У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася незвычайная выстава — “Францыск Скарына і наш час”

Такі разнастайны Скарына

Хочаце прымераць на сябе вобраз Францыска Скарыны? Завітайце ў Нацыянальную бібліятэку. Тут адкрылася незвычайная выстава — “Францыск Скарына і наш час”. Падыходзім да стэнда з выявай вялікага асветніка, прасоўваем галаву ў адтуліну — і вуаля, на фота ўсе ўбачаць вас у шаснаццатым стагоддзі ў вобразе Францыска.


Тут вы не сустрэнеце фаліянтаў і манументальных палотнаў. Затое здзівіцеся, наколькі вобраз Скарыны, дзякуючы якому мы адзначым 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання, увайшоў у наша паўсядзённае жыццё. Сапраўдны вядомы нацыянальны брэнд!

Экспанаты збіралі ўсюды. Па музеях, школах, ва ўласных кватэрах. Кафэ “У Францыска” прадаставіла піўныя куфлі, талеркі, вокладкі меню — усё са знакамі першадрукара. Побач за шклом — хэнд мэйд, Скарына сваімі рукамі. Мілыя вырабы вучняў полацкай гімназіі любога прымусяць усміхнуцца. Ды чаго там толькі няма! Кубкі, упакоўкі заваркі, пакеты для пакупак, ручкі... Вось пластыкавыя банкаўскія карты з выявай Скарыны. Вось гімназічная форма... Размалёўкі для дзяцей выкарыстоўваюцца радаснымі юнымі наведвальнікамі тут жа.

Дарэчы, для нагляднасці экспазіцыя падзелена на стэнды. Вітрына “Навуковец”: гальштук, партфель, брашуры, матэрыялы канферэнцый, ручкі. Поўная экіпіроўка! Між іншым, асабістыя рэчы куратара выставы Аляксандра Сушы. Стэнды “Школьнік”, “Калекцыянер”, “Банкаўская справа”... Скарына ўсюды!



Студэнт


Гэты персанаж сустракае нас прама ля ўвахода. Манекен, апрануты ў яркую чырвоную майку, якая сцвярджае, што Францыск Скарына — канкрэтны мажор. Вялікі палачанін са змоўніцкай усмешкай салютуе нам піўным куфлем... Так, у маладзёжнай субкультуры вобраз першадрукара таксама засвоены! У “студэнта” ёсць “сяброўка” — таксама манекен, толькі на яе майцы Скарына ў выглядзе... чумнога доктара. А чаму б і не? Мы забываем, што наш Францыск — не бронзавы статуй. Ён улюбляўся і шпіёніў, займаўся алхіміяй і, вядома, практыкаваў як доктар. А паколькі эпідэміі былі справай звычайнай, цалкам магчыма, што даводзілася прымерваць злавесны касцюм са скураной “дзюбай” на масцы, куды змяшчалі абеззаражвальнае зелле. Да модных прыкідаў студэнтаў якраз пасуе рукзак, увешаны значкамі. Значкі — просты і даступны спосаб прадэманстраваць свае ідэі і прыхільнасці. Чаму ж не нацыянальнага героя?


Ордэн Францыска Скарыны


Што спадабалася — экспанаты не безаблічныя, яны амаль заўсёды маюць канкрэтных уладальнікаў. У вітрыне, прысвечанай узнагародам, — медаль і ордэн. Медаль Францыска Скарыны належыць Галіне Кірэевай, загадчыцы аддзела Нацыянальнай бібліятэкі. Свой ордэн Францыска Скарыны для экспанавання прадаставіў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі.

— Скарына — наш генiй, вялiкi гонар мець узнагароду, якая носiць яго iмя. Ягоныя прадмовы да кнiг я выдаваў бы асобнымi брашурамi i раздаваў кожнаму беларусу! — лічыць кавалер ордэна.

Першая скарынаўская марка


Можа, гэты экспанат і не вельмі кідаецца ў вочы. Але ўнікальны: першая паштовая марка з выявай Францыска Скарыны! Яна выпушчана ў 1921 годзе. Марка вельмі рэдкая, філатэлісты спрачаюцца, ці не яе лічыць першай беларускай, паколькі, паводле некаторых дадзеных, яна магла быць надрукавана і ў 1918-м. Як піша калекцыянер Леў Коласаў: “У цэнтры выява Скарыны з гравюрнага партрэта з “Бібліі”. Адрозніваецца выключнай тонкасцю і дакладнасцю прапрацоўкі твару, фігуры, адзення ды іншых дэталяў. Уверсе надпіс кірыліцай “Беларусь. Пошта”. Унізе лацінкай дробнымі літарамі надпіс “Францыск Скарына з Полацка. 1517-1917”.

Акрамя гэтага рарытэта, у вітрыне і іншыя маркі з выявай асветніка, выпушчаныя ў БНР, БССР, у суверэннай Беларусі.


Экслібрысы


Беларуская кніга і Францыск Скарына — паняцці непадзельныя. Нярэдка вобраз першадрукара выкарыстоўваецца ў экслібрысах, штампах для хатніх бібліятэк. “Правільны” экслібрыс — твор мастацтва. Такія прадаставіў вядомы калекцыянер Алег Судлянкоў. Вось скарынаўская сімволіка на экслібрысе хатняй бібліятэкі Міхаіла Міцкевіча, сына Якуба Коласа. А вось незвычайны экспанат.

— Гэта не проста экслібрыс вядомага мастака Віктара Шматава, зроблены ім самім, — расказвае калекцыянер. — Мы можам убачыць усю тэхналогію. Вось першапачатковы малюнак алоўкам на паперы, драўляная дошчачка, на якой ён выразаны, адбітак.

Твар Скарыны на штампе задуменна-натхнёны: асветнік відавочна рыхтуецца запісаць думкі, якія нараджаюцца. Нам, нашчадкам, для навучання.


Магніцікі і латарэйны білет


У свой час 500-годдзе Францыска Скарыны таксама не прайшло неадзначаным. Пяцьдзясят гадоў таму, яшчэ ў Савецкім Саюзе, Міністэрства культуры БССР арганізавала юбілейны выпуск грашова-рэчавай латарэі. Розыгрыш адбыўся 7 верасня 1990 года, у вельмі нялёгкі час ломкі палітычнага ладу. Вось білет таго выпуску. Не ведаю, ці выйгрышны. Наўрад ці, вядома, у такім разе ён не стаў бы экспанатам. Затое выйгралі мы ўсе, атрымаўшы магчымасць сузіраць забаўны настальгічны артэфакт.

Цікава, ці разыгрываўся ў той латарэі халадзільнік, які-небудзь “Мінск” з нервовым буркатаннем? Сёння халадзільнік — яшчэ адно месца... прапаганды. Так-так. Магніцікі — тое, што мы прывозім адусюль, што кожны дзень бачым, прыйшоўшы на кухню. У беларуса там проста павінен быць Францыск з Полацка! Вось іх колькі, магніцікаў з яго партрэтам — на любы густ!

Людміла Рублеўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter