Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Народнаму касцюму прысвяціла прыгожую вечарыну Екабпілскае беларускае таварыства “Спатканне”

Такія святочныя строі

Непаўторнае “Свята народнага касцюма” прайшло ў Екабпілсе, слаўным горадзе на берагах Даўгавы. Сябры-беларусы запрасілі на яго й дэлегацыю Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Ладзілі свята суполка “Спатканне” і Дзённы цэнтр “Разам быць” у плыні культурнага праекта “Знойдзем, параўнаем, захаваем для Латвіі”: ён прымеркаваны да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі.

На свяце ў Екабпілсе
фота марыі памецька

Тэма народнага касцюма — сакральная. Ужо не толькі навукоўцы лічаць, што нацыянальны касцюм — гэта неацэнная гістарычная спадчына, багацце й самабытнасць народа. З такім падыходам і былі прадстаўлены латышскія, беларускія, рускія, украінскія строі, паказаны іх адметнасці ды падабенствы.

Беларускі касцюм, маючы агульныя карані з рускім і ўкраінскім, фармаваўся ва ўзаемаўплывах латышскай, літоўскай, польскай, рускай і ўкраінскай традыцый. Ды ўсё ж ён — самабытны: унікальная з’ява. Узяць, скажам, тэхнікі афармлення: вышыўка, узорнае ткацтва, карункі, аплікацыя... У Беларусі гістарычна склаліся 22 варыянты этнакасцюма, рэгіянальныя ж адрозненні ў асноўным палягаюць у дэталях, матывах і сюжэтах арнаменту, спосабах нашэння асобных частак касцюма, у каляровай гаме. Раней, дарэчы, па касцюме й вызначалі, з якой мясцовасці чалавек, яго сямейнае становішча, прыкладны ўзрост.

На свяце дэлегацыі прадстаўлялі свае касцюмы, расказвалі пра іх. Гаспадары прадставілі на суд гледачоў цікавую відэапрэзентацыю, паказалі дэфіле як фабрычных мадэляў, так і касцюмаў, пашытых уласнымі рукамі па сваіх жа эскізах. Дэлегацыя з Ліван паказала славянскія касцюмы, у тым ліку й пашытыя ўласнаручна.

І мы прыехалі прыгожа. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская — у касцюме Віцебскага рэгіёну (гістарычная рэканструкцыя), расказала яна й пра адметнасці мужчынскага й жаночага адзення. У камплект жаночага касцюма ўваходзяць кашуля, спадніца, фартух, пояс, безрукаўка, галаўны ўбор. Кашуля — з даматканага палатна. Тканымі ці вышытымі ўзорамі з чырвонай ці чырвона-чорнай пражы ўпрыгожваліся рукавы, плечы, каўнер, манжэты. Спадніца — ваўняная ці льняная, былі самыя розныя колеры і ўзоры, пераважна клетка й паласа. Сакральны элемент — пояс — мог быць тканым, плеценым ці вязаным, багата ўпрыгожваўся арнаментам. У тэму прагучаў ад нас і верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” на беларускай мове, а таксама ў перакладзе на латышскую. 

Прэзентацыя, прадстаўленне касцюмаў, іх апісанне й дэфіле чаргаваліся музычнымі нумарамі —  іх паказалі як екабпілскі ансамбль “Завіруха”, так і госці: вакальны гурт “Пралескі” з Даўгаўпілса і прадстаўнікі Ліванскага славянскага таварыства “Узоры”. Мы, даўгаўпілсцы, вельмі ўдзячны кіраўніцы суполкі “Спатканне” Валянціне Дарашчонак — за тое, што зладзіла цудоўнае свята й нас хораша, з душою прыняла. Дарэчы, беларусаў Даўгаўпілса і Екабпілса звязваюць даўнія партнёрскія стасункі.

Марыя Памецька, Екабпілс — Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 48 (3552), чацвер, 21 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter