Сувениры из кожи, голуби, зубры и лошади: чем живет небольшая деревушка Табольская будка

Табольская будка — сэрца незабудка

Пра вёску Табольская Будка Верцялішкаўскага сельсавета не скажаш, што яна памірае, хоць засталося тут усяго 4 карэнныя жыхары. Знаходзіцца яна за 15 кіламетраў ад Гродна, таму праблема старога жылля тут неактуальная. Гараджане скупляюць вясковыя домікі пад дачы і абіваюць парогі сельсавета ў пошуках вольных зямельных участкаў пад будаўніцтва. Зручнае і маляўнічае месца прыцягвае няхай не для пастаяннага жыхарства, але хоць бы для таго, каб збегчы ад гарадской мітусні, стаць крыху бліжэй да прыгажосці спрадвечнай. Чым жыве невялікая вёсачка з цікавай назвай, чаму радуюцца старажылы і гарадскія, якія прыехалі?



Баба Ядзя і яе выбар

Едзем у вёсачку разам са старшынёй Верцялішкаўскага сельсавета Сяргеем Сіняковым і загадчыкам амбулаторыі Ліліяй Бахаравай. Пейзаж на адзінай вуліцы Табольскай Будкі цешыць вока. Дыхтоўныя новыя дамы выгадна глядзяцца па суседстве са сціплымі драўлянымі хатамі мясцовых. У доме № 5 за чырвоным металічным плотам жыве адна з найстарэйшых жыхарак вёскі – Ядвіга Курпіс. 

– Заязджаў да яе 17 лістапада, у дзень выбараў, – была ў гуморы, – кажа Сяргей Віктаравіч.

Загадчык амбулаторыі Лілія БАХАРАВА і 90-гадовая бабуля Ядвіга КУРПІС.
Праходзім у хату. Холадна. Аказваецца, бабуля не вельмі добра сябе адчувае. Пра гэта нам расказвае суседка Соф’я Бачко, якая прынесла Ядвізе Міхайлаўне пельмені ўласнага прыгатавання. Усе ў акрузе ведаюць, што пытацца пра абстаноўку трэба ў бабы Ядзі. Бабульцы 90 гадоў, але яна заўсёды ў курсе мясцовых навін, ніхто не застанецца незаўважаным. Бабуля запэўнівае: турбавацца няма чаго.

– Можа, нерв зашчамiла? – выказвае здагадку гарадская жыхарка, звяртаючыся да эфектнага доктара ў белым халаце. 

Лілія Люцыянаўна аглядае нагу і запэўнівае, што пасля абеду дашле машыну, каб бабулі зрабілі ўкол. На месцы прапануе змераць ціск. 

– Вось гэта чалавек! – ківае Ядвіга Міхайлаўна ў бок суседкі. – Без яе цяжка было б мне. 

Бабуля ўспамінае часы, калі ў кожнай хаце жылі вялікімі сем’ямі. Сама яна таксама не з мясцовых. Прыехала сюды да мужа з вёскі Белая Скідальскага сельсавета. 

– Муж мой быў літовец, – паказвае фота гаспадыня дома. – Бачыце, якая добрая я была? А ён сюды прыехаў на працу, меліяратарам. Так і жылі. Дзетак у нас двое. Што раней за жыццё было? Працавалі. Вайну памятаю. Як немцы на матацыклах ездзілі. Мне было 15 гадоў тады. Страшна. 

– А жыўнасць трымаеце?

– Каровы былі, свінні, – махае рукамі баба Ядзя. – Дзетачка, як даўно гэта было, цяпер я за птушкай ужо глядзець не магу – сіл няма. 

Больш субяседніца ні на што не скардзіцца. Аўтакрама сюды прыязджае. Бабуля Ядвіга любіць сябе папесціць пернічкамі. Часцяком купляе, як яна выказваецца, «гарадскую» каўбасу і «модныя» цукеркі.

Каханне і галубы 

У двары дома насупраць, праз сетку-рабіцу, бачым пажылога мужчыну. Ілья Грынь абапіраецца на хадункі, з цяжкасцю перасоўваючы ногі. 

– Галубоў трымаеце яшчэ? – пытаецца кіраўнік сельсавета. 

– Трымаю. Хаця зараз ужо не я хутчэй, а жонка. Не магу. Пасля інсульту ніяк не аднаўлюся. 

Раней Ілья Грынь працаваў начальнікам цэха эксплуатацыі на «Гродна Азоце».

Старшыня Верцялішкаўскага сельсавета Сяргей СІНЯКОЎ, загадчык амбулаторыі Лілія БАХАРАВА і Ілья ГРЫНЬ.

– Транспарту было 300 адзінак, – з сумам у вачах успамінае аб ранейшым актыўным жыцці мужчына. – Жонка загадвала магазінамі ў горадзе. А гэта – бацькоўскі дом. Вось яны працавалі ўсё жыццё на зямлі. 

– Можа, ведаеце, чаму вашу вёску так назвалі? 

– Жыў тут адзін вядомы на ўсю акругу яўрэй-рамеснік у маленькім доміку-будцы. А за некалькі кіламетраў ад нас знаходзіцца вёска Табола. Дык вось па месцазнаходжанні яго жылля і вёску назвалі.

Гродзенскі раён, вёска Табольская Будка.

Бізнес на скуры

На самай справе назва вёскі магла быць утворана ад празвання, якое ўзнікла на аснове ўсходнеславянскага слова «табола». У старабеларускай мове так называлася сумка, у рускай «таболка» – торба, кайстра, ва ўкраінскай «тобілка» – скураная сумка. Празванне Табола мог атрымаць той, хто насіў або вырабляў такія сумкі. І такія людзі тут ёсць. 

Аказалася, што пенсіянерка Соф’я Бачко, якая наляпіла бабулі Ядзі пельменяў, прыязджае ў Табольскую будку з Гродна. Яна дапамагае дачцэ Але па гаспадарцы ў яе адсутнасць і ў вольны час наведвае адзінокую вяскоўку. Цікава, што дачка купіла тут домік ужо больш за 17 гадоў таму. Дзяўчына з дзяцінства вельмі любіла коней. 

– Як ні адгаворвала яе ад гэтага кроку – нічога не атрымалася, – наракае жанчына. – Не хоча ў горадзе жыць. І ўсё тут. Кватэра ёсць. Спачатку сварылася, а цяпер змірылася. 

Суседка Соф’я БАЧКО.

На месцы прыгожага ўтульнага дома з дагледжаным дваром былі руіны. Пазней гродзенка выкупіла і будынак былога вясковага магазіна, завяла некалькі коней. 

– Спецыяльна шукала няшумную вёску, – успамінае гараджанка. – Спачатку выкарыстоўвала дом як дачу, а потым цалкам перасялілася сюды. Аформіла рамесную дзейнасць. Зараз закупляе скуру і шые самыя разнастайныя рэчы: кашалькі, ключніцы, рамяні, сумачкі, чахлы. Гандлюе ў пэўныя дні на вуліцы Савецкай у Гродне. Любім за зубрамі назіраць. Яны, бывае, з лесу выходзяць. Прыгожае відовішча. Бывае, цэлы статак выходзіць. Неяк дзік завітаў у госці. 

Зуброў тут сапраўды хапае. Перыядычна на ўчастку дарогі Гродна – Азёры ад павароту да вёскі Табольская Будка да Стрыеўкі дзейнічае абмежаванне хуткасці 70 кіламетраў у гадзіну. Такое рашэнне прынята ў сувязі з тым, што тут з пачатку года адбылося некалькі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам зуброў. Асабліва востра праблема адчуваецца ў асенне-зімовы перыяд.



Каняферма: быць або не быць

Літаральна за некалькі соцень метраў ад вёсачкі размяшчаецца каняферма «Табольская Будка». Яе пабудавалі тут яшчэ ў 1990-х. Пазней з’явіўся манеж, арганізавалі дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. У свой час тут праводзіліся кубак Балтыкі, міжнародны турнір памяці Анатоля Трафімчука.

Вучацца тут у асноўным гарадскія дзеці. Ды яшчэ ўладальнікі коней, якія не маюць магчымасці даглядаць высакародных жывёл самастойна, аддаюць іх на ўтрыманне, заключыўшы дамову з мясцовай гаспадаркай. Плацяць за догляд, кармленне, прыязджаюць сюды толькі пакатацца. Выгадаваныя ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Праг-рэс-Верцялішкі» коні з году ў год перамагаюць на розных спаборніцтвах. Калекцыя ўзнагарод, заваяваных на спаборніцтвах самых розных узроўняў, уражвае. Імёны трэнераў і іх выхаванцаў вядомыя далёка за межамі Гродзенскага раёна. 

Каняферму «Табольская Будка» пабудавалі тут яшчэ ў 1990-х.

Але сёння каняферма «Табольская Будка» знаходзіцца пад пагрозай закрыцця. Утрыманне коннаспартыўных комплексаў падобнага ўзроўню – справа затратная. Сёння тут утрымліваецца больш за сто коней. Калісьці іх з задавальненнем куплялі для сябе масквічы, верцялішкаўскія скакуны дагэтуль служаць у расійскай коннай паліцыі. Але зараз попыту няма. Пакуль пытанне знаходзіцца ў падвешаным стане... 

Дачныя вёскі

Старшыня Верцялішкаўскага сельсавета Сяргей Сінякоў канстатуе: многія населеныя пункты з гадамі ператвараюцца ў «дачныя вёскі». Сёння да такіх можна аднесці і Табольскую Будку. 

– Зараз попыт на зямельныя ўчасткі і дамы на тэрыторыі Верцялішкаўскага сельсавета вельмі вялікі. Аднак большасць тых, каму ў спадчыну дасталіся бацькоўскія дамы ў вёсцы, не спяшаюцца з імі расставацца. Нашчадкі прыязджаюць сюды ўлетку на адпачынак, корпаюцца ў гародзе, здымаюць з дрэў ураджаі яблыкаў і груш. У вёсцы няма скучанасці адпачывальнікаў, больш прастору, чысцей і больш лесу. А ў зімовы час тут заўсёды застаюцца мясцовыя жыхары, якія дагледзяць хаткі. Як бачыце, узаемадзеянне мясцовых жыхароў і дачнікаў дае свой станоўчы вынік. Думаецца, што не толькі Табольская Будка, але і іншыя вёскі нашага сельсавета будуць жыць і далей. 

kondratsieva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter