У старажытнае майстэрства квілінгу Людміла Булава-Ждановіч марыць прыўнесці нацыянальныя рысы

Такія бязмежныя палёты фантазіі

У старажытнае майстэрства квілінгу Людміла Булава-Ждановіч марыць прыўнесці нацыянальныя рысы


“Сланечнікі”. Фрагмент святочнага пано

Дзіўным чынам увайшоў у жыццё тэхнолага-паліграфіста Людмілы Булавай-Ждановіч квілінг (ад англійскага слова quilling, дзе quill — “птушынае пяро”). Гэта “мастацтва вырабу плоскіх ці аб’ёмных кампазіцый са скручаных у спіралькі доўгіх і вузкіх стужак паперы”. Яшчэ назва: паперакручэнне. Спіралькам надаецца розная форма — і гэта ўжо модулі, з якіх ствараюцца паштоўкі, карціны, рамкі для фатаграфій ды шмат чаго яшчэ. І пры чым тут птушыныя пёры? А на іх раней скручвалі спіралькі… Дык вось, гэта муж Цімафей падарыў Людміле да 7-й гадавіны іх вяселля, у 2012-м, запрашэнне на майстар-клас. “У краму на вуліцы Няміга прыйшло чалавек пяць, і мы з майстрам зрабілі менш чым за гадзіну кожны сваю паштоўку, — згадвае яна. — Просценькая: кветачка, пару лісточкаў, матылёк. Але захоўваю — як успамін пра пачатак майго квілінг-шляху”.

Само ж мастацтва даўняе: узнікла напрыканцы XIV — пачатку XV стагоддзяў у міжземнаморскай Еўропе. Квілінг, лі­чыцца, вынайшлі манахі: абразаючы пазалочаныя краі кніг, накручвалі абрэзкі на кончыкі птушыных пёраў, імітуючы ў бедных цэрквах залатыя мініяцюры. З часам мастацтва пайшло па свеце, асабліва пашырылася ў Германіі, Вялікабрытаніі. Тэхніка, здавалася б, простая, але адточваецца ў мастацтва толькі там, дзе ёсць цярпенне, уседлівасць, спрыт, акуратнасць. Ды яшчэ талент, багатая фантазія. Цікава, што спачатку паперакручэнне прызналі мастацтвам, у XIX стагоддзі лічылі жаночаю забаўкаю, і ўрэшце (эпоха эмансіпацыі...) на яго амаль забыліся. А пад канец тысячагоддзя квілінг зноў стаў мастацтвам. Дзякуючы і таму, што англійская прынцэса Лізавета, цяперашняя каралева, ім захаплялася: яе тварэнні захоўваюцца і ў знакамітым музеі Вікторыі ды Альберта ў Лондане.


Паліграфістка Людміла цяпер яшчэ і рамесніца
Асвоіўшы прыёмы, гаворыць Людміла, трэба падключаць да працы і свае фантазіі. Матэрыялам бярэцца каляровая папера (прадаецца!), а ў кампазіцыі можна ўводзіць і пёркі, засушаныя кветкі, каласкі ды травы, бісер... “Цяпер, калі створаны дзясяткі розных работ, я ведаю: найцікавей мне рабіць карціны, — прызнаецца майстрыха. — На паштоўках напрацавала тэхніку, з’явіўся такі квілінг-спрыт... Рызыкнула рабіць кампазіцыі. Як нацюрморты. Пайшлі заказы, і гады два таму стала рамесніцай: падала заяўку ў падатковую інспекцыю, раз на год плачу падатак — адну базавую велічыню. (Цяпер гэта 210 тысяч рублёў, ці каля 10 долараў. — Аўт.) Што ўмею? Загляньце на старонку ў “Одноклассниках” (сацсетка ў інтэрнэце. — Аўт.). Працуе і “сарафаннае радыё”. Нехта маю паштоўку пабачыў — захацеў і сабе ці сябрам такую... Запрашэнні на вяселлі, падарункі-сувеніры на дзень нараджэння раблю. З заказчыкам часам каляровую гаму агаворваем: у кожнага свой густ. Але масава “гнаць вал” мне ўжо нецікава. Кампазіцыі, арыгінальныя творы — маё. Бывае, нечым загарэлася, нешта ўявіла сабе — з тым і хаджу. Як нешта маленькае гадую ў сабе, што потым народзіцца”.

Далучылася Людміла да квілінгу, калі “сядзела дома” з малым сынам Барыскам. А ў 2013-м, выйшаўшы на працу — яна вядучы тэхнолаг у Выдавецкім цэнтры Беларускага дзяржуніверсітэта — начамі рабіла шмат паштовак. “Мне так падабалася! — загараюцца вочы Людмілы. — Зацягвае такая праца. І дачка-другакласніца Даша спрабуе нешта майстраваць: прыклад мой натхняе. Маторыкі яе рукам яшчэ не хапае, уседлівасці. Увогуле квілінг — гэта добры чараўнік і для дарослых, і для дзяцей. А якую радасць яны з дзядулем Пятром падарылі мне, калі на радзіме мамы, у вёсцы Пагарэлае Асіповіцкага раёна, адзначалі ўлетку маё 35-годдзе! Бачыла з раніцы: нешта круцяць... Стараліся! І мне паштоўку падарылі — у “маёй” тэхніцы. Раней жа толькі сама дарыла. Была вельмі рада, берагу каштоўны падарунак”.

Людміла згадвае яшчэ адну вёску маленства: невялічкую Яцкаўшчыну, што ў Ляхавіцкім раёне Брэстчыны. Бабулі Волі з дзедам Іванам улетку адзіная ўнучка была такою пацехай! А ў малой у стале зберагаўся “цэлы скарб” з паштовак: іх атрымлівалі па пошце, не выкідвалі, захоўвалі як прывітанні ад дарагіх людзей разам з фотаздымкамі. “Некаторыя паштоўкі мне дазвалялі рэзаць нажнічкамі ды нешта з іх майстраваць: аплікацыі, вазачкі, шкатулкі... — расказвае Людміла. — Увесь час, колькі сябе памятаю, мне хацелася ствараць прыгажосць. Неяк у нэце знайшла артыкул пра старыя паштоўкі, іх каштоўнасць. А ўзоры некаторых я ведаю з дзяцінства, з Яцкаўшчыны! Паштоўкі й сама збірала. А Ціма ведаў, што рукадзелле мне цікавае — таму і падарыў майстар-клас. Кажуць, у мяне талент… Гэта, пэўна, Божанька мне такі дар паслаў... Як апору, суцяшэнне. Інакш і не ведаю, як бы жыла, калі вельмі цяжка эмацыйна бывае. Дакладна ведаю: такая праца — не проста забаўка: яна мне надае сілы”.

Між тым пра “аздараўленчы” эфект рукадзелляў добра ведалі нашы продкі-беларусы. І ў хаце бабулі Волі, згадвае ўдзячная ўнучка, яна любавалася вышыванымі саматканымі абрусамі-настольнікамі ды ручнікамі на абразах. “І ў мяне адзін яцкаўскі абрус ёсць, — гаворыць Людміла. — Я і пакрывалы саматканыя памятаю: імі ложкі мы з бабуляй засцілалі. Індыкі прыгожыя на іх, кветкі-ружы... Бабуля і хаднікі — дарожкі на падлогу — ткала. Вышываць любіла: у яе ў прыгожай торбачцы ляжала канва, а таксама горань — так называла мулінэ”.


Кампазіцыя “Дажынкі”

Не чула Людачка ад бабулі пра “лекаванне” рукадзеллем, а з гадамі сама таямніцу спасцігла. Заўважала: адпусціш думкі, працуючы рукамі, не цыклішся на праблеме — і прыходзіць супакаенне, суцяшэнне. Праблема ёсць — але ты ўжо над ёй. “Нездарма жанчыны раней вышывалі, і нават у шляхецкіх сем’ях рукадзеллі былі ў пашане, — разважае Людміла. — Робіш нешта рукамі, а ў галаве ўсё само сабою парадкуецца, раскладваецца па палічках. Здорова назіраць, як з хаосу нараджаецца гармонія. І, пэўна, гэтая гармонія ацаляе мне душу.... Бо калі ў жыцці хаос, няма парадку — у справах, здароўі, у стасунках з людзьмі... — тады нам і неспакойна. Адчуваем сябе няўтульна. Балюча душы. Шкада сябе... А тут праз творчае напружанне хаос-праблема пераўтвараеца ў прыгажосць-радасць: гэта як у казках жаба ў царэўну… Думаю, у народзе здаўна ведаюць пра ўплыў рукадзелля на падсвядо­масць. Звычайна сяброўкі кажуць: ой, трэба “развеяцца”. А як? Праз рукадзелле!”

Ёй асабліва прыемна працуецца, калі нешта атрымліваецца: “Радасць падымаецца прама знутры! Часам хочацца нешта цікавае зрабіць, толькі ўзнікла ідэя — і рухаешся навобмацак, і ўжо ведаеш, прадчуваеш, што ўрэшце атрымаецца. Ёсць у свядомасці эскіз, намёткі, вобраз таго, што шукаю. Вось і адцягваешся з плыні адных думак і пачуццяў ды “ныраеш” у іншую плынь. Кветка... лісточак... І з’яўляецца карціна, і ты ўжо сам — у іншай плыні жыцця. Для мяне квілінг — гэта і самавыяўленне, раскрыццё душы. Я і потым атрымліваю вялікую радасць, калі бачу, як радуецца чалавек прыгажосці. Асабліва калі шчыра, не фармальна: я тое адчуваю”.

Некаторыя працы яе “пайшлі ў свет — і следу ад іх не засталося”. Іншыя — фатаграфуе, дзеліцца фоткамі з сябрамі. На невялічкую кампазіцыю ў яе ідзе два вечары, гадзіны па тры, калі дзеці спяць: з 11 вечара да дзвюх ночы. Больш працы, калі замаўляюць кампазіцыі фармату А3: на юбілеі, напрыклад, ці ў офісы кампаній. Людміла ўжо, напрыклад, рабіла і вялікую аб’ёмную вазу з кветкамі.

А цяпер яе зацікавіла нацыянальная тэматыка. Летась майстрыха зрабіла кампазіцыю “Дажынкі”, прывабліваюць яе і вобразы Купалля, Калядаў, іншых народных святаў. “Мая свякроў была настаўніцай малодшых класаў, цяпер на пенсіі, жыве ў Валожыне, і ў яе свой дом, дзе мы з мужам, яго братам Ільёй любім бываць штогод на Каляды, — расказвае Людміла. — Ірына Барысаўна накрывае стол: сена пад абрус сцеле, сем традыцыйных страў. Атмасферу свята, чакання шчасця, нараджэння Любові, Святла хочацца перадаць: з Каляднаю зоркаю, хаткамі, сняжынкамі ды ўзорамі з інею. Пэўна, асноўны фон будзе цёмна-сіні, месцамі блакітны, прасветлены золатам… Званочкі... Мы ў ноч перад Раством ходзім усе ў царкву — старую, драўляную. Шмат людзей збіраецца. І вобраз храма хочацца перанесці на карціну”.

На пытанне, ці ёсць у яе сакрэты творчасці, Людміла адказвае: “Хіба што мае творчыя фантазіі, пакуль не выявіліся. А яны — бязмежныя. Праз квілінг я спадзяюся разгледзець у сваёй душы шмат цікавага, да пары да часу прыхаванага. Увогуле ж кожны раз бяруся за працу з невялічкай малітваю, і калі заканчаваю твор, то дзякую Усявышняму за дапамогу, падтрымку”.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter