Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На вечарыне ў Мінску можна было пазнаёміцца з творчасцю паэта Фёдара Баравога і цяперашняга масквіча-журналіста, пісьменніка з беларускімі родавымі каранямі Валерыя Калінічэнкі

Таленавітыя землякі злучаюць гарады

У мінскай Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі) ладзяцца рознафарматныя імпэзы. Сярод іх нямала й такіх, што спрыяюць міжнародным творчым кантактам. Летась напрыканцы года, напрыклад, праходзіла творчая вечарына даўніх сяброў — Фёдара Баравога і Валерыя Калінічэнкі. Адзін жыве ў Мінску, а другі — у Маскве.

Паэт Фёдар Баравы на прэзентацыі

Што гэта за творцы? Фёдар Баравы вядомы больш як паэт-песеннік. А летась увосень у нашай галерэі пры падтрымцы Міністэрства культуры ладзілася выстава фотаздымкаў “Спадчына і прырода” з нагоды правядзення Дзён Еўрапейскай спадчыны. І быў у нас такі сінтэз мастацтваў, бо кожны фотаздымак суправаджалі вершы, у тым ліку й Фёдара Баравога. З навін мінулага года ў інтэрнэце вядома, што Фёдар Баравы піша кнігу пра народнага мастака Беларусі Івана Міско. Ён жа прысвяціў скульптару паэму “Душа творца”, у якой ёсць такія радкі: “И жизнь напрасно не уходит, пока болит душа творца!”. Вось на творчай вечарыне ў Галереі мы і знаёміліся бліжэй з творчасцю Фёдара Баравога.

Валеры Калінічэнка.
Да вечарыны Фёдар Іванавіч далучыў і сябра-беларуса Валерыя Калінічэнку. Ён жыве ў Маскве, цяпер — галоўны рэдактар міжнароднага часопіса “Безопасность: наука и технологии”. А родавыя карані Валерыя Іванавіча — на Гомельшчыне, з вёскі Уборкі Буда-Кашалёўскага раёна. Ён закончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, потым — Беларускі дзяржуніверсітэт (аддзяленне журналістыкі філфака). Адслужыў у войску. Знаходзім у інтэрнэце, што ягоны журналісцкі шлях пачынаўся ў Буда-Кашалёўскай райгазеце “Авангард”, працаваў ён там 20 гадоў, і 10 з іх узначальваў калектыў. А ў 1990-м з сям’ёй пераехаў жыць у падмаскоўную Шатуру. І там пачаў працаваць у райгазеце, з часам стаў яе галоўным рэдактарам. Ужо ў Шатуры закончыў і выдаў раман “Осужденные на счастье”, аповесць “Тайное голосование”, над якімі пачаў працаваць у Беларусі. Пісьменнік — Ганаровы грамадзянін роднага раёна, ён — член Саюза пісьменнікаў Расіі, заслужаны работнік культуры Расіі. З 2000 года жыве ў Маскве.

Амаль штодзень, расказваў на вечарыне Валеры Калінічэнка, звяртаецца ён да мастацкага слова, шмат піша пра Беларусь і беларусаў. У Маскве пабачыў свет шэраг кніг аўтара, напісаных на беларускай мове. Адна з іх, “Баравое ляда”, — пра барацьбу нашых продкаў за шчасце i незалежнасць, выйшла да 70-годдзя Вялікай Перамогі. А ў кнізе вершаў “Зорны дазор” (2008) люструецца філасофія жыцця аўтара, гэта і даніна павагі Бацькаўшчыне, апяванне хараства свету. І ўсё — у дзівосных беларускіх словах, з любоўю, шчырасцю, пяшчотай... У кнізе “Гасцінец” (2013) паэт пераасэнсоўвае рэчаіснасць, аглядаючы яе скрозь чароўную прызму нацыянальнай спадчыны, духоўных каштоўнасцяў асобы. А яшчэ былі, таксама па-беларуску напісаныя, кнігі “На залатым ганку” (2010), “Роднасць” (2012) ды іншыя.

Пад час творчай сустрэчы ў галерэі прайшла прэзентацыя новай кнігі аўтара “Защита для... брони”: гэта цікавы аповед пра жыццёвы шлях выдатнага вучонага ў ваеннай галіне, аднаго са стваральнікаў брані танка Т-72, лаўрэата Дзяржпрэміі СССР Дзмітрыя Рататаева. Кніга выдадзена пры падтрымцы Фонду садзеяння навукова-тэхнічнаму прагрэсу “Международное содружество Бауманцев”.

Творчую вечарыну сяброў-пісьменнікаў таксама ўзбагацілі выступленні людзей, якія іх добра ведаюць. Яны дзяліліся цікавымі фактамі з гісторыі супрацы (што заслугоўвае асобнай кнігі!), узгадалі першыя крокі станаўлення Фёдара Баравога і Валерыя Калінічэнкі — цяпер ужо вядомых асоб, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў. Сярод сяброў і калегаў, што прыйшлі на вечарыну, былі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхаіл Пазнякоў, народны мастак Беларусі, скульптар Іван Міско, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Прэміі імя Янкі Маўра Мікола Чарняўскі, начальнік аддзялення прафарыентацыйнай работы Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Валерый Страмбурскі ды іншыя.

Песні на вершы Фёдара Баравога і Валерыя Калінічэнкі выканалі лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алег Сямёнаў, пераможца міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Кацярына Шумская, салісты ансамбля “Гуляй, казак!”. Артысты шоу-тэатра “Хвілінка” выканалі гімн Саюзнай дзяржавы.

Імпрэза прайшла ў плыні новай Культурна-асветніцкай праграмы “Беларускія таленты ў свеце”, заснаванай рэдакцыямі газеты “Голас Радзімы”, часопіса “Беларусь. Belarus” і Мастацкай галерэяй “Універсітэт культуры” Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў.

Павел Сапоцька, дырэктар Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”

Фота: Юрый ІВАНОЎ

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter