Такога Агінскага вы не ведалі, або Таямніцы жыцця музыканта-аматара

Святлана Немагай можа гаварыць пра Міхала Агінскага гадзінамі і слухаць яго музыку без перапынку. Яна гатова адправіцца ў іншую краіну, каб знайсці яшчэ невядомыя факты з яго біяграфіі. Яна стала першым чалавекам на Беларусі, які комплексна прааналізаваў музычную дзейнасць і творчую спадчыну гэтага вядомага палітыка, кампазітара, музыканта. Яна “выправіла” ў свет сваю кнігу “Жыццё і творчасць Міхала Клеафаса Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя”. І менавіта яна за сваю плённую працу атрымала ў гэтым годзе прэмію Нацыянальнай акадэміі навук. Сёння Святлана Мікалаеўна пазнаёміць чытачоў “Народнай газеты” з некаторымі цікавымі фактамі з жыцця нашага знакамітага земляка. Папярэджваем: такога Агінскага вы яшчэ не ведалі.

І швец, і на дудзе ігрэц
— Імя Агінскага ў грамадстве звычайна асацыіруецца з паланэзам “Развітанне з Радзімай”, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Гэта своеасаблівы, як цяпер модна гаварыць, брэнд Міхала Клеафаса. Але апрача гэтага твора ў яго шмат іншых. Ён стварыў 24 паланэзы, 17 рамансаў, мазуркі, маршы, вальсы, оперу... Аднак пры гэтым не любіў, калі яго называлі прафесійным музыкантам. “Я аматар — і толькі...” — гаварыў ён. Але цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць: у Агінскім збегліся шматлікія таленты. Ён быў і пісьменнікам, і палітыкам, і грамадскім дзеячам, і мастаком, і магнатам... Толькі ўявіце сабе: Міхал Агінскі ў свой час быў адным з самых буйных землеўладальнікаў Беларусі. Але пасля ўдзелу ў паўстанні Касцюшкі ўсе яго маёнткі былі канфіскаваны. Практычна атрымалася так, што чалавек, які валодаў 1/10 сённяшняй Беларусі, застаўся амаль ні з чым. Цікавая дэталь: Міхалу дастаткова было напісаць ліст, у якім ён прысягнуў бы на вернасць Кацярыне ІІ, і тады ўсе маёнткі былі б яму вернуты. Але ён гэтага не зрабіў. Так пачаўся васьмігадовы перыяд яго эміграцыі. Кампазітар пабываў у Італіі, Германіі, Францыі, быў тайным пасланнікам у Турцыі. У Гамбургу ён нават музыцырываў з заснавальнікам парыжскай скрыпічнай школы Джаванні Батыста Віёці.
Але што ў гэты час адбывалася ў Рэчы Паспалітай? Грамадскасць раптам заўважыла, што іх любімы кампазітар перастаў з’яўляцца ў салонах, выходзіць у свет...
— Для такога свецкага льва, якім лічылі Агінскага, такія паводзіны былі не характэрныя, — смяецца Святлана Немагай. — Так нарадзіўся слых: Міхал Агінскі памёр. “Сарафаннае радыё” разнесла сумную звестку з хуткасцю ветру. Неўзабаве выдаўцы твораў Агінскага вырашылі: сенсацыйную навіну можна выкарыстаць як своеасаблівы піяр-ход (так-так, аказваецца, не толькі нашы прадзюсеры пускаюць дзеля рэкламы ў ход выдуманыя гісторыі. — Аўт.). На выданнях паланэзаў яны размясцілі малюнак, дзе каханая Клеафаса танцуе з яго сапернікам, а ён у гэты час стаіць на беразе рэчкі і трымае пісталет ля скроні.
Аднойчы Агінскі ў кнігарні Дрэздэна сустрэў дзяўчыну, з якой яны разгаварыліся. Паненка слёзна пачала распавядаць Міхалу, што загінуў цудоўны музыкант Агінскі, творы якога яна так любіла... Як жа здзівілася дзяўчына, калі незнаёмы чалавек сказаў ёй, што хопіць ліць слезы, Агінскі жывы, больш таго, ён — перад ёю.
Пікантная гісторыя мінулых гадоў
За ўсё жыццё ў Агінскага былі дзве жонкі. Першы шлюб аказаўся не надта ўдалым. З другой жонкай, Марыяй Неры, Міхал Клеафас пражыў дваццаць гадоў. Але скончыў жыццё ў адзіноце. З Марыяй звязана цікавая гісторыя. Даволі пікантная для таго часу. Справа ў тым, што на руку гэтай прыгажуні прэтэндавалі два чалавекі — Агінскі і генерал расійскай арміі Лявонцій Бенігсен.
Марыя не вызначалася сарамлівасцю і прыстойнасцю. І Агінскаму, і Бенігсену маладая ўдава дала ключы ад сваіх пакояў. Толькі аднаму сказала прыходзіць у адны дні тыдня, другому — у другія. Пра гэта мужчыны, безумоўна, не ведалі. Аднойчы Бенігсен рашуча накіраваўся да свёй каханай — ён хацеў прапанаваць ёй руку і сэрца. Амаль ля самых пакояў Марыі ён раптам успомніў: сёння для яго не дзень “прыёмаў”, але ўсё роўна зайшоў у пакой. Лявонцій Бенігсен убачыў: разам з Марыяй быў Агінскі. Такім чынам Міхал Клеафас Агінскі перамог.
Разам з Марыяй Неры музыкант жыў у маёнтку Залессе, што ў Смаргонскім раёне. У той час Залессе было сапраўдным культурным цэнтрам Беларусі. Сюды з’язджаліся людзі навукі, музыканты, пісьменнікі, палітыкі... Часам яны прыязджалі на тыдзень-другі і бавілі час у так званай сядзібнай гасцёўні. Яны ладзілі балі, абмяркоўвалі навіны, музыцыравалі... Яркай з’явай лічыўся квартэт, створаны Агінскім, дзе ён выконваў ролю першай скрыпкі.
Дарэчы, мала вядома, што Міхал Агінскі быў адным з кіраўнікоў віленскага таварыства дабрачыннасці — арганізацыі, якая займалася дапамогай бедным, пабудовай школ і шпіталяў. Часам ён браў удзел у дабрачынных канцэртах. Так што сённяшнія “добрыя” канцэрты — з’ява далёка не сучасная.

Пяць цікавых фактаў з жыцця Агінскага:

* У сваёй оперы “Зеліс і Валькур” Міхал Агінскі вывеў на сцэну дзвюх асоб — Напалеона і Юзафа Сулкоўскага. Для ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў зрабіць дзеючымі асобамі яшчэ жывых людзей было з’явай унікальнай.
* Пры жыцці музыканта больш папулярным быў “Паланэз смерці” фа мажор, а не “Развітанне з Радзімай” ля мінор.
* Агінскі — аўтар дзвюх музычных прац — “Лісты пра музыку” і “Назіранні над музыкай”. Апрача гэтага ён цудоўны мастак, маляваў у класічным стылі.
* Агінскі першым стварыў паланэзы для слухання, а не для танцаў. Пазней яго справу працягнуў Шапэн.
* Музыка кампазітара мае ачышчальнае ўздзеянне на чалавека.

Прэзентацыя кнігі Святланы Немагай “Жыццё і творчасць Міхала Клеафаса Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя” адбудзецца 30 студзеня  ў 16 гадзін у Дзяржаўным музеі  тэатральнай і музычнай культуры Рэспублкікі Беларусь (вул. Музычны завулак, 5).
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter