Ён стаiць ля вытокаў лапараскапiчнай хiрургii ў Беларусi i адчувае сябе спакойным толькi тады, калi ў яго аддзяленнi ўсё ладзiцца
Лёс падараваў мне сустрэчу са знакамiтым вучоным, доктарам медыцынскiх навук, прафесарам, загадчыкам хiрургiчнага аддзялення Рэспублiканскага клiнiчнага медыцынскага цэнтра Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта Беларусi Сяргеем Сцебуновым.
У аддзяленнi, якое ўзначальвае Сяргей Сцебуноў, працуюць добрасумленныя i мiласэрныя людзi, прыемна, што ў гэтым калектыве пануюць дабрыня i спакой. Выконваюцца самыя розныя складаныя аперацыi з прымяненнем сучасных хiрургiчных тэхналогiй, у тым лiку лапараскапiчныя, пластычныя аперацыi.
— Аперацыя за аперацыяй, цяжкiя хворыя, радасць удач i вялiкi боль ад таго, што не вярнулi чалавеку жыццё. Бо дарыць жыццё i здароўе людзям, якiя трапiлi ў бяду, гэта шчасце для любога доктара, — гаворыць Сяргей Сцяпанавiч.
Прафесар Сцебуноў — выпускнiк Вiцебскага медыцынскага iнстытута. Ён скончыў яго з чырвоным дыпломам, а ўжо праз два гады абаранiў кандыдацкую дысертацыю i быў запрошаны на кафедру хiрургiчных хвароб iнстытута. Праз сем гадоў доктара Сцебунова перавялi ў Мiнск на адказную пасаду намеснiка галоўнага ўрача лечкамiсii.
Доктарскую дысертацыю Сяргей Сцяпанавiч абаранiў у 2002 годзе. Усе вiншавалi самага маладога ўрача. Было яму толькi 36 гадоў.
Час ляцiць. Доктар Сцебуноў стаў прызнаным вучоным. Аб’ездзiў паўсвету, дзе не толькi пераймаў вопыт, але i дзялiўся сваiм. Менавiта ён, Сяргей Сцебуноў, стаяў ля вытокаў лапараскапiчнай хiрургii i ў Беларусi. Па яго кнiзе вучацца ўрачы гэтай спецыяльнасцi. Усяго Сяргей Сцяпанавiч выканаў больш як 5 тысяч i цяжкiх, i лягчэйшых аперацый. А яму толькi 44 гады. Усё яшчэ наперадзе.
Сяргей Сцяпанавiч знаёмы з многiмi славутымi людзьмi. Калi ў Мiнск прыязджаў лаўрэат Нобелеўскай прэмii Жарэс Алфёраў, яму захацелася сустрэцца з маладым беларускiм вучоным Сцебуновым. I неўзабаве сустрэча адбылася. Яны нават сфатаграфавалiся разам. Славуты вучоны, слухаючы доктара, хвалiў яго за вялiкiя дасягненнi, прымаўляючы некалькi разоў свае любiмыя словы: «Так трымаць!»
Сапраўды, так i трымайце, Сяргей Сцяпанавiч!
Алена ВIЛЬЧЫНСКАЯ, журналiст, выдатнiк народнай асветы