Так бы мовiць

Сёння - Дзень роднай мовы

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але ў гэты дзень галоўным аб'ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі — беларуская.

Даўней яна была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы. Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з'явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м у Празе доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу — Біблію па-беларуску.

Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той мовы, якую мы за-вём нацыянальнай і матчынай.

* * *


Звычайна раніцай — тэлевізар фонам. Такая ж, як і ў мяне, напэўна, у многіх завядзёнка. Няма калі перад экранам затрымлівацца. Спешка. А тут зачапілася. Двое папулярных тэлевядучых ранішняй праграмы, якіх штодзень чуем па-руску, чыталі ўрыўкі беларускай прозы. Пэўна, якраз заспела я ў эфіры час рубрыкі, прысвечанай роднаму слову. 

Вялікую цікавасць выклікалі ўрачыстасці, прысвечаныя Дню роднай мовы, праведзеныя ў Пасольстве Беларусі ў Маскве
Фота БЕЛТА

Шчыра сказаць, атрымлівалася ў тэлезорак не надта каб. Неяк занадта напружана і скавана. Адчувалася, што яны стараюцца правільна ўсё вымаўляць і быць нязмушанымі, нават дыялогі герояў імкнуцца інтанацыяй абыгрываць, але было відавочна, што такія моўныя практыкаванні — справа для іх нязвыклая і досыць складаная. 

Урывак я даслухала да канца, і цэлая гама эмоцый узнялася. Не, не было ніякага абурэння ці здзеклівай насмешкі, маўляў, вось табе і зоркі тэлеэкрана. Наадварот, з той нагоды, што медыйныя персоны ўзяліся папулярызаваць родную мову, можна толькі парадавацца ды падтрымаць іх у гэтым пачынанні. Але ўсё ж, гледзячы на гэтыя спробы, было і крыху сумна, і крыху крыўдна, і крыху прыкра. 

Няўжо складаней яна за якую замежную — наша родная мова? Чаму валодаць англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай сёння неабходна і прэстыжна, а роднай — не? 

Асабіста ў мяне з ёю праблем ніколі не ўзнікала. Не, я нічога не рабіла спецыяльна, каб яе дадаткова і дасканала вывучыць, і не гадавалася ў вёсцы —  сталічная жыхарка, і вучылася ў звычайнай мінскай школе. Але натуральна і свабодна магу перайсці на беларускую, калі на ёй гаворыць суразмоўнік, і не адчуваць з-за таго нейкай натужнасці. 

Мова ўва мне заўсёды, яна са мной з дзяцінства.  

Колькі памятаю сябе, у нашай сям’і мірна панавала двухмоўе. І гэта нікому не перашкаджала і ніякім стасункам не замінала. Мама размаўляла па-руску. Тата — выключна па-беларуску. Прычым чыста, без трасянкі. І дома, і на працы, і з суседзямі, і ў краме, і на сяброўскім застоллі. Інакш не ўмеў. Дакладней, у яго кепска атрымлівалася. Бо думаў па-беларуску. Таму калі даводзілася пераходзіць на рускую, пачынаў марудзіцца, падбіраючы патрэбныя словы, адчуваў сябе ніякавата. У вымаўленне адразу лезлі характэрныя нашы дзеканне, цэканне, чэканне, гэканне. Натуральна і звыкла для яго было размаўляць на роднай матчынай мове.

Мова ў мяне ад бацькі, і я ўдзячная яму за гэты каштоўны набытак, які, як кажуць, плечы не цягне. Ведаеце, яна вельмі проста і лёгка засвойваецца, калі ад нараджэння чуеш яе штодзень. І нават калі на ёй не гаворыш, выдатна ўсё разумееш і сам таго не заўважаеш, як назапашваюцца ў галаве і выспяваюць у душы яе цудоўныя словы — кармяныя, ядраныя, пявучыя, яскравыя, пяшчотныя, гаманкія... Каб дачакацца раней ці пазней быць прамоўленымі.

Паводле апошняга перапісу, роднай беларускую мову назвалі 60% насельніцтва краіны. Але карыстаюцца ёй толькі 30% жыхароў. Так, для большасці нашых грамадзян мова не з’яўляецца пастаянным сродкам зносін у паўсядзённасці. Каюся, з гэтага ліку і я. Прычыны ў кожнага свае: не хачу, не ўмею, саромеюся, няма моўнага асяродку, баюся быць незразумелым, высмеяным ці якія іншыя. 

Тым часам некаторыя эксперты з аптымізмам лічаць, што сёння беларуская мова праяўляе даволі высокую ступень жыццёвасці, актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку, напрыклад, у інтэрнэт-прастору, што дэманструе яе рэальную запатрабаванасць і жаданне людзей, у тым ліку і маладых, ёю карыстацца. Дарэчы, звярнула ўвагу: у Мінску ўжо не дзіва пачуць на вуліцах беларускую гаворку менавіта ад моладзі. Можа, да часу наступнага перапісу ў 2019-м штосьці і зменіцца ў лічбах у лепшы бок? 

21 лютага свет адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. А што калі хаця б на працягу гэтага дня размаўляць з калегамі, сябрамі, блізкімі па-беларуску, пашырыць неабходнае для развіцця беларускай мовы асяроддзе? 

Мова ж жыве, пакуль на ёй гавораць. Варта толькі адважыцца. Можа, паспрабуем?

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...