В Могилеве скульпторы возводят ледяную резиденцию для Деда Мороза

Такая халодная прыгажосць

Ледзяная рэзідэнцыя для Дзеда Мароза хутка з’явіцца ў Паднікольскім парку Магілёва. Дзесяць тон далікатнага матэрыялу для будаўніцтва незвычайнага палаца даставілі аж з Екацярынбурга.


«Цагліны» з замёрзлай вады паступова ператвараюцца ў сцены казачнага дома, празрыстыя ёлкі.
«Цагліны» з замёрзлай вады вагой каля 150 кілаграмаў кожная ва ўмелых руках мінскіх скульптараў Міхася Рагаткі і Яраслава Філіповіча паступова ператвараюцца ў сцены казачнага дома, празрыстыя ёлкі, загадкавых аленяў. 

— У «гасцёўні» Мароза будуць яшчэ сані і трон, —  тлумачыць  Міхась Рагатка. 

Працаваць, сцвярджае, зусім не цяжка. І цікава — як бацька трох дзяцей, кажа, ведае: казка заўсёды вабіць хлопчыкаў і дзяўчынак. Ды і дарослыя зусім не супраць разам з сынамі і дачкамі яшчэ раз перажыць эмоцыі дзяцінства.

Вопыт стварэння ледзяных скульптур у мастака ўжо быў. Аднак у такіх маштабах будаваць чароўныя канструкцыі яму даводзіцца ўпершыню. Перш-наперш, прызнаўся, яны з суаўтарам зрабілі эскіз: «Ледзяная забудова даволі надзейная. Перапады тэмпературы нават да нуля градусаў ёй не страшныя. Будзем спадзявацца, што дождж зімой не пойдзе». Майстры адзначылі, што асаблівая празрыстасць лёду даецца не проста так. Перш чым яго здабыць, ваду спецыяльна чысцяць ад водарасцей і іншых раслін. Вялізныя кубы выразаюць спецыяльнай тэхнікай і потым спецтранспартам дастаўляюць да месца прызначэння. 

Работа ля падножжа каскаднай лесвіцы кіпіць з дзевяці раніцы да дзевяці вечара. Вялізныя кубы мастакі распілоўваюць на ўстаноўленай на пляцоўцы пілараме. Потым у справу ідуць склюды, разцы — і вось з халодных загатовак на свет з’яўляюцца акенцы, аркі, калоны. Час ад часу мастакі робяць перапынкі, каб выпіць гарачай гарбаты, а потым зноў бяруць у рукі інструменты. Час не чакае: ужо на каталіцкія Каляды чароўная рэзідэнцыя павінна ажыць мноствам агеньчыкаў і, вядома, перфомансам. Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава расказала, што ледзяны палац стане месцам, дзе гасцей сустрэнуць не толькі Дзед Мароз са Снягуркай. Тут плануецца ладзіць яшчэ і захапляльныя тэатралізаваныя пастаноўкі.  

markova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter