Спецыялісты лічаць: менавіта інфра-чырвонае абаграванне стане “ацяпленнем будучыні”

Такое прамяністае цяпло

Спецыялісты лічаць: менавіта інфра-чырвонае абаграванне стане “ацяпленнем будучыні”. І беларускія навукоўцы ўжо вынайшлі эканомныя абагравальныя сістэмы. Яны ўпэўненыя: як толькі ўвойдзе ў строй Беларуская АЭС, ІЧ-выпраменьвальнікі пачнуць выцясняць радыятарныя батарэі нават з нашых дамоў. 


І грэе, і лечыць

Цяпер нікога не здзівіш інфрачырвонымі саўнамі. Дзякуючы ім, дарэчы, народ у інтэрнэце жыва цікавіцца: а ці не шкоднае ІЧ-выпраменьванне? Успамінаюць нешта са школьнай фізікі, параўноўваючы яго дзеянне з сонечнымі промнямі. А яны ж, калі ў меру, і ёсць крыніца жыцця… На інтэрнэт-форумах пішуць, напрыклад, што ў ІЧ-спектры ёсць вобласць з даўжынямі хваль, для чалавека вельмі карысных і нават лячэбных: прыкладна ад 7 да 14 мікраметраў. Аказваецца, гэтая частка выпраменьвання — амаль як у нашага цела. Таму і камфортная: знешняе выпраменьванне з такімі параметрамі хваль арганізм успрымае як роднае. Гавораць нават аб рэзанансным паглынанні — гэта калі знешняя энергія актыўна паглынаецца арганізмам. І што тады? Шмат чаго добрага адбываецца пад уздзеяннем ІЧ-выпраменьвання: “павышаецца патэнцыйная энергія клетак арганізма і сыходзіць з іх нязвязаная вада, расце ўзровень імунаглабулінаў, павялічваецца актыўнасць ферментаў і эстрагенаў, адбываюцца ў арганізме і іншыя станоўчыя біяхімічныя рэакцыі”. Прычым гэта датычыцца ўсіх тыпаў клетак арганізма і крыві. 

Прыгледзімся бліжэй да сучасных тэхналогій. Ні для каго не сакрэт: штучнае ІЧ-сонца “сілкуецца” ад звычайнай электраразеткі. Менш мы ўсведамляем — нават медыкі, аб чым раскажу далей, — што можа яно нават вылечваць, а не толькі саграваць. Рыхтуючы тэкст, я высветліў, што яшчэ ў 30-я гады французкія хірургі, робячы аперацыі, выпадкова выявілі: пад уздзеяннем ІЧ-промняў хутчэй гояцца раны, павышаецца імунітэт, адступаюць інфекцыі. Тады нават спецыяльныя печы ў аперацыйных спрабавалі ставіць. Але, як аказалася, небяспечна гэта: там нямала і лёгкіх на загаранне рэчываў, а “качагарыць” печы трэба так, каб атрымаць патрэбную цеплавую хвалю, градусаў на 500 і вышэй. І ўсё ж як карысна часам паглядзець на старую ідэю — па-новаму, як бы праз прызму сучасных тэхналогій і матэрыялаў. Прайшоў час, і цяпер ІЧ-выпраменьвальнікі даюць амаль той жа спектр выпраменьвання ўсяго пры 140 градусах. Іх можна манціраваць пад столлю, як звычайныя свяцільні, але — па спецыяльна разлічаных схемах, у залежнасці ад асаблівасцяў памяшкання. А камп’ютар, уключаны ў сістэму, выбірае аптымальны  рэжым работы. Атрымайце, спадары эскулапы, штучнае сонца — і лячыце на здароўе!

Доктар навук Валерый Колас тлумачыць: аказваецца, эксперыментавалі навукоўцы з эканомнымі абагравальнымі сістэмамі яшчэ ў часы СССР. Распрацоўка рабілася на заказ абароннай прамысловасці. Бо працаваць з радыеактыўным рэчывам, з электронікай — не балванкі тачыць: у цэхах была патрэбная стабільная тэмпература, мінімальная канвекцыя паветра. Навукоўцы, усё пралічыўшы, зрабілі выбар: інфрачырвонае выпраменьванне. І тут людзі больш сталыя, магчыма, успомняць старыя хатнія спіральныя электрарэфлектары. Але размова зусім не пра іх — пра высокую тэхналогію АСЛОТУ, па-руску расшыфроўваецца так: автоматизированная система лучевого обеспечения технологических условий. Розніца тут, гавораць вынаходцы, як паміж старымі калёсамі і сучасным “Мерсам”, хоць абедзве канструкцыі на чатырох колах. Але перспектыўная ідэя тады, у савецкі час, “не паехала”: разбурыўся Саюз, і абаронка згарнула заказы.

Valery Kolos
У 1997-м для ўкаранення АСЛОТУ ў Акадэміі навук утварылася Навукова-вытворчае прадпрыемства “БелИКО”. Ім дзесяць гадоў і кіраваў доктар фізіка-матэматычных навук Валерый Колас (на здымку). Вяду­чымі інжынерамі там працавалі і такія распрацоўшчыкі АСЛОТУ, як Віктар Паршын і Аляксандр Радзівонаў. З часам прадпрыемства стала Інстытутам энергетыкі НАН Беларусі. Валерый Паўлавіч займае пасаду намесніка дырэктара па інавацыйнай рабоце, а яго калега, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Ахрамовіч — вучоны сакратар.

Электракабель — лепш за цеплатрасы

Напрацоўкі навукоўцаў спатрэбіліся ў постсавецкі час пры распрацоўцы дзяржаўных праграм энергазберажэння. Вось тады беларускія спецы, глыбей вывучаючы сусветны досвед, і заўважылі, што і ў ЗША, і ў краінах Заходняй Еўропы, эканомячы энергарэсурсы, аддаюць перавагу электракабелю перад цеплатрасамі: Аўстрыя, Швецыя, Францыя… У Нарвегіі, як аказалася, больш за 75 працэнтаў будынкаў грэе электраток. Таму канверсійную ідэю АСЛОТУ ў Беларусі падтрымалі, і спецыялісты Акадэміі навук, працягнуўшы работы, стварылі “праменную сістэму” ў метале ды з “разумным” камп’ютарным блокам.

Спачатку, расказалі мне навукоўцы, АСЛОТУ “выпраменьвала” вялікія на­дзеі. Менавіта гэтая сістэма, дарэчы, дапамагла інжынерам і тэхнолагам Мінскага механічнага завода імя С. І. Вавілава ў 1998 годзе стварыць мікраклімат, які адпавядае патрабаванням самых перадавых тэхналогій. Гэта было неабходна, каб наладзіць выпуск газавых лічыльнікаў і іншых высокадакладных прыбораў. Пазней адзін з заводскіх спецыялістаў успамінаў, як да таго нават плёначныя парнікі з цэлафану над станкамі рабілі, каб трымаць цеплавы рэжым. І вось укаранілі АСЛОТУ. Эфект перасягнуў усе спадзяванні: па заключэнні кіраўнікоў завода, гэта “дало магчымасць эканоміць каля 400000 долараў ЗША ў год”. Нават семінары там праходзілі, каб спецыялісты і іншых прадпрыемстваў змаглі пераймаць досвед. І ўсталявалі тады больш за 20 АСЛОТУ, атрымаўшы значную выгаду, на вядучых прадпрыемствах краіны: “Атлант”, “Гарызонт”, “Інтэграл”... Але неўзабаве працэс гэты запаволіўся. 


Яго вялікасць Праекціроўшчык

Ох і нялёгкай бывае дарога ад навуковай распрацоўкі да яе шырокага ўкаранення. Шмат сіл давялося патраціць навукоўцам, каб даказаць: эканамічны эфект, што дае іх дзецішча, значны. Ёсць ужо і сертыфікаты, і заключэнні спецыялістаў. Больш за тое, укараненне АСЛОТУ ў свой час было падтрымана Саветам міністраў, Дзяржкамітэтам па энергаэфектыўнасці, Міністэрствам аховы здароўя. Аднак, каб прыйшло ў наша жыццё новае — заўсёды трэба, каб пацяснілася старое. Але стэрэатыпы жывучыя. Было нават, расказалі мне, такое: пры рэканструкцыі ў шэрагу лячэбных устаноў Мінска ўсталяваныя раней АСЛОТУ дэманціравалі і проста згрузілі на склады. Сталі разбірацца: чаму? Аказалася, праекціроўшчыкі былі не ў курсе важнага новаўвядзення — і па-ранейшаму аддавалі перавагу традыцыйнай сістэме ацяплення. 

У свой час мне давялося правесці цікавае апытанне: як ставяцца да новаўвядзення па імені АСЛОТУ адказныя работнікі Міністэрства аховы здароўя. Помню, тагачасны намеснік міністра Міхаіл Рымжа, ён жа і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач, быў гатовы разгледзець прапановы стваральнікаў АСЛОТУ, хоць сумленна прызнаваўся: сам ён не ўнікаў ва ўсе тонкасці лячэбных уласцівасцяў ІЧ-промняў. І спецыялісты аддзела інвестыцый, капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнай базы таксама выказаліся за эканомнае цеплазабеспячэнне: гаварылі, пры рэканструкцыі лячэбных устаноў абавязкова ўлічваюцца рэкамендацыі Камітэта па энергаэфектыўнасці. Аднак, правёўшы невялікае расследаванне, я ўслед за Валерыем Коласам вымушаны быў пагадзіцца: гаспадарнікі ў бальніцах, якія вядуць рэканструкцыю, у праблемы энергазберажэння, а тым больш хайтэку не ўнікаюць. Спадзеючыся ў гэтых пытаннях выключна на досвед праекціроўшчыкаў.

Дык вось, аказваецца, хто можа прытарможваць або паскараць тэхнічны прагрэс! Тут у самы час пісаць слова Праекціроўшчык з вялікай літары… Сітуацыя вельмі дзіўная, накшталт: у маім доме рамонт, але мяне гэта не датычыцца — праекціроўшчык усё вырашае. Адзін адказны таварыш з сістэмы Міністэрства аховы здароўя спрабаваў пераканаць мяне: сістэма, маўляў, не дала станоўчых вынікаў і таму не зацверджана на ўзроўні санітарных нормаў і правіл (іх называюць СанПіН). Хоць мне да таго часу добра было вядома: па даручэнні Саўміна і гэтая праблема вырашана. Ёсць палажэнне аб парадку праектавання і выкарыстання АСЛОТУ для прымянення іх якраз у медыцынскіх(!) і прамысловых установах. Аб чым, удакладніў пазней Валерый Колас, Міністэрства аховы здароўя дакладвала Саўміну яшчэ ў красавіку 2002-га. Здаецца, з тых часоў шмат цяпла і грошай выцекла… І кадры ўжо змяніліся, і ме­дыкі прызабылі важную дэталь: штучнае сонца, гэта значыць ІЧ-выпраменьванне, не проста эканоміць энергію. Для бальніц, радзільных дамоў, паліклінік выключна важны і лячэбны эфект: з ІЧ-выпраменьваннем менш бывае запаленняў лёгкіх у пацыентаў, гнойных ускладненняў пасля аперацый.

Адзін з галоўурачоў паспрабаваў мне неяк растлумачыць свае асцярожныя адносіны да АСЛОТУ так: у кожнага чалавечага органа, маўляў, свая даўжыня хваль цеплавога выпраменьвання. І невядома, як будуць паводзіць сябе, напрыклад, сэрца, лёгкія або мозг пацыентаў, ды і ўрачоў, калі на іх “пастаянна ціснуць ІЧ-выпраменьваннем”. На гэтыя “калянавуковыя” аргументы распрацоўшчыкі АСЛОТУ проста разводзяць рукамі, запэўніваючы, што “хадзіць пешшу, дыхаць свежым паветрам, знаходзіцца на сонцы ўсім карысна”. Навошта ж яшчэ пацвярджаць відавочнае, агульнавядомыя ісціны эксперыментальнымі дадзенымі? 

Інфрачырвоныя промні, заўважым яшчэ, дабратворныя для парадзіх: у іх хутчэй адаптуюцца да гэтага свету малышы, лягчэй пераносяць пасляродавы перыяд маладыя маці. Пад “штучным сонцам” хутчэй ідуць на папраўку хворыя. Гэта назіралі, дарэчы, урачы 7-й мінскай гарадской бальніцы, БелНДІ траўматалогіі і артапедыі, дзе раней працавалі АСЛОТУ. І гэта там, дарэчы, падчас рэканструкцыі яны трапілі на склады... А як зручна рыхтаваць пры дапамозе гэтай сістэмы “аперацыйны цеплавы рэжым” нават у абагравальны сезон, не гаворачы пра часам халодны і зацяжны для Беларусі перыяд міжсезоння. Націснуў клавішу камп’ютара — і праз некалькі хвілін камфортна і ўрачам, і пацыенту нават у халоднай аперацыйнай. Была ў сістэмы, усталяванай у Бальніцы хуткай меддапамогі Мінска, і дзяржаўная гігіенічная рэгістрацыя. Дарэчы, яшчэ ў сакавіку 2002-га на аснове добрых дасягнутых вынікаў Міністэрства аховы здароўя дазволіла “вырабляць і манціраваць інфрачырвоныя сістэмы накшталт АСЛОТУ як на прамысловых прадпрыемствах, так і ў лячэбных і аздараўленчых установах, спартыўных будынках і на сельскагаспадарчых аб’ектах”. 
Засталася цяпер справа за малым: атрымаць ток з Беларускай атамнай электрастанцыі ды масава пераходзіць на электраабаграванне. Але і свядомасць людзей, як бачым, важна да таго часу здолець “пераключыць” у новую энергетычную рэальнасць. Перш за ўсё тых спецыялістаў, якія сёння праектуюць будынкі заўтрашняга дня. Хочацца верыць: праекціроўшчыкі змогуць уразумець, чаму інфрачырвонае абаграванне навукоўцы лічаць “ацяпленнем будучыні”. Аднак калі да цэлага мікрараёна ўжо падведзена цеплатраса, то ўсё ж такі будзе стаяць няпростая дылема: якое ацяпленне даць новаму дому?

Батарэі ацяплення або ІЧ-выпраменьванне?

Цяжкасці на шляху ўкаранення АСЛОТУ цікава даследаваць, каб усвядоміць: старое не здаецца без бою. Чакаць, што шматпавярхоўкі і прадпрыемствы са з’яўленнем АЭС адразу выберуць электраабаграванне, не прыходзіцца. І ўсё ж гэта будзе адбывацца, упэўненыя навукоўцы. Сярод іх акадэмікі Аляксандр Міхалевіч і Леанід Герасімовіч — спецыялісты ў галіне цеплафізікі і электратэхналогій. А саму АСЛОТУ можна лічыць і тэстам, які “высвечвае” гатоўнасць лю­дзей, якія прымаюць рашэнні, да “засваення” новых ідэй і тэхналогій. Дарэчы, ёсць яшчэ ў Мінску пенсіянеры, якія не карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі. Іх выбар... Але тым, хто маладзейшы, працаваць па-даўнейшаму ва ўмовах адкрытай, па сутнасці, усяму свету эканомікі не атрымаецца: прыйдзецца прымаць “выклікі часу” і не хаваць галаву ў пясок ад “вятроў перамен”. І перш, чым дасць ток АЭС, жыццё прымусіць нас перагледзець некаторыя догмы, у цеплазабеспячэнні ў тым ліку. Магчыма, і “ацяпляць жылыя дамы электрычнасцю” ў Беларусі стане выгадней, чым спальваць экспартны мазут і падаваць цяпло да шматпавярховак па цеплатрасах. 

Цэны на электрычнасць — важкі аргумент у спрэчцы новага і старога. Цэны прадвызначаюць шляхі ўкаранення АСЛОТУ. Гадоў пяць таму на адной з прэс-канферэнцый я пачуў ад кіраўнікоў Дзяржкамітэта па энергаэфектыўнасці заяву: ацяпляць дамы электрычнасцю ў Беларусі не выгадна. Гэта накшталт марнатраўства… Дык што ж: у іншых краінах, той жа Нарвегіі, пускаюць грошы на вецер? Або там дзейнічаюць іншыя законы фізікі… Да таго ж не варта глядзець на АСЛОТУ як на “магільшчыка” батарэй ацяплення. У сістэмы ёсць маса сваіх вартасцяў: трэба ўважліва да іх прыгледзецца. Інфармацыя — на сайце Інстытута энергетыкі. І ёсць сотні аб’ектаў (напрыклад, склады складанай бытавой і спецтэхнікі, вялікія грамадскія будынкі), дзе “камп’ютарныя мазгі” АСЛОТУ дапамогуць эканоміць значныя сродкі. І дапамогуць людзям захоўваць бадзёрасць і здароўе.

Калі і кансерватызм, то — разумны

Вядома, можна зразумець і асцярожнасць, здаровы кансерватызм тых, ад каго залежыць укараненне эканомных абагравальных сістэм. Не спрачаюся, і парадак у гэтай справе павінен быць. Не сумняваюся: з развіццём грамадства патрабаванні да ўкараняемых новаўвядзенняў будуць усё больш строгімі. Дарэчы, а чаму б не правесці спецыялістам Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі семінары “на тэмы АСЛОТУ”? Навукоўцы, якія ведаюць сваю справу ва ўсіх нюансах і дробязях, гатовыя адказаць на любыя пытанні. Каб не ўзнікала больш, да прыкладу, невуцкіх здагадак накшталт: “ІЧ-выпраменьвальнікі даюць радыяцыю”. З-за такіх выдумак, расказалі мне навукоўцы ў Інстытуце энергетыкі, якраз і не былі рэалізаваныя вельмі эфектыўныя праекты абагравання памяшканняў Мінскага палаца дзяцей і моладзі, распрацаваныя яшчэ ў часы БелИКО (там намячалася вялікая эканомія паліва), а таксама ў лабараторыі зялёнага будаўніцтва аднаго з мінскіх каледжаў. Іх спрабавалі рэалізаваць яшчэ ўвосень 2008-га, былі выдзелены немалыя грошы з гарадскога бюджэту, але паміж навукоўцамі і педагогамі нехта кінуў “яблык разладу”. Дзіўна, аднак, чуць, што ў ХХI стагоддзі адукаваныя людзі, і зусім не з глыбінкі, шарахаюцца ад электрычнасці...  
Яшчэ раз зазірнём у недалёкае мінулае. “У перспектыве ўстаноўкамі АСЛОТУ будуць абсталяваныя каля 650 лячэбных устаноў краіны”, — бадзёра пісалі мае калегі ў газетах, калі ў бальніцах Мінска толькі ставілі першыя ўстаноўкі. Цяпер можна сказаць: з уводам Беларускай АЭС гэтая перспектыва стала больш блізкай і рэальнай. Удакладнім: будаўніцтва буйнога энергетычнага аб’екта поўным ходам ідзе на Гродзеншчыне, за 18 кіламетраў ад гарадскога пасёлка Астравец. Першы блок АЭС плануюць увесці ў 2018-м, другі — не пазней за 2019 год. І ўжо цяпер прадстаўнікам Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства архітэктуры варта было б сабрацца ды звесці разам усе дакументы па АСЛОТУ і прыняць цвёрдае рашэнне па замене старых ацяпляльных сістэм — новымі, больш эфектыўнымі. І да таго ж, яшчэ раз адзначым, якія спрыяльна ўплываюць на здароўе. Зрэшты, ідэя не новая: у свой час гэта прапаноўваў зрабіць і кандыдат тэхнічных навук Генадзь Дзмітрыеў, яшчэ на пасадзе начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР). Ён, цяпер супрацоўнік Інстытута энергетыкі НАН,  добра знаёмы з праблемай і лічыць, што захаванне старых ацяпляльных сістэм — гэта вялікая энергазатратная памылка.

Перарабляць праекты, а тым больш увасабляць іх у жыццё — справа, вядома, клапотная, але часам проста жыццёва неабходная. На нашых вачах, напрыклад, адышлі ў мінулае лямпавыя тэлевізары і радыёпрыёмнікі, плёначныя фотаапараты, грамафоны, відэамагнітафоны... Цяжка ўявіць, што б гэта было, калі б мы за іх трымаліся мёртвай хваткай. Так і з АСЛОТУ: калі навукова даказана і ніхто не адмаўляе, што сістэма значна зніжае расходы ўмоўнага паліва і што акупляецца кожны праект менш як за 3 гады — аб чым тады спрэчкі? Да таго ж да вырашэння праблем укаранення падключыўся і калектыў спецыялістаў Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання (БелОМА), які мае досвед вытворчасці інфрачырвоных выпраменьвальнікаў, і яго Навукова-тэхнічны цэнтр “ЛЭМТ” на чале з акадэмікам Аляксеем Шкадарэвічам. Навукоўцы з разлікамі ў руках сцвярджаюць: развіваючы ў Беларусі “праменнае абаграванне”, ёсць шанец эканоміць штогод на ацяпленні мільёны долараў. Асабліва вялікія рэзервы дагэтуль — у цэхах буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Значыць, спецыялісты з часам, вельмі спадзяюся, знойдуць аптымальныя рашэнні, пераадольваючы і ўласны кансерватызм, і міжведамасныя бар’еры, і элементарную ляноту.

У сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі салідны калектыў распрацаваў новую канцэпцыю энергабяспекі краіны. Яна цяпер — у стадыі прыняцця. У аснову яе, як мне стала вядома, якраз і пакладзеныя электратэхналогіі. Зрэшты, гэтая вялікая і важная тэма — ужо для наступнага артыкула.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter