Беларускія выданні знаходзяць чытачоў у Казахстане

Так мацуецца сяброўства

Беларускія выданні знаходзяць чытачоў у Казахстане

Беларускія выданні знаходзяць чытачоў у Казахстане


Каляндар кніжных кірмашоў на постсавецкай прасторы, які штогод па традыцыі адкрываецца ў лютым у Мінску, пасля працягваецца ў іншых краінах. І ранейшая казахстанская сталіца Алматы — адзін з тых адрасоў, дзе збіраюцца кніжнікі з краін СНД і ўсяго свету.


Паэтэса Любоў Шашкова

Чым уразіла, захапіла сёлетняя сустрэча выдаўцоў, паліграфістаў, пісьменнікаў у Казахстане? Беларуская дэлегацыя на кірмашы “Па Вялікім Шаўковым шляху” была прадстаўнічай: супрацоўнікі міністэрства інфармацыі, кіраўнікі выдавецтваў і друкарняў краіны. Увага наведнікаў уражвала: да беларускай кнігі цягнуцца, яе жадаюць набыць — як і мастацкую, так і пазнавальную, адукацыйную літаратуру. З кніг Выдавецкага дома “Звязда” карысталіся попытам зборнікі серыі “Сугучча сэрцаў” (дзе на рускай мове прадстаўлена літаратура краін СНД і пераклады твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў), альманахі “Сугучча”, “Калекцыянер”, кнігі Анатоля Бутэвіча, Уладзіміра Ліхадзедава, іншыя выданні гістарычна-асветніцкага характару.

Пад час кірмашу было шмат мерапрыемстваў, якія праводзіліся за межамі экспазіцый, выставачнай пляцоўкі: сустрэчы ў выдавецтвах, друкарнях, канферэнцыі ды “круглыя сталы” ва ўніверсітэтах, Нацыянальнай бібліятэцы. Па традыцыі актыўна працавала дэлегацыя кніжнікаў і выдаўцоў, арганізатараў выдавецкай справы Расіі. Госці з Масквы асаблівую ўвагу акцэнтавалі на кнігах, адрасаваных дзецям, а таксама — на падручніках.

На “круглым стале”, які ў плыні  кірмашу правёў Інстытут літаратуры і мастацтва імя Мухтара Ауэзава, размова ішла і пра беларуска-казахстанскія літаратурныя сувязі. З дакладам выступіў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч. Іншыя выступоўцы — кандыдаты філалагічных навук Святлана Ананьева (дарэчы, беларуска) ды Айнур Машукава, доктар філалагічных навук Алімжан Талівалдзі-Хамраеў — таксама закраналі тэмы беларуска-казахстанскіх стасункаў.

Гасцямі беларускага стэнду на кірмашы ў Алматы былі перакладчык Кайрат Бакбергенаў, галоўрэд часопіса “Простор” Валерый Міхайлаў, паэтка-беларуска з Казахстана Любоў Шашкова, іншыя творцы, якія цікавяцца нашай літаратурай, друкуюцца ў Беларусі, маюць уяўленне пра сучасны літаратурны працэс у нашай краіне. Іх цікавілі і кніжныя навінкі, і літаратурныя навіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter