«Такая душа сялянская – без працы не сядзіцца»

Карэспандэнт «БН» праехаў па Петрыкаўскаму раёну і зрабіў цікавыя адкрыцці

Людзі

Уладзімір БРАІМ — дасведчаны пячнік з Ляскавіч. Такога яшчэ трэба пашукаць! Ён гатовы раскрыць усе таямніцы складанай справы выкладвання рускай печы, без якой і ў ХХІ стагоддзі ў вёсцы не пражывеш.

— Раней печнікі «хавалі» ў магілу свае сакрэты — так шанавалася гэтае майстэрства. А я гатовы расказаць, каб і сёння нехта змог злажыць печ так, каб скарыначка ў хлебе пяклася з усіх бакоў роўная і не падгарэла. Ды толькі няма каму! — разводзіць рукамі Уладзімір Яфімавіч. — Выдатна, што прыдумалі такі фестываль, як «Зов Полесья». Магчыма, хоць так моладзь пройдзецца па “Горадзе майстроў” ды нагледзіць сабе сярод сялянскіх рамёстваў занятак па душы.

Дарэчы, сам Уладзімір Браім у свае 76 год успомніў дзіцячы занятак — пляценне кошыкаў, якое ён асвоіў, калі быў шасцігадовым хлопчыкам. Ды потым другая прафесія адцягнула ўвагу. Але, як вядома, калі рукі штосьці ўмеюць рабіць, дык яны на гэта не забываюцца, і рана ці позна прадставіцца выпадак прадэманстраваць сваё ўменне.

— Зімой, калі ў вёсцы работы амаль няма, не ведаў, чым заняцца: душа сялянская — не магу сядзець без працы. І вось мая жонка мне падказала, — усміхаецца Уладзімір Яфімавіч.

Праўда, ад традыцыйнай тэхналогіі майстар крыху адступіў. Для каркаса, як і раней, выкарыстоўвае галінкі хмызняку белароса, а вось пераплятае іх ужо не лазой, а жорсткай упаковачнай стужкай, якой у сялянскай хаце нават з лішкам. Стужка не гніе, таму такі кошык, у адрозненне ад вырабу з лазы, праслужыць не пяць, а ўсе дваццаць пяць гадоў.

Толькі за мінулую зіму майстар Браім сплёў 80 такіх зручных і незаменных у гаспадарцы селяніна кошыкаў. Сваімі вырабамі забяспечыў суседзяў і знаёмых!

— Дачка кажа, что вывезе мяне з імі на фестываль, — смяецца Уладзімір Яфімавіч.

І тут жа ўспамінае, як у далёкім 79-м годзе яго папрасілі зрабіць маленькі ткацкі станок, які тады ўжо мала хто мог змайстраваць. Першы раз згадзіўся, але калі праз год да яго звярнуліся з той жа просьбай, ужо адмовіў — цяжкая гэта справа! Сёння знайсці такога майстра — задача фантастычная: ткацкія станкі шукаюць па вёсках, рэстаўруюць і выстаўляюць у музеях, новых жа не робяць зусім.

Палеская зямля багатая на майстроў і майстрых. Знаёмцеся, саламянка Валянціна ФАДЗЕЕВА:

— Петрыкаўскаму Дому рамёстваў  больш за дзесяць гадоў. Я навучаю дзяцей саламянаму майстэрству. Тэхніка аплікацыі, якой мы карыстаемся,  адрозніваецца ад іншых спосабам наклейвання саломкі — трубчатападобным. Матэрыял нарыхтоўваем на петрыкаўскіх нівах.

«Айчынным» матэрыялам — дубовай драўнінай — карыстаецца і Аляксандр КНІГА, разьбяр з вёскі Міхедавічы:

— Ніколі нічога не капірую, бо як не бывае аднолькавых дрэваў, так і не стварыць падобных кампазіцый. Сваімі працамі ўпрыгожыў родную вёску, двары лясгасаў, аграсядзіб. Дарэчы, можна адрозніць паляшуцкія драўляныя скульптуры, напрыклад, ад прац віцьбічаў. Як? Палешукі ствараюць у асноўным жывёльныя матывы, віцьбічы — раслінныя, міфічныя.

Гаспадаркі

Сельскі Дом культуры ў аграгарадку Навасёлкі зараз на капітальным рамонце. Але працу сваю, па словах Алены ДУДАРЭНКІ, дырэктара клуба, не спыніў:

— Працуюць аматарскія гурткі і калектывы.

А замест маладзёжных дыскатэк развучваем і з дарослымі, і з малымі танцы нашай мясцовасці: «нарэчаньку», «суботу», «падзіспань», «карапету». Яшчэ праводзім канцэр-

ты і народныя гулянні на  Масленіцу, Каляды, Купалле ды другія святы. Усім добра вядомы і наш фальклорны

Аграсядзіба «Матчына хата» ў вёсцы Івашкавічы — уласнасць КСУП «Капаткевічы». Працаўнікі гаспадаркі змогуць пры жаданні адпачыць тут за палову кошту.

— Але хутчэй наш двор зацікавіць гараджан, — лічыць Галіна ПІНЧУК, намеснік дырэктара КСУП па ідэалагічнай рабоце. — Хутка можна будзе наведаць невялічкі заапарк з традыцыйнымі палескімі жывёламі, а таксама музей, прысвечаны быту палешукоў. Ну і адпачываць прыязджайце. Тут і рэчка, і возера, і шмат чаго яшчэ...

Таямніцы

Гісторыя раёна налічвае не адно стагоддзе. Тут зафіксавана каля ста помнікаў розных археалагічных эпох, а сам горад Петрыкаў быў заснаваны ў Х стагоддзі. Многія петрыкаўскія славутасці можна пабачыць увачавідкі.

Каўпак-Гара побач з вёскай Чалюшчавічы сама па сабе — цікавае месца. Яе «пік» — самая высокая кропка раёна і вобласці над узроўнем мора – 183 (!) метры. Але ячшэ на Каўпак-Гары другі цуд — святая крынічка, нядаўна побач з ёю з’явілася купальня і каплічка.

Кожнаму школьніку з гісторыі Беларусі вядома царква Ўспення Божай Маці ў вёсцы Кашэвічы. Драўляная царква — самая старая ў Гомельскай вобласці. Яе, без адзінага цвіка, пабудавалі ў 1642 годзе. У Вялікую Айчынную вайну тут трымалі ваеннапалонных, а пры штурме былі забітыя пяць немцаў. Іх, як лічаць мясцовыя жыхары, пахавалі за царквой каля самага падмурку. Так гэта ці не — невядома. Але дакладна відны пяць плямаў голай зямлі, дзе не расце трава…

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter