У Менску пачаўся паказ XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»

Такое рознае кіно

Дэвіз сёлетняга XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — «Такое рознае кіно!»
Праводзіць «Лістапад» кожны раз з новым дэвізам апошнія гады стала добрай традыцыяй. Так, летась фестываль разам з гледачамі шукаў «ісціну ў кіно», у 2012-м прызнаваўся: «Мы любім кіно», а годам раней заклікаў глядзець кіно «з шырока адкрытымі вачыма». 

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Дэвіз сёлетняга XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — «Такое рознае кіно!». Выбар слогана невыпадковы. Форум робіць акцэнт на разнастайнасць. Яна ў тым, гаворыць дырэктар праграмы ігравога кіно Ігар Сукманаў, што і конкурсныя, і пазаконкурсныя паказы ахопяць інтарэсы шырокай аўдыторыі. Фестываль хоча пазбавіцца стэрэатыпа, быццам ён працуе толькі на вузкае кола знаўцаў. Таму будуць прадстаўлены карціны і глядацкія, і інтэлектуальныя, жанравыя і аўтарскія. Але ўсе яны — дасягненні сусветнага кінематографа, стужкі з высокім фестывальным рэйтынгам. Атрыманая «Лістападам» акрэдытацыя Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў дазваляе яму сабраць на свой экран сапраўды адмысловую калекцыю.

Увага ў праграме асноўнага конкурсу ігравога кіно скіравана на фільмы Расіі, Грузіі і Эстоніі з тым, каб паказаць некалькі постсавецкіх кінематаграфій, якія зараз знаходзяцца на ўздыме. Гэтыя краіны прадставяць па дзве карціны. 

Ад Расіі ў конкурсе – «Кіно пра Аляксеева» Міхаіла Сягала і «Дурак» Юрыя Быкава. Прэм’еры абедзвюх адбыліся на сёлетнім «Кінатаўры», абедзве атрымалі пасля таго ўдалае фестывальнае жыццё. Але яны – бы два полюсы расійскага кіно: настальгічна-іранічны погляд Сягала і плакатны падыход да рэчаіснасці Быкава. У гэтым таксама паказ разнастайнасці.

Эстонскі акцэнт праграме надаюць фільмы «Free range. Балада пра адабрэнне свету» вельмі моднага сёння рэжысёра Вейка Ыунпуу і «Вішнёвы тытунь» Катрын і Андрэаса Маймік. Таксама два кантрасты – невыносная лёгкасць хіпстарскага быцця і тонкая гісторыя пра жыццё правінцыі.

Прыкметны эстонскі след і ў карціне «Я не вярнуся» рэжысёра Ільмара Раага сумеснай вытворчасці Расіі, Эстоніі, Беларусі, Казахстана і Фінляндыі, якая стала сёлета фільмам адкрыцця фестывалю. 

Класічныя традыцыі грузінскага трагікамічнага кінематографа працягвае фільм Левана Кагуашвілі «Сляпыя спатканні». У конкурсе таксама карціна Георгія Авашвілі «Кукурузны востраў», уладальніца галоўнай узнагароды фестывалю ў Карлавых Варах, Грузія выстаўляе яе на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы замежны фільм».

Яшчэ адна цікавая работа, якая заваявала кінасвет, – трыумфатар Канскага кінафестывалю фільм украінскага рэжысёра Міраслава Слабашпіцкага «Племя». Ён створаны без адзінага слова. Дзве гадзіны дзеяння разгортваюцца ў камуне глуханямых. Фільм жорсткі, нават радыкальны, але гэта сапраўдны трыумф мовы кіно, калі для ўспрыняцця твора дастаткова толькі выявы на экране. Цікава, што галоўную ролю выконвае наша суайчынніца Яна Новікава з Гомеля.

За прызы ў асноўным конкурсе ігравога кіно паспрачаюцца таксама фільмы з Сербіі, Харватыі, Казахстана і Кітая. 

Не менш цікавай абяцаюць і праграму конкурсу ігравога кіно «Маладосць на маршы». Яна складаецца з фільмаў не проста аўтараў-пачаткоўцаў, а тых рэжысёраў, каму, нягле-дзячы на малады ўзрост, ужо гарантавана месца ў эліце сусветнага кінематографа. Сярод удзель-нікаў конкурсу, напрыклад, карціна «Цуды» 31-гадовага італьянскага рэжысёра Алічэ Рорвахер, якая атрымала сёлета Гран-пры Канскага фестывалю. Гэта яе другая па ліку работа, адметная яшчэ і тым, што галоўную ролю ў фільме маладога аўтара выканала зорка італьянскага кіно непараўнальная Моніка Белучы.

Зрэшты, сюрпрызаў для кінагурманаў на экране «Лістапада» будзе нямала. Ёсць нават фільмы, якія гледачы ўбачаць раней за ўсіх. У ліку такіх эксклюзіваў – карціна «Царства прыгажосці» класіка канадскага кіно рэжысёра Дэні Аркана. Прэм’ера фільма адбылася ў верасні ў Таронта, і ў сусветны пракат ён выйдзе толькі зімой. Альбо французская стужка «У наступны раз я буду цэліцца прама ў сэрца» Сядрыка Анжэ. У канцы кастрычніка яе прэзентавалі на кінафестывалі ў Рыме, і адтуль яна – адразу ў Мінск. Дарэчы, убачыць яе можна будзе ў час аднаго з начных сеансаў, такія прагляды на «Лістападзе» пройдуць упершыню.

Што, дзе і пачым

Самыя дарагія білеты на цырымоніі адкрыцця і закрыцця форуму, якія пройдуць у кінатэатры «Масква» і прадугледжваюць прагляд аднаго з фільмаў, — па Br 100 тыс. Карціны асноўнага конкурсу ігравога кіно можна будзе ўбачыць у кінатэатры «Цэнтральны». Квіткі каштуюць у будні Br 30 тыс.,  у выхадныя — Br 40 тыс., на начныя паказы – Br 50 тыс. Аматараў дакументалістыкі чакаюць у кінатэатры «Мір». Кошт квіткоў:  Br 10 тыс. – дзённы сеанс, Br 15 тыс. – вячэрні. Паказы для дзяцей у «Піянеры» – па Br 5 тыс. Фільмы таксама будуць дэманстравацца на экранах кінатэатра «Перамога»  (па Br 15 тыс.) і Дома кіно (Br 20 тыс. і Br 35 тыс.).

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter