Такой Кармэн яшчэ не бачылі

Польская версія шэдэўра Бізэ ўшчэнт разбівае ўяўленне аб класічнай оперы

У Аксаны ВОЛКАВАЙ вобраз Кармэн — адзін з самых любімых
Польскі рэжысёр Беата Рэдо-Дабэр і артысты Падляскай оперы і філармоніі — Еўрапейскага цэнтра мастацтваў у Беластоку — 18 снежня прадставяць на сцэне Вялікага тэатра сваё бачанне шэдэўра Жоржа Бізэ «Кармэн».

Вось ужо больш за 140 гадоў геніяльная опера не пакідае абыякавымі гледачоў ва ўсім свеце. У дні VIII Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, які пачынаецца сёння, меламаны змогуць убачыць яшчэ адну версію гэтага знакамітага твора. Ім будзе на што паглядзець — такой «Кармэн» яшчэ не бачылі.

Традыцыйныя іспанскія сукенкі і грубыя працоўныя робы, яркія шалікі на фоне крывава-чырвонай сцэны і ваенны джып, каля якога сумуюць салдаты ў штанах колеру хакі і чорных майках... Пастаноўка ўшчэнт разбівае ўяўленне аб класічнай оперы, тэатральныя крытыкі кажуць пра яе як пра сучасную, арыгінальную і неадназначную.

Дырэктар Падляскай оперы Дамян Танаеўскі:

— У нашым спектаклі глядач убачыць сучасныя рэаліі паўсядзённага жыцця. Але з другога боку, «Кармэн» — гэта музычны шэдэўр, і мы засталіся вернымі прынцыпам геніяльнага кампазітара. Наша пастаноўка — гэта гісторыя гарачага пачуцця і пошуку сапраўднага кахання. Спадзяюся, яна падорыць публіцы непадробныя моцныя і незабыўныя пачуцці і эмоцыі.

У спектаклі задзейнічаны салісты, якія заваявалі сваім вакальным талентам не адну сцэну свету. Пра польскага лірычнага тэнара Рафаля Бартміньскага (Хазэ) нязменна кажуць як пра высакароднага артыста з цудоўным голасам. Пра брутальнага (якім і павінен быць Эскамільё) Дарыюша Махея крытыкі таксама заўсёды выказваюцца выключна з захапленнем. Не шкадуюць яны слоў і для Катажыны Трыльнік, адзначаючы яе віртуознае майстэрства і прыгожае яркае сапрана, у Мінску спявачка выканае ролю Мікаэлы.

А ў вобразе Кармэн — наша зорка, прыма Вялікага тэатра Аксана Волкава, заслужаная артыстка краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, спявачка, чыё мецца-сапрана гучыць сёння на самых прэстыжных сцэнах свету. Дарэчы, менавіта за партыю Кармэн Аксана стала ўладальніцай IV Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Лепшая жаночая роля ў спектаклі оперы». Спявачка называе гэты вобраз адным з самых любімых і падлічыла, што ў спектаклі Падляскай оперы ў яго яна пераўвасобіцца ўжо 16-ы раз, але, кажа, роля Кармэн дазваляе кожны раз прыўносіць у яе нешта новае.

svirko@sb.by


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...