Мастак Віктар Альшэўскі імкнецца абагнаць час

Такі ён, паралельны свет

Мастак Віктар Альшэўскі імкнецца абагнаць час


У майстэрні ў мастака — вялізныя палотны. Нейкія работы скончаныя і абрамленыя ў залаціста-сярэбраныя рамы. Адна з іх, напрыклад, “Ліга Чэмпіёнаў”,  займае ўсю сцяну. Ля другой сцяны некалькі толькі загрунтаваных палотнаў. Яны таксама вялікія. Тут жа — і завершаныя работы, але без рам. Побач мальберт, а на ім тая з карцін, над якой мастак працуе цяпер. Зрэшты, да многіх з пачатых работ Віктар Альшэўскі нярэдка вяртаецца. Бо творчы працэс часта непрадказальны і своеасаблівы, а час  і зусім  катэгорыя не вельмі канкрэтная. Адлюстроўваючы ўбачанае ў сваіх работах, ён часта забягае наперад, як быццам нешта прадказваючы. Але і  паралелі з мінулым амаль заўсёды прысутнічаюць у карцінах Альшэўскага. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да цыкла работ “Горад”, дзе архітэктура Мінска падмацавана вобразамі з мінулага, хронікай ключавых падзей.


Віктар Альшэўскі належыць да таго пакалення мастакоў, якое ўвайшло ў актыўнае творчае жыццё ў 1970-х пошукамі новай пластычнай мовы. Яго творчасць засноўваецца на лепшых дасягненнях беларускай мастацкай школы — метафарычнасці, духоўнай шчырасці, пластычнасці вобразаў. Мастак свабодны ў інтэрпрэтацыі сюжэта, віртуозна сумяшчае ў адным творы розныя пластычныя прыёмы, рэмінісцэнцыі класічнага мастацтва і эстэтыку апошніх дзесяцігоддзяў. Ён не баіцца творчых эксперыментаў, свабодна трансфармуе свае работы з дапамогай новых і традыцыйных выяўленчых сродкаў, імкнецца рас­крыць сутнасць чалавека, адлюстраваць яго зацікаўленасць праблемамі лёсу і будучыні...

За апошняе дзесяцігоддзе Віктар Альшэўскі стаў адным з найбольш вядомых у Беларусі мастакоў. Так, ён шмат і паспяхова выстаўляецца. Прызнанне, якое прыйшло параўнальна хутка, не перашкаджае яму ў працы, а хутчэй павышае патрабавальнасць да сябе. Пры гэтым Віктар Альшэўскі не стаіць асобна ў асяроддзі беларускіх мастакоў — яго карціны заўсёды арганічна ўпісваюцца ў экспазіцыю любой сумеснай выставы. Немалую цікавасць да яго творчасці праяўляюць куратары галерэй і мастацтвазнаўцы ў іншых краінах.

А яшчэ варта адзначыць, што мас­так аддае перавагу ў сваёй творчасці не столькі пачуццям, колькі гульні думкі, інтэлектуальным схемам, нечаканым эксперыментам. Ён вар’іруе змест вобраза, сэнсавую сутнасць і  яго знешнюю перадачу. Не, гэта не робіць карціны залішне рацыянальнымі. Пачуццёвасць вобразаў, асабліва партрэтных, якія захоўваюць жывую непасрэднасць успрымання, прыцягвае да яго палотнаў увагу і інтэлектуалаў, і масавага гледача. Гэтая ж акалічнасць забяспечвае мастаку нязменны поспех  за межамі Беларусі.


Алег Хусаенаў, Павел Латушка на выставе Віктара Альшэўскага ў Нацыянальным мастацкім музеі

“Творчасць сёння немагчымая па-за агульнасусветнымі эстэтычнымі, мастацкімі, філасофскімі тэндэнцыямі, — разважае сам Віктар Альшэўскі. — Неабходнасць большай творчай адкрытасці ўсведамляецца праз узаемны дыялог паміж культурамі”.

Але сам гэты працэс заключае ў сабе шмат нечаканасцяў. Так, кола беларускіх мастакоў, актыўна ўключаных у сусветныя мастацкія працэсы, не такое шырокае, як гэта магло б быць. Аналіз міжнародных выставачных праектаў апошняга дзесяцігоддзя прыводзіць да высновы, што ў гэтых праектах удзельнічаюць часцей за ўсё адны і тыя ж мастакі, сярод якіх стабільна прысутнічае і Віктар Альшэўскі.

Наўрад ці хто стане аспрэчваць тое меркаванне, што мастак заўсёды абвострана ўспрымае  прызнанне  або непрызнанне як  у сваёй краіне, так і за яе межамі. Між тым, еўрапейскі мастацкі рынак мае  спецыфічныя законы. Ён ужо перажыў і ўніверсальнасць праектаў мадэрнізму, і рэалістычную вобразнасць мастацтва. Мы назіраем глабальны рух сучаснага мастацтва, яго здольнасць захавацца ў розных культурных, палітычных, сацыяльных умовах. Далёка не кожны вядомы ў Беларусі мастак можа абгрунтавана заявіць, што яго творчасць здольна ўпісацца ў неабмежаваныя і ў той жа час жорсткія рамкі рынку, знайсці вобразную і тэматычную раўнавагу, якая аднолькава цікава прачытвалася б у розных культурных сітуацыях.


На выставе Віктара Альшэўскага “Белая Пляма ў Цэнтры Еўропы” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

А вось Віктару Альшэўскаму сёння ўдалося стаць прадстаўніком новага мастацкага мыслення, якое ўключае ў сваё разуменне абагульненыя воб­разы сусветнай культуры. Тэмамі яго работ выступаюць фрагменты гісторыі ды сучаснасці, адарваныя ад глебы прамалінейнай рэальнасці, знакавасць, якая прачытваецца праз адухоўленасць вобразаў і служыць асновай своеаса­блівай філасофіі мастака.

Шлях да выразнасці ў Альшэўскага, як і ў іншых прадстаўнікоў яго пакалення, не быў лёгкім. Аснова першапачатковага мастацкага пазнання жыцця гэтага пакалення грунтавалася на былых прыярытэтах, на акадэмізме мастацкага мыслення. Не ўсе з гэтай кагорты здолелі знайсці арыгінальнае аўтарскае бачанне і адпаведную сучасным патрабаванням пластыку мастацкай мовы. Тыя ж, хто ў рэшце рэшт паказаў сябе цікавымі і неардынарнымі творцамі, перажывалі доўгі шлях барацьбы з грамадскімі стэрэатыпамі.

Эпоха перамен заўсёды ўскладняла жыццё асобных людзей, асабліва творчых. Альшэўскаму давялося не прос­та жыць у такую эпоху, але і шукаць сваё творчае крэда, месца ў мастацтве, адстойваць новыя мастацкія ідэі.  Першыя крокі пазнання жыцця былі зробленыя Віктарам у вёсцы, у маляўнічых мясцінах Магілёў­шчыны. Яго заўсёды жывіла вясковая мудрасць і тая павага да прыроды і ўсяго створанага чалавекам, якую змагла даць яму маці. Сёння, калі мастак бярэцца за ручку і ў тоўстай, у скураным пераплёце кніжцы, нібы разлічанай на стагоддзі, запісвае свае разважанні, ён успамінае пра цеплыню чалавечых узаемаадносінаў у дзя­цінстве. Гэта той падмурак, на якім засноўваліся ўпар­­тас­ць і ўпэўненасць кожнага яго жыццёвага кроку. Упартасць — калі давялося чатыры разы паступаць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на манументальнае аддзяленне. Упэўне­насць — у сваіх жаданнях і настойлівасці, нечаканых для маладога чалавека, які прыехаў з вёскі.


д`Арсэ. З калекцыі “Музеі свету”

Мастак Альшэўскі — прадстаўнік, як вызначае ён сам сваю творчасць, “новай рэальнасці” — фарміраваўся не адзін год. Гэта быў для яго этап прадстаўлення сябе як майстра, які ўмее абагульняць тэму, шукае ў шматфігурных кампазіцыях метафарычнасць агульнага гучання. З першых крокаў у творчасці ён жыў нацыянальнымі ідэямі, як і яго сябры, маладыя мастакі, якія ідэнтыфікавалі Беларусь як гістарычна складзеную супольнасць у свеце.

А вось партрэтаваннем захапляўся заўсёды. Што, здавалася б, можа быць больш канкрэтным, чым партрэт? Мастак дакладна схоплівае сутнасць чалавека, яго звычкі, перажытае з часам. Ён ідзе ад эмацыйнага ўражання, ад вобраза, які павінен хваляваць, кранаць, прыцягваць увагу. Адсюль — рухомыя, пластычныя жаночыя фігуры, лебядзіныя шыі, падкрэсленыя, а не прыхаваныя адзеннем жаноцкія формы. У жаночых вобразах палотнаў Альшэўскага прысутнічае тонкі флёр паэтычнасці, які надае кожнаму партрэту загадкавасць і прыцягальнасць.

Мастаку падабаецца пісаць і мужчынскія партрэты. Але ў іх — больш дакладнасці, набліжанасці да сапраўднага характару воіна. Тут заўсёды шмат яркіх колеравых плям, прысутнічае спасылка на прафесію, адбітак дзейнасці і характару. Асаблівую ўвагу мастак звяртае на погляд чалавека, яго вочы, выраз твару, на рукі.


Луўр. З калекцыі “Музеі свету”

Творчы шлях Віктара Альшэўскага заўсёды суправаджаўся дыялектыкай разважанняў і мастацкіх роздумаў. Яго цікавіў увесь свет, людзі з іх думкамі і лёсам, асабістыя перажыванні, падарожжы і само мастацтва. Падаецца, што бурныя падзеі ў жыцці краіны абышлі бокам майстэрню мастака. Яны не знаходзілі ў яго творчасці прамалінейнага адлюстравання. Але пры гэтым несумненна станавіліся асновай філасофскіх асэнсаванняў.

Ён заўсёды меў схільнасць да вялікіх палотнаў, манументальных вобразаў, не перагружаных дэталямі кампазіцый. З часам гэтыя прыхільнасці ўсё больш развіваліся ў бок знакавасці і метафарычнасці і ўрэшце сталі ўласнай філасофіяй мастака.

Найбольш значны для яго сімвал — закаваны ў латы рыцар. У вершнікаў на некаторых палотнах пад даспехамі адчуваецца пустата. Гэта можа быць нябачная магутная сіла або яе ілюзія. Верагодна, як падкрэсліла нямецкі мастацтвазнаўца Барбара Эберхард у рэцэнзіі аб творчасці Віктара Аль­шэўскага, гэта гаворыць пра несумяшчальнасць жаданняў і магчымасцяў.


Луўр. З калекцыі “Музеі свету”

Сёння сам мастак акрэслівае сваю творчасць як “новую рэальнасць”. Заходнія крытыкі пастаянна прылічваюць яго да сюррэалістаў. Сам мастак гэтаму не пярэчыць, адну з карцін ён прысвяціў Сальвадору Далі, дзе на чырвоным фоне б’ецца сэрца вядомага майстра. Але справа тут не ў назве мастацкага напрамку. Знешне наш час ніякім чынам не прысутнічае на яго палотнах, але ў кожным з іх заключаны пуль­суючы складаны нерв сучаснасці. І ад гэтага не схавацца нікуды — ні ў якую іншую рэальнасць, ні ў якую іншую прастору.

А наогул, кожная яго карціна — загадка. Пустыня і падарожнік, які нясе на сваіх плячах храм. Заарканены кентаўр за імгненне да падзення ў бяздонную яму-калодзеж. Бяззбройныя воіны, якія слепа цягнуцца праз залітую халодным месячным святлом раку. Ікар, які падае ўніз і сімвалізуе разлад паміж жаданнямі душы і магчымасцямі цела. Гадзіннік — як сімвал часу і прасторы, птушкі — людзі, круг — верацяно жыцця, ракавіны — дамы, совы — мудрасць. Сабраныя разам, на першы погляд, нічым не звязаныя фігуры і рэчы ўспрымаюцца ірэальна, як зашыфраванае пасланне. Выяўленчае мастацтва не можа счытвацца павярхоўна, лічыць мастак. А карціна — не проста капіраванне знешняй формы. Мастак дае зразумець, што ўспрыманне сэнсу яго карцін шмат у чым залежыць ад уяўлення самога чалавека. І гэтым ён падштурхоўвае гледача да думкі, што не варта абядняць сваё светаўспрыманне, засяроджвацца на стэрэатыпах, а трэба даць волю ўласнай фантазіі, даверыцца сваёй інтуіцыі і пачуццям.

Віктар Альшэўскі не проста стварае мастацкі вобраз. Гэта яго асабістае разуменне свету, яго досвед, праз які ён нібы ставіць дыягназ  часу. Яго філасофія будуецца на асабістых уражаннях, якія склаліся падчас падарожжаў, з нагоды прачытанага і перадуманага.


Вежа. З калекцыі “Горад”

У дзевяностых гадах у Віктара Альшэўскага пачынаецца новы творчы этап. Ён звяртаецца да сусветнай гісторыі, абапіраецца на яе ў жывапіснай серыі “Лісты часу”. Тое, што мастак лічыць вызначальным, ён вырывае з кантэксту часу і архітэктурнай сітуацыі. Купалы і калоны, фасады і парталы, сфінксы і піраміды, Сан-П’етра і Пізанская вежа, архітэктура Беларусі, Расіі, Італіі, Францыі, Егіпта… Аль­шэўскі часцяком не акцэнтуе ўвагі на абсалютнай дакладнасці або пазнавальнасці, помнікі архітэктуры для яго не становяцца часткай пейзажу, — гэта сляды, знакі дзейнасці чалавека, ілюзіі, новыя з’явы часу і прасторы. А кожны знак, фігура, жэст становяцца ніткай, якая аб’ядноўвае яго з самім собою, з абазначэннем уласнага месца ў свеце, з жыццёвай філасофіяй.

І ўсё ж Віктар Альшэўскі — рэаліст. Магчыма, нехта, упершыню пазнаёміўшыся з яго творчасцю, можа паспрачацца з такім сцвярджэннем. Але гэта так. Напрыклад, на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў яго было шмат партрэтаў, выкананых у самы розны час. І гэта партрэты рэальных людзей, якіх добра ведаў аўтар. Але ў кожным такім партрэце, нараўне з рэалістычным падабенствам персоны, ёсць і нейкія элементы, якія хутчэй можна назваць сімваламі. Гэта манера маляваць, якую вось ужо колькі гадоў вызнае Віктар Альшэўскі. Ён можа злучыць на палатне вобраз сучасніка з нейкім гістарычным прататыпам, тым самым як бы падкрэсліваючы повязь часоў. Ён і сам сябе нярэдка малюе ў рыцарскіх даспехах. Але гэта таксама вобраз, з якім мастак асабіста сябе звязвае. І няхай ён часта адмаўляецца ў сваіх работах ад адлюстравання нейкіх другасных дэталяў. Але тое, што датычыцца галоўнага, — тут усё заўсёды прапісана вельмі падрабязна і дакладна.

Рыцар з адкрытым забралам — такім у творчасці і ў жыцці ўяўляецца Віктар Альшэўскі. Так, у яго часта ў работах прысутнічаюць вобразы рыцараў. І няхай большасць з іх не мае твараў, шлемы наглуха закрытыя. На першы погляд, гэтыя рыцары падаюцца абязлічанымі прадметамі, бездухоўнымі асобамі. Але менавіта сярэднявечная атрыбутыка дапамагае мастаку перадаць свае разважанні аб месцы чалавека ў сённяшнім свеце, яго адзіноту сярод сучаснікаў. І гэта — яго погляд на рэальнасць.


Амаль кожная карціна Віктара Альшэўскага — гэта загадка. На першы погляд, на палатне нічым не звязаныя сілуэты і прадметы ўспрымаюцца ірэальна, як нейкае зашыфраванае пасланне. Але ісціну ў яго работах можа ўбачыць толькі той, хто зможа прачытаць больш глыбока іх змест. У гледача каля карцін Альшэўскага заўсёды вялікае поле для ўяўлення, для нейкіх асабістых разважанняў. На гэта правакуе сам аўтар. Бо ён лічыць, што нельга навязваць камусьці толькі ўласнае ўспрыманне свету і канцэнтравацца на стэрэатыпах. Трэба даць волю фантазіі, інтуіцыі, адным словам, пачуццям. Толькі такім чынам можна трапіць у разнастайны свет філасофіі і творчасці.

Бясспрэчна, Віктар Альшэўскі глядзіць на свет па-філасофску. Ён і ў звычайнай гутарцы часта  “збіваецца” на філасофскі тон: па-дыялектычнаму ўвязвае і тлумачыць сэнс рэчаў, логіку іх паходжання. Адным словам, філо­саф па жыцці. Хоць і мастак па прафесіі. Але адно другому не перашка­джае, хутчэй — наадварот: дапамагае ў мастацтве ісці асэнсаванай дарогай, прадстаўляючы і сябе, як аўтара, ярка і арыгінальна, і новую справу, якую ўзваліў на плечы, весці дастойна.

Мы не раз сустракаліся  з Віктарам  Альшэўскім  у яго майстэрні. На сценах — карціны. Адны — маштабныя, ад якіх вее сімвалізмам, другія — па-хатняму камерныя, цёплыя. І ўсё-такі  мастак  Альшэўскі — больш манументаліст. Любіць буйныя формы, залатыя ўстаўкі, насычае карціны сімваламі, галоўнымі з якіх сам лі­чыць рыцара ў латах і яго даму з белай лілеяй. Як правіла,  ён імкнецца выйсці з традыцыйных рамак карціны,  зразае вуглы, дзеліць палатно на некалькі частак, дабаўляе зверху купалы… Але самае важнае, напэўна, у тым, што Віктар Альшэўскі лічыць Беларусь часткай адкрытага свету, дзе людзям цікавыя і рымскія вулачкі, і егіпецкія піраміды, і нарвежскія фіёрды, і беларускія цэрквы.  Такая  філасофія Мастака.


Для яго пошук уласнай вобразнай выразнасці ўжо даўно стаў асновай творчасці. Мастак вольны ў інтэрпрэтацыі сюжэтаў, віртуозна сумяшчае ў адным творы розныя пластычныя прыёмы, рэмінісцэнцыі класічнага мастацтва і эстэтыку апошніх дзесяцігоддзяў. Ён не баіцца творчых эксперыментаў, свабодна трансфармуе свае работы з дапамогай новых і традыцыйных выяўленчых сродкаў. Віктар Альшэўскі імкнецца раскрыць сутнасць чалавека, адлюстраваць яго зацікаўленасць праблемамі сучаснасці і будучыні. Мастак прыадкрывае заслону ўяўнага свету і ўласнага “я”, канцэнтруе ўвагу на знаках, у якіх утоены яго асабістыя адносіны да спасціжэння спрадвечных каштоўнасцяў жыцця.

Нездарма работы Віктара Альшэўскага запамінальныя. Вялікія памеры, манументальныя вобразы, увага да сімвалічных дэталяў, жаданне выйсці за межы традыцыйнай плоскасці карціны, стварыць прасторавую рэч — усё гэта характарызуе яго як моцную творчую асобу. Гэта ж сведчыць пра індывідуальнасць мастацкага почырку Віктара Альшэўскага, пра яго філасофскае разуменне жыцця,  тонкае і праніклівае яго вытлумачэнне, пра шырыню мастацкіх задум аўтара і сталасць яго прафесійнага майстэрства.

Безумоўна, Віктару Аль­шэўскаму ўдалося стаць прадстаўніком новага мастацкага мыслення, якое ўключае ў сваё разуменне абагульненыя вобразы сусветнай культуры. Тэмамі яго работ выступаюць фрагменты гісторыі і сучаснасці, адарваныя ад прамалінейнай рэальнасці, знакавасць, якая прачытваецца праз адухоўленасць вобразаў і слу­жыць асновай усё той жа своеасаблівай філасофіі мастака.


Так, яго малая радзіма — Бялыніцкі раён. Гэта тыя ж мясціны, дзе нарадзіўся і вядомы ў Беларусі мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля — адзін з найбольш яркіх роданачальнікаў рэалістычнага напрамку ў беларускім выяўленчым мастацтве. Віктар Альшэўскі даражыць тым, што лёсам яму была наканавана не толькі геаграфічная, але і духоўная роднасць з мэтрам айчыннага жывапісу. Ён пастараўся быць добрым паслядоўнікам свайго знакамітага земляка. І гэта ў большай ступені Віктару Альшэўскаму ўдалося.

У яго творчай калекцыі “Легенды нашай цывілізацыі” — пяцьдзясят жывапісных палотнаў, створаных за некалькі апошніх гадоў. Такі буйны праект Віктар Альшэўскі  рэалізаваў упершыню некалькі гадоў назад. Няма нічога дзіўнага, што выставачны маршрут праекта пачынаўся на малой радзіме мастака. Бо яна таксама частка цывілізацыі. Магчыма, не столькі матэрыяльнай, гістарычнай, але, што яшчэ важней, — душэўнай. Экспазіцыя з поспехам прарабіла свой шлях з прыпынкамі ў раённых гарадах Бялынічы, Шклоў, Крычаў, Асіповічы, Бабруйск, выстаўлялася ў абласным цэнтры. Канцэпцыя “Легенд нашай цывілізацыі”, як бачыў яе сам аўтар, — гэта легенды малых і вялікіх гарадоў Айчыны. Зрэшты, як і ўсёй зямной цывілізацыі. Але ў першую чаргу той праект быў прысвечаны роднаму краю: багатаму на сваю гісторыю, на цікавых людзей, іх душэўную прыгажосць. Адчуванне блізкай, духоўнай сувязі з малой радзімай надавала мастаку творчых сіл. І ён здолеў раскрыць тое, што ўсхвалявала простых людзей з глыбінкі, якія прыйшлі тады для знаёмства з яго работамі.

Затым быў праект “Фрагменты Вавілонскай вежы”, у якім мастак усё гэтак жа спрабаваў выказаць імкненні чалавека да пазнання. Цывілізацыя, на яго думку, — гэта агульнасць  культур пры ўсёй іх самабытнасці. І нездарма ў работах Віктара Альшэўскага відаць побач вежы старажытнага беларускага замка ў Міры і абрысы егіпецкіх пірамід. Мастак сам шмат падарожнічаў, а таму бачна і асацыятыўна перанёс на палатно ўсё калісьці ўбачанае. Але ён абавязкова пераасэнсоўвае тое, што адбілася ў яго душы, што запомнілася, што не адпускае з самага дзяцінства. Што важна для разумення аўтарскай пазіцыі, знакавыя вобразы беларускай гісторыі заўсёды знаходзяць у яго работах дастойнае месца сярод усеагульнай гісторыі свету.


Успамінаецца яшчэ адна выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі.  Гэта быў творчы праект мастака, які складаецца з сямі жывапісных палотнаў, тэматычна прысвечаны Мінску. Кожны твор меў свой сю­жэт і даваў магчы­масць гледачу там жа, на выставе, удзельнічаць у філасофскім асэнсаванні і ўспрыманні ўбачанага. У сваіх работах Віктар Альшэўскі вельмі дакладна перадаваў спалучэнне ў беларускай архітэктуры арнаментальных рэльефаў з геаметрычнымі формамі. Гэта, на думку мастака, здольна было стварыць уражанне непаўторных сімвалаў нацыянальнай культуры. Назву і асноўную ідэю выставы Віктар Альшэўскі тлумачыў тады наступным чынам: “Белая Русь — чыстая і асаблівая. Белая — не па прычыне адсутнасці гісторыі і культуры народа. Асаблівасць белай плямы — у глыбокай духоўнасці, стойкасці да жорсткасці і разбурэнняў. Сіла духу народа беларускага — у адраджэнні, калі не раз Мінск і ўся краіна паўставалі з попелу ў вобразе міфалагічнай птушкі Фенікс”.

Праект Віктара Альшэўскага “Белая пляма ў цэнтры Еўропы” наглядна перадаваў глыбіню філасофскіх разважанняў аўтара і  раскрываў вобраз  цэлай эпохі праз вядомыя архітэктурныя сімвалы Мінска, дапаўняючы іх насычанымі рытмамі сюжэтаў з жыцця сучаснікаў.   Сутнасць прадстаўленага творчага і нават у некаторым сэнсе інавацыйнага праекта “Белая пляма на карце Еўропы” можна было выказаць і па-другому:  гэта мастацтва і рэчаіснасць у кантэксце фарміравання сучаснай міфалогіі. Бо не сакрэт, што сёння тэхналагічны прагрэс у нейкай меры ізаляваў свядомасць чалавека, зрабіўшы яго заложнікам свайго гіпертрафаванага індывідуалізму. Разам з тым, у апошняе стагоддзе канструкцыя класічнага выяўленчага мастацтва падвяргаецца разбурэнню: арт-праекты становяцца масавым відовішчам, дзе глядач — акцёр і суаўтар таго, што адбываецца. Нават само паўсядзённае жыццё ператварылася ў нейкую новую форму творчага самавыяўлення. Так, мастацтва перастала жыць толькі ў замкнёнай прасторы галерэй і музеяў, яно расчыніла дзверы і выйшла на вуліцы, плошчы і стадыёны мегаполісаў. Гэты працэс фарміруе пастаянны пошук ісціны, выклікае канфлікт традыцый, відовішчных эфектаў, новых адкрыццяў і філасофскіх разважанняў.

Абавязкова трэба яшчэ раз адзна­чыць, што мастацкі праект “Белая пляма ў цэнтры Еўропы” быў прысвечаны менавіта прыгожаму гораду ў цэнтры Еўропы — Мінску. Праект таксама адлюстроўваў ідэю аўтара аб тым, што шматвяковая гісторыя зямлі беларускай заўсёды была насычана вялікімі падзеямі і культурнымі традыцыямі.


— Мы захапляемся Пецярбургам і Масквой, Парыжам і Лонданам, Рымам і Барселонай… Але, вяртаючыся з падарожжаў,  я не перастаю здзіўляцца непаўторнай прыгажосці нашага Мінска, пакрытага ў розны час белым снегам, восеньскай лістотай або майскай зелянінай, — шчыра гаворыць Віктар Альшэўскі. — І працягваючы ствараць  калекцыю  работ, прысвечаных гэтаму гораду,  хацеў бы, каб пра яго даведаліся іншыя. І, таксама як я, шчыра ім захапіліся.

Вось яна — філасофія мастака. Зрэшты, і цалкам рэальная мэта. Добрая мэта, дзеля якой варта тварыць.

Віктар Альшэўскі (з гутаркі з ім у майстэрні):

— Думаю, што ў наступным годзе я зраблю выставу работ (палотнаў 20), прысвечаных так званаму савецкаму перыяду  архітэктуры нашага галоўнага мінскага праспекта — праспекта Незалежнасці. Калі  ж узяць  тэму “Вавілонскай вежы”,  то і яе я буду  пра­цягваць “будаваць” далей …        

А яшчэ ў яго будзе цыкл работ “Музеі свету” — над ім ён таксама працуе сёння. Гэта таксама вельмі цікавая тэматыка: некаторыя карціны Віктар эксклюзіўна паказаў. І зноў цікавае рашэнне, якое ўласціва майстру, калі ён імкнецца абагнаць час і пабываць  ў нейкім паралельным свеце.

Віктар Міхайлаў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter