, сшываюць і кладуць на паліцы — каб швы загаіліся. І толькі тады вяртаюць у чытальныя залы. Зоя Каваленка не бачыць канца-краю працы рэстаўратараў: “З 9 мільёнаў асобнікаў фонду Нацыянальнай бібліятэкі амаль кожнае выданне мае патрэбу ў рамонце”. І яна іх рамантуе. Ці не стамляецца? Не, праца ёй даспадобы. Але шкадуе, што ў прафесію не прыходзяць маладыя. Гэта не тое месца, дзе добра зарабляюць. Тут трымае толькі натхненне. І яшчэ абавязак: бо калі не спадарыня Каваленка, то хто верне кнігам здароўе? Таму, беручы ў Нацыянальнай бібліятэцы з паліцы нейкае выданне, майце на ўвазе: яно прайшло праз рукі Зоі Станіславаўны.

Анжаліна Мікульская — чараўніца ў цені экрана

Анжаліна Мікульская на здымачнай пляцоўцы. Фото Віталія Гіля

Сучаснае тэлебачанне імкнецца здзіўляць арыгінальнымі праектамі. Але калі паглядзець эфіры тэлеканалаў суседніх краін, то многія цікавыя шоў — гэта не ўласная прадукцыя, а імпартная. Беларускае ТБ таксама ў апошні час паддалося спакусе жыць на ўсім гатовенькім: купляць праграмы, якія made in за мяжой. Хоць на самай справе крэатыўныя ідэі і разумныя людзі ёсць свае. Адна са стваральніц такіх адметных нацыянальных праектаў — Анжаліна Мікульская, кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў Агульнанацыянальнага тэлебачання. Прасцей кажучы, пра-дзюсар. Яе не відаць на экране, яна жыве і працуе па той бок “чароўнай скрыні”. Яна — адна з галоўных чараўніц, якія ствараюць цуд — новыя шоў для гледачоў. Як нараджаюцца ідэі новых праграм? Спадарыня Мікульская дзеліцца досведам: “У першую чаргу вывучаецца попыт, якія перадачы найбольш актуальныя ў сезоне, — музычныя, псіхалагічныя, забаўляльныя, спартыўныя. Вывучаюцца рэйтынгі. Пасля чаго крэатыўная каманда пачынае “мазгавы штурм”. Зрабіць тэлевізійны праект — справа няпростая: трэба шмат ведаў і вопыту ў сферы ТБ. Таму што важная не толькі прыгожая ідэя, але і тое, як яна ўвасобіцца на экране. У камандзе спецпраектаў АНТ працуюць псіхолагі, каб прадбачыць рэакцыю гледача на той ці іншы інфармацыйны або забаўляльны прадукт”. Калі я трапляю на здымачную пляцоўку АНТ і бачу Мікульскую, то магу даць гарантыю: гэтая праграма будзе сапраўды цікавай. Яна ўмее рабіць нават лёгкія, забаўляльныя шоў змястоўнымі. Застаючыся за кадрам. Глядач так і не здагадаецца, хто ж зрабіў цуд. Такая роля чараўніц — здзіўляць 
і заставацца ў цені.

Людміла Хмяльніцкая — летапісец Марка Шагала

Дырэктар музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая (справа) і Валерыя Гайшун, аўтар калекцыі яўрэйскіх лялек, уключаных у экспазіцыю “У пошуках страчанага”. Фото БелТА

Віцебск у свеце ведаюць як радзіму Марка Шагала, які тут вырас, напісаў найлепшыя палотны. Ён любіў гэты горад. Але толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя мастацтвазнаўца Людміла Хмяльніцкая па архіўных дакументах высветліла, што на вуліцы Пакроўскай захаваўся дом, у якім жыў мастак. З 1998 да 2014-га яна ўзначальвала музей мэтра сусветнага мастацтва. І дагэтуль даследуе творчасць “героя” ўсяго свайго жыцця. Цяпер складае каталог архіўных дакументаў пра Шагала, што зберагаліся ў сховішчах Беларусі і Расіі. А ў дом Шагала на Пакроўскай вуліцы стаяць чэргі экскурсійных аўтобусаў. Дзякуючы адкрыццю Хмяльніцкай. Дом майстра размешчаны за 10 хвілін ходу ад чыгункі і аўтастанцыі. Нават калі маеце ўсяго адну вольную гадзіну да цягніка, вы паспееце наведаць унікальнае мемарыяльнае месца. Калі вам пашанцуе пазнаёміцца са спадарыняй Хмяльніцкай, вы атрымаеце магчымасць зрабіць экскурсію па горадзе з найлепшай яго знаўцай. Колькі дакладна будынкаў, звязаных з Шагалам, захавалася ў Віцебску, ведае толькі яна. І прыветна падказавае: дом мастацкага вучылішча па вуліцы “Правды”, 5а, дзе Марк Захаравіч быў дырэктарам з 1919 года, гарадскога рамеснага вучылішча па вуліцы Леніна, палац губернатара, куды Шагал прыходзіў як камісар па справах мастацтваў. Бываў ён і ў цяперашнім мастацкім музеі — у паслярэвалюцыйныя гады там размяшчаўся Палац працы, праходзілі дыспуты аб мастацтве. А будынак цяперашняга арт-цэнтра на беразе Дзвіны мастак адлюстраваў на адным са сваіх палотнаў. 

Эльвіра Жвікава — уладарка льняной ніткі

Эльвіра Жвікава. Фото Артура Прупаса

Нельга сказаць, што дызайнер Беларускага цэнтра моды Эльвіра Жвікава — беларуская Како Шанэль. Яна не вызначае тэнэнцыі ў тым, як і ў што апранацца. Яна не ўплывае і на асартымент беларускіх прадпрыемстваў. Але многія дзеячы культуры лічаць за гонар апранацца менавіта ў Эльвіры. Яна ведае, якія тканіны і колеры могуць зрабіць вашу вопратку беларускай па форме і сучаснай па змесце: “Неяк мы паказвалі ў Германіі адзенне з ільну. Тэма экалагічнай вопраткі вельмі папулярная ў Еўропе. На Захадзе вельмі насцярожанае стаўленне да дызайнераў з Усходняй Еўропы. Тым не менш за мяжой былі прыемна здзіўлены ўзроўнем нашага дызайну, тэкстылю, якасцю вырабаў. Мы дагэтуль вырабляем жаночую вопратку з лёну, шоўку, воўны. У нас рэчы ў чымсьці пафасныя, а ў нечым, наадварот, рамантычныя. Дарэчы, ведаю паненак, якія працуюць у модных буціках, а купляюць нашу вопратку”. Эльвіра Жвікава — адна з тых, хто захоўвае традыцыі беларускай моды яшчэ з савецкіх часоў. Але пры гэтым яна не кансерватар, а наватар. У час распаўсюджання сусветных брэндаў, якія апанавалі ўсе крамы, цяжка з імі спаборнічаць. Але жанчына з прыгожым, модным імем Эльвіра робіць усё, каб беларускі стыль у адзенні захоўваўся і перадаваўся наступным пакаленням мадэльераў.

Святлана Заскевіч — стваральніца манет

Святлана Заскевіч

У нашых кашальках і кішэнях няма металічных грошай, уся драбяза — папяровая. Але свае “жалезныя” рублі Беларусь усё ж мае. Гэта памятныя манеты Нацыянальнага банка. Чаканяць іх невялікім накладам. А адна з тых, хто іх стварае, — мастачка Святлана Заскевіч. Яна — выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як трапіла ў банк? Фінансісты адзначылі, што яна мысліць арыгінальна, нешаблонна, па-сучаснаму і адначасова спакойна прыслухоўваецца да парадаў. Творча і якасна робіць працу. І стварае цалкам арыгінальны стыль манет. Мабыць, таму нашы жалезныя рублі — адны з найбольш папулярных у калекцыянераў. Але ў твар дызайнера ведаюць нямногія. Міне час, і толькі архіўныя дакументы пацвердзяць, што тая або ншая манета — справа Святланіных рук. Мастачка нараджае ідэі будучых кампазіцый у сваіх фантазіях, малюе экскізы на паперы, а цяпер найчасцей на камп’ютары. Затым формы будучых грошай лепяцца з пластыліну, адліваюцца ў гіпсе або воску. І, нарэшце, выява пераносіцца на так званы эталонны інструмент. З яго малюнак штампуецца на манетным двары. Заскевіч стварыла некалькі манет з выявамі першых беларускіх князёў. А для вырабу манеты, прысвечанай Еўфрасінні Полацкай, пайшла… у манастыр. Нейкі час давялося пажыць сярод паслушніц, каб перадаць у метале вобраз святой. Сапраўдны мастак гатовы на ўсё дзеля стварэння шэдэўра. І за гэта Заскевіч вартая асаблівай павагі.

Вольга Хіжынкова — міс літасць

Вольга Хіжынкова

У 2008 годзе дзяўчына з Віцебска Вольга Хіжынкова стала пераможцай конкурсу “Міс Беларусь”. Найпрыгажэйшая дзяўчына краіны — гэты тытул яна заваявала справядліва. Але ў адрозненне ад многіх іншых пераможцаў гэтага спаборніцтва не з’ехала за мяжу, а засталася на Радзіме. Выйшла замуж не за багатага іншаземца, а за тутэйшага хлопца. І прысвяціла сваё жыццё не збіранню гардэроба з рэчамі модных брэндаў, а клопату пра бяздомных катоў і сабак. Гэта — адзін з заняткаў Вольгі, пра які ведаюць нямногія. А для мяне гэткая неспадзяваная іпастась красуні адкрылася, калі Хіжынкова размясціла ў інтэрнэце аб’яву пра пошук гаспадара для знойдзенага ля пад’езда коціка. На наступны дзень сама Міс Беларусь прывезла жывёліну да мяне дахаты! Вольга дагэтуль дапамагае бяздомным жывёлінам: публікуе аб’явы, заклікае не быць абыякавымі да братоў на-шых меншых: “Доўгі час маё жаданне дапамагчы абмяжоўвалася толькі жалем. Але як толькі ў мяне з’явілася кватэра, я стала праяўляць сваю неабыякавасць на справе. Мне нават складана падлічыць, колькі бяздомных братоў нашых меншых пабывала ў мяне: больш за паўсотні ўжо дакладна. Муж мяне ў гэтай справе падтрымлівае. Па-іншаму і быць не можа: я не звязала б сваё жыццё з чалавекам, які не падзяляе маю любоў да жывёл”. Так, прыгажосць ратуе свет. Але яшчэ і дабрыня. Вольга — адна з тых, хто робіць гэты свет прыгажэйшым і дабрэйшым. Проста так — ад душы. 

Дарэна Ігнаценка — голас новага пакалення

Дарэна Ігнаценка. Фото Аляксандра Ружачкі

Кажуць, імя чалавека прадвызначае яго лёс. Пацвярджэнне гэтай тэорыі я знайшоў у асобе Дарэны Ігнаценкі, мінчанкі, якая стала наймаладзейшай удзельніцай тэлепраекта “Акадэмія талентаў”. Дарэчы, наш фотакарэспандэнт і сфатаграфаваў Дарэну для вокладкі. Ёй толькі ў пачатку студзеня споўнілася 16 год — і вось, дасягнуўшы паўналецця, яна рашылася паглыбіцца ў вір дарослага жыцця: з дапамогай вядомых прадзюсараў імкнецца пракласці сабе шлях на вялікую сцэну. А між іншым, Дарэна толькі пачала вучыцца на эстрадным аддзяленні ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Здавалася б, мо трэба трохі пачакаць з эстрадай? Але не. Імя абавязвае не стаяць на месцы, бо ў перакладзе значыць: падораная Богам. А мо і праўда дзяўчына адзначана асаблівым знакам? Усё ж незвычайна, што ў 4 гады яна пачала спяваць, а ў 5 год бацькі аддалі яе ў вакальную студыю? Талент, не інакш! І што яшчэ істотна для гэтай мэтанакіраванай паненкі: сапраўдны артыст мусіць не толькі выдатна валодаць сваім голасам, але і паказаць на сцэне шоў. А Дарэна ўмее добра танцаваць: займалася і стрыт-дэнсам, і фігурным катаннем. Мо ў шматлікіх лядовых палацах краіны праз некалькі год мы ўбачым яе феерычныя шоў? Гэта будзе сапраўдны прарыў у мастацкай культуры краіны. Засталося чакаць, мяркую, нядоўга. Спадзяюся: яна даможацца свайго і неўзабаве здзівіць нас сваімі яркімі канцэртнымі праграмамі.

Штогод на пачатку вясны і ў Беларусі, і ў іншых краінах свету мы адзначаем 8 Сакавіка — Міжнародны жаночы дзень. Цудоўнае свята, каб яшчэ раз нагадаць пра тое, як мы любім сваіх маці, сясцёр, дачок, сябровак, жонак. І, думаю, са мной згодзіцца кожны сапраўдны мужчына: мы мусім шанаваць не толькі красу, але і таленты нашых дзяўчат, кабет. Шмат што ў жыцці ім даецца цяжэй, чым “моцнай палове”. Але, бясспрэчна, у выніку атрымліваюцца творы, якія не могуць выклікаць захаплення і нярэдка застаюцца шэдэўрамі на вякі.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter