Такая адзіная і такая розная Беларусь

Сёння Беларусь сваёй другой радзімай лічаць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцей, якія маюць самабытную культуру, традыцыі, гісторыю. Фестываль нацыянальных культур у краіне — унікальная пляцоўка, якая аб’ядноўвае розныя народы. А Гродна — выдатнейшае месца, дзе можна цалкам рэалізаваць ідэі мерапрыемства. І калі ў першым фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, то сёлета іх — 33. Форум пашырыў кола ўдзельнікаў і гасцей, набыў новы размах мерапрыемстваў, а таксама надаў Гродна асаблівы шарм.

З 4 па 6 чэрвеня ў Гродна пройдзе восьмы па ліку Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

Сёння Беларусь сваёй другой радзімай лічаць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцей, якія маюць самабытную культуру, традыцыі, гісторыю. Фестываль нацыянальных культур у краіне — унікальная пляцоўка, якая аб’ядноўвае розныя народы. А Гродна — выдатнейшае месца, дзе можна цалкам рэалізаваць ідэі мерапрыемства. І калі ў першым фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, то сёлета іх — 33. Форум пашырыў кола ўдзельнікаў і гасцей, набыў новы размах мерапрыемстваў, а таксама надаў Гродна асаблівы шарм.

Кожнае свята нацыянальных культур — адметная падзея. Тэма 65-годдзя Вялікай Перамогі будзе чырвонай ніткай праходзіць праз форум гэтага года. Ёй будуць прысвечаны песні, вершы і танцы. У фармаце фестывалю запланаваны “вогнішчы памяці”, дзе моладзь у нефармальных абставінах сустрэнецца з ветэранамі вайны.

У гэтым годзе гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства чакае шмат прыемнага. “Месца прапіскі” культурнай падзеі аформлена ў адзіным стылі — усё дзякуючы конкурсу сярод дызайнераў. Унікальны фрагмент — адкрыццё “Фантана сяброўства” на набярэжнай Нёмана. Там удзельнікі закладуць капсулу са зваротам да патомкаў.

Месца цырымоніі абрана новае — стадыён. Гасцей і ўдзельнікаў сёлета парадуюць выступленні гімнастаў і сцяганосцаў. Тыя, каму не пашчасціць трапіць на стадыён, цырымонію адкрыцця і закрыцця змогуць паглядзець на спецыяльна ўсталяваным на Савецкай плошчы плазменным экране. Канцэрты пройдуць на дзвюх пляцоўках.

Тры дні будзе працаваць мастацкая галерэя выдатных дзеячаў розных нацыянальнасцей, якія пакінулі свой след у гісторыі Гродна. У рамках фестывалю адкрыюць памятную дошку Уладзіміру Волкаву — чувашу, які стварыў першую падпольную арганізацыю ў абласным цэнтры.

На другі дзень свята сваю работу пачнуць нацыянальныя падворкі (ілюструюць побыт, абрады, адзенне, традыцыі розных народаў). У мінулым годзе працавала 27 такіх падворкаў, яны збіралі ля сябе тысячы і тысячы цікаўных людзей. Сёлета — іх 40. Упершыню будзе наладжаны падворак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І калі ў мінулым годзе прадстаўнікі падворкаў дэманстравалі, як у іх краіне праходзіць вяселле, то на гэты раз будуць спраўляць радзіны. Госці і ўдзельнікі пазнаёмяцца не толькі з культурай народаў, але і пасмакуюць стравы ў рамках конкурсу нацыянальных кухняў свету.

Фестываль набірае папулярнасць. І неўзабаве ўступіць у Міжнародную арганізацыю фестываляў, а для замежных гасцей ужо пачалі будаваць высокага класа гасцініцу.

Наталля СЕРГУЦ, “БН”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter