Абрад “Насіць намётку”

Такая незямная моц

У глыбоцкіх Папшычах упэўнены: ад бяды і нягоды вёску абараняе льняная намётка

На карце нацыянальных здабыткаў краіны Глыбоччына вылучаецца нездарма. У раёне ў першапачатковым выглядзе захаваліся адразу тры нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці (такога няма ў іншых рэгіёнах). Дзве з іх — кулінарныя. Гэта тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Масляны баран”, што існуе ў вёсцы Мацюкова, і тэхналогія выпечкі жытняга хлеба, якой валодае жыхарка Дзеркаўшчыны Сцепаніда Лупач. Пра гастранамічныя вынаходствы глыбоцкіх вяскоўцаў “СГ” пісала раней. Цяпер — чарга распавесці пра цікавы вясновы абрад “Насіць намётку”, які бытуе ў Папшычах. Лічыцца, што ён вельмі моцны, бо ў свой час выратаваў жыхароў паселішча ад халеры.

Намётку нясуць пераважна дзеці і моладзь.

Верыць гэтаму паданню ці не, вырашайце самі, але ж папшыцкія старажылы, праводзячы абрад, ніколі ў ім не ўсумніліся. 77-гадовая Марыя Пятрага ў тым ліку, хоць і сама, калі толькі пачынала жыць у вёсцы, ставілася да традыцыі насцярожана:

— У 22 гады выйшла ў Папшычы замуж. Сама родам з Кавалёнкаў, што таксама ў Глыбоцкім раёне, але такога абраду не ведала ніколі. А тут усе, адзін над адным, нясуць намётку. Пачала цікавіцца, што ды як. Аказваецца, да вайны ці, можа, нават і раней у акрузе хадзіла халера. Страшная хвароба касіла людзей, у акрузе не засталося амаль ніводнай жывой душы. На сельскім сходзе было вырашана: трэба прасіць літасцівасці ва Усявышняга. Ці то падказаў хто, ці то самі прыдумалі, але ж сабраліся вечарам, папрыносілі з дому сякія-такія ніткі (у каго якія былі) і выткалі льняное палатно. За ноч. Да раніцы абышлі з ім у руках і з малітвамі вёску. Прайшоў дзень, другі, тыдзень, другі… Халера, быццам бы мінаваўшы паселішча, па ўсіх суседніх вёсках прайшлася, а ў Папшычах усе жывыя засталіся.

З таго часу ходзяць папшыцкія вяскоўцы штогод з намёткай. Абрад адбываецца на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў па календары каталіцкай канфесіі. У народзе гэты дзень называецца “Зялёныя свёнткі”. Выпадае ён кожды год па-рознаму. Летась адзначаўся 19 мая, сёлета будзе 4 чэрвеня.

Навукоўцы сцвярджаюць, што традыцыя з’яўляецца мадыфікацыяй так званага аднадзённага старажытнага абраду. Палатно, якое выкарыстоўваецца падчас абраду, называюць аднадзённым. Назва быццам бы гаворыць сама за сябе, маўляў, нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. У выпадку з вяскоўцамі з Папшычаў — адрэз з тканіны неабходна было выткаць за адну толькі ноч. Здзяйснялася гэта, каб абараніць вёску ад любой небяспекі: хваробы, пажару, засухі ці нават вайны.

На працягу ўсяго ХIХ стагоддзя і да Вялікай Айчыннай выраб аднадзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай у беларускіх вёсках. Але з цягам часу ён перастаў існаваць. Атрымалася, што захаваўся да цяперашняга часу толькі ў Папшычах. Марыя Пятрага кажа, што складана з правядзеннем абраду было, бадай, толькі ў савецкі час, калі былі ганенні на рэлігію:

— Але і тады мы ведалі, што без хаджэння з намёткай нам нельга, таму што гэта – ушанаваная традыцыя. Вёска вялікая была (не тое што цяпер — і 50 двароў няма). Выткаць палатно не праблема! Цяпер выкарыстоўваем ужо пакупное палатно: на жаль, мода на рукадзелле страчваецца, за ткацкім станком мала каго цяпер убачыць можна. Ведаючы пра тое, што мы, носьбіты, з цягам часу сыходзім, лічу, што патрэбна прыцягваць да працэсу моладзь і дзяцей. Таму насіць намётку давяраем менавіта ім.

Апошняя кропка дзеі— сельскі пагост.

Дзея заўсёды пачынаецца раніцай. Спачатку вяскоўцы збіраюцца ля прыдарожнага крыжа. Першымі да яго, як правіла, падцягваюцца старажылы. Затым людзі маладзейшыя: справа ў тым, што абрад — частка гісторыі кожнай папшыцкай сям’і, таму для многіх нашчадкаў дзень “Зялёных свёнтак” — добрая падстава пабываць у родзічаў. Апошнім часам падключаюцца не толькі жыхары суседніх вёсак, дзе абаснаваліся выхадцы з Папшычаў, але і з розных гарадоў, нават са сталіцы.

Размовы суціхаюць, калі пачынаюцца адмысловыя спевы. Гэта малітоўныя песні.  І толькі потым людзі разгортваюць намётку. На яе паверхню ахвяруюць, хто што можа. Апошнім часам грошы, але ў мінулыя часы маглі быць: масла, яйкі. Звычайна намётку праносяць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі. Вяскоўцы лічаць, што гэта станоўча паўплывае на іх здароўе і дабрабыт. А потым працэсія з разгорнутым палатном накіроўваецца да капліцы на могілкі, дзе адбываецца яго асвячэнне і ахвяраванне касцёлу.

— Цяпер на сельскіх могілках ідзе святая імша, — успамінае храналогію абраду Марыя Пятрага. — Але так было не заўжды. Памятаю часы, калі ў суседняй вёсцы Удзела яшчэ не быў пабудаваны касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, і мы хадзілі з намёткай у Мосар. Ахвяравалі палатно тамашняму парафіяльнаму храму. Не было раней і каплічкі на могілках: яна з’явілася тут таксама не так даўно, калі вырашылі разабраць памяшканне закрытай бібліятэкі. Перанеслі, выходзіць, будынак з розумам. Дзіўна, што змяняліся часы і ўмоўнасці, але практыка здзяйснення абраду ў Папшычах нават у самыя неспрыяльныя часы для традыцыі ніколі не перапынялася. Гэта каштоўна. I самае галоўнае — мы верым у моц намёткі, у тое, што яна ахоўвае ўсю вёску.

УКЛЮЧЭННЕ абраду ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей абароніць традыцыю ад вымірання, лічыць метадыст Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Наталля Нікіфаровіч:

— Пытанні нематэрыяльнай спадчыны курыруюць у першую чаргу раёны. Мы не пабаяліся і прасунулі ў спіс адразу тры каштоўнасці. Па-першае, таму што менавіта гэта адрознівае нашу лакальную культуру ад суседніх. Па-другое, надае імпэту вясковым энтузіястам, хто шчыра хварэе за нацыянальныя традыцыі. Ведаеце, заключэнне прафесійных экспертаў і прызнанне на ўзроўні дзяржавы — адно. А вось калі самі вяскоўцы клапоцяцца пра сваю спадчыну — гэта дорага каштуе. Іх не трэба падштурхоўваць, каб правесці абрад, ім не трэба дапамагаць. Яны самі збіраюцца і нясуць сваю намётку. Нясуць і вераць, што і гэтая традыцыя, як і вёска, ніколі не пойдзе ў нябыт.

uskova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter