Шумилинский район одним из первых в Витебской области начал заготовку кормов

Талакой работа ідзе спарней

Шумілінскі раён адным з першых у Віцебскай вобласці прыступіў да нарыхтоўкі кармоў. Шырока работы разгарнуліся ва УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» — бабова-злакавая сумесь тут дасягнула патрэбнага росту, ды і канюшына падаспела. Відовішча уражвае: на полі аж пяць трактароў з касілкамі. Так працуе аб'яднаны кормаатрад з розных гаспадарак раёна, у якім сабраны лепшыя механізатары.

Андрэй Мацюшчанка з маладымі механізатарамі Мікітам Казловым і Аляксандрам Савянком.

Самы малады з іх — Мікіта Казлоў, які працуе ў гаспадарцы другі год і ўжо добра заявіў аб сабе. На дапамогу у КУСГП «Сіроцінскі» прыехалі Уладзімір Салаўёў і Анатоль Барадзёнак. Разам з імі працуе і Аляксандр Савянок, работнік транспартнага цэха УП ЖКГ. 

— Я першы раз на нарыхтоўцы кармоў, — расказаў Аляксандр. — Работа цікавая. Новыя знаёмствы і зносіны заўсёды на карысць. У камунгасе займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а тут корманарыхтоўкай — абедзве работы важныя.

Да гэтай дружнай каманды далучыліся Віктар Пятроў з КУСГП «Мішневічы», Іван Мялешка і Дзмітрый Рабчаеў з ААТ «Ляжні». На суседніх палетках на КВК працуюць Аляксей Лявонаў з райаграсэрвісу і Аляксандр Новік з КУСГП «Мішневічы». Ну а на адвозцы таксама памочнікі з іншых гаспадарак. Адным словам, талака важкая. І работа ідзе спарней — у дзень нашага прыезду на палеткі скасілі 65 гектараў травы, заклалі больш за 200 тон сянажнай масы. 

— Аб'яднаны кормаатрад апраўдвае сябе, — кажа дырэктар УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Андрэй Мацюшчанка, з якім сустракаемся на палетках, для яго гэта першая касавіца ў якасці кіраўніка. — Па-першае, захоўваюцца аптымальныя тэрміны касьбы, калі травы багатыя на вітаміны і мікраэлементы. Па-другое, сянажная траншэя закладваецца за чатыры дні, як і патрабуе тэхналогія. Да таго ж, у кормаатрад аб'яднаны лепшыя механізатары раёна. Яны працавітыя, дружныя, дзеляцца вопытам, дапамагаюць адзін аднаму падчас рамонту. На раніцу 27 чэрвеня ў Шумілінскім раёне скошана траў першага ўкосу 5610 гектараў, што складае 59,1 працэнта ад плана.

КАМЕНТАРЫЙ

Раман Прасветаў, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Шумілінскага райвыканкама:

— Работа наперадзе чакаецца сур'ёзная: аграрыям раёна трэба скасіць 9,5 тысячы гектараў першым укосам, нарыхтаваць 62,5 тысячы тон сенажу і 3800 тон сена. На корманарыхтоўцы задзейнічаны больш за 200 механізатараў. Агульная для ўсіх задача — арганізаваць работу на высокім узроўні і без збояў, бо кармы — гэта аснова дабрабыту гаспадарак. Будуць яны — будуць малако і мяса. А значыць, і грошы. Мы працуем у адным раёне, на адзін вынік, таму работнікі сельгаспрадпрыемстваў дапамагаюць адзін аднаму тэхнікай, запчасткамі, слушнымі парадамі. 

Ларыса ЗАЙЦАВА — спецыяльна для «СГ».

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter