Такі вось «Кукуцапель»

ПРА ТОЕ, што на былым спіртзаводзе здымаюць кіно, сяляне даведаліся выпадкова. Жыхарка вёскі Таццяна Грыпіч прызнаецца, што завод не працуе даўно, а зараз там склады мясцовага фермера. Прыехала яна на склад за капустай, а трапіла на здымачную пляцоўку.

У вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна здымаюць камедыю пра вяскоўцаў

ПРА ТОЕ, што на былым спіртзаводзе здымаюць кіно, сяляне даведаліся выпадкова. Жыхарка вёскі Таццяна Грыпіч прызнаецца, што завод не працуе даўно, а зараз там склады мясцовага фермера. Прыехала яна на склад за капустай, а трапіла на здымачную пляцоўку.

— Здымалі жыццё простай беларускай вёскі. Там і парася бегала, і драўляныя туалеты стаялі. Галоўны герой усё самагонку з сабой насіў і з жонкай сварыўся. На другім паверсе спіртзавода на акно павесілі фіранкі, і жонка выглядала з яго і крычала мужу ўслед: «Кастрыраваць цябе трэба, як ката гэтага, каб да Люські не цягаўся!» Я на здымках кінастужкі была ўпершыню...

А між іншым, кіраўнікі гэтага некамерцыйнага аўтарскага праекта не спяшаюцца раскрываць карты і дзяліцца сюжэтам фільма. Аўтары і прадюсер — самі са Слонімскага раёна, таму даволі добра ведаюць жыццё беларускай глыбінкі і мараць паказаць сваё кіно аб ім на кінафестывалі ў ЕС — каб прапанаваць еўрапейскаму гледачу пазітыўны, добры імідж нашай вёскі і краіны. Сёння вядома адно: гэта будзе камедыя пра вясковых жыхароў. Яе назва «Кукуцапель» (ад слоў «кукуруза — царыца палёў»). Фільм будзе працягам 40 хвілін, і здымкі запланаваны не толькі ў Шылавічах, але і ў вёсках Добры Бор і Падгорная Баранавіцкага раёна і ў Мінску.

— Мой кот прайшоў паспяхова кастынг. А канкурэнтаў было нямала — аж 12. Пушок аказаўся самым дагледжаным, вялікім і тоўстым, і камера яго адразу палюбіла. Праўда, у фільме ён не Пушок, а Хамер. Адзывацца на кінаімя ён пакуль не навучыўся, а разлічваюцца з пушыстым акцёрам «кіцікетам», — расказвае гаспадар аднаго з герояў фільма, жыхар Слоніма Міхаіл Харчанка.

Кіраўнікі праекта плануюць прадставіць фільм гледачу ў канцы лістапада.

— Усе акцёры «Кукуцапель» — непрафесіяналы. Але ўсе апанаваны жаданнем зняць смешны фільм пра добрых і светлых людзей. Разумеем, што камедыя — жанр цяжкі, але з экранаў тэлевізара ідзе зашмат негатыву. Ад нашага фільма глядач адпачне душой, — упэўнены дырэктар стужкі Аляксандр Лапацін.

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter