Такога нашэсця тут яшчэ не бачылi

У вёсцы Гусевіцы насякомым аб’яўлены апошні і рашучы бой

У мінулым нумары мы пісалі, што вёску Гусевіцы Буда-Кашалёўскага раёна ўжо некалькі дзён атакуюць вусені. У пятніцу насякомым аб’явілі апошні і рашучы бой. З шасці раніцы сад мясцовага камунальнага прадпрыемства — «штаб-кватэру» рудых і махнатых — пачалі апырскваць хімікатамі.

— Будзем тут да ночы, але апрацуем усё, тым больш што плошча пасадкі не самая вялікая — прыблізна 40 гектараў. Спрыяе нам і надвор’е: дажджу сёння не прагназуецца, — расказваюць у гаспадарцы. — Атрута дзейнічае праз хвіліну-дзве, таму ўжо заўтра жывых «паразітаў» застацца не павінна.

Вельмі спадзяюцца на такі расклад і сяляне. Асабліва гэта датычыцца жыхароў бліжэйшай да саду вуліцы — Садовай.

— Вусені ў нас паўсюль: на дрэвах, дахах, платах. Часцяком яны збіраюцца ў кучы, во дзе страх Божы, — гаворыць Ірына Азема. — Сёння на некалькі хвілін спынілася на вуліцы, гляджу: яны ўжо па мне паўзуць. Цяпер, калі вяртаемся дадому, аглядаем сябе: раптам прынеслі каго-небудзь за пазухай.

Супрацьстаяць навале, сцвярджаюць людзі, немагчыма. Нават на апрацаваныя двойчы падворкі ўжо назаўтра зноў сотні вусеняў напаўзаюць з саду. Аб’ядаюць вішні, слівы, у суседзяў — яблыні. Тяжка ўявіць, што будзе, калі яны ператворацца ў матылёў: паядуць жа ўсю капусту.

Па словах мясцовых жыхароў, такога нашэсця яны яшчэ не бачылі. Здзіўлены і спецыялісты Буда-Кашалёўскай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін.

— Такая колькасць вусеняў тлумачыцца тым, што іх папярэднікі ў мінулым годзе адклалі шмат яек, — тлумачаць у інспекцыі. — Паспрыяла росту «дзетак» і добрае надвор’е, а таксама тое, што сад мясцовай гаспадаркі збіраліся выкарчаваць і не апрацоўвалі хімікатамі.

Дарэчы, калі вусені «наступілі», выявілася і яшчэ адна праблема — у гаспадарцы не аказалася апрысквальніка. Шукалі па ўсім раёне. У сераду пытанне вырашылі: неабходны агрэгат, праўда, у нерабочым стане, знайшоўся ў адным з прадпрыемстваў горада. У той жа дзень яго адрамантавалі і перадалі гаспадарцы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter