Сюжэты з вясковага двара

Дзіўнае, часам вельмі нечаканае ёсць у жыцці ўсіх раслін...

Дзіўнае, часам вельмі нечаканае ёсць у жыцці ўсіх раслін. І каб убачыць гэта, не трэба ехаць у далёкія экзатычныя краіны. Нашы звычайныя кветкі, травы, кусты, да якіх мы прывыклі, тояць у сабе столькі цікавага, загадкавага, варта толькі запасціся цярпеннем і назіраць, назіраць. Адкрыцці чакаюць вас у любым вясковым садзе, агаро-дзе, нават у двары, як гэта адбываецца на нашай сядзібе. Вось толькі два займальныя, на мой погляд, сюжэты.

Упартыя бабкі

У гэтым куточку нашага двара расце шмат падарожніку. Часта ў Беларусі гэтая расліна мае мясцовую назву бабка. Проста дзіўна, чаму бабкі аблюбавалі ў нас самае неспакойнае месца, дзе летам — быццам кухня, безупынку ходзім, рыхтуем для засолкі агуркі, мыем посуд, карацей, усё вытаптана, нават трава марнее. А бабкі, наадварот, моцныя, сакавітыя, зялёныя, быццам такое бойкае месца — ідэальныя ўмовы для іх жыцця і размнажэння.

Паводзяць сябе бабкі па-рознаму, у некаторых няма ніякай логікі, ды й толькі. Самая разлапістая здорава расце каля бетоннай пліты, па якой мы ходзім. Больш таго, частку пліты займае шырокае лісце бабкі. Нам шкада яго таптаць, і я раз-пораз акуратна папраўляю лісце, кладу яго на траву. Дарэмна: літаральна праз дзень лісце зноў упарта выпаўзае на пліту, і часцей такое бачым раніцай, калі трава купаецца ў густой свежай расе. Ну што тут рабіць? Па ўсяму відаць, што “арэнда” часткі пліты бабцы на карысць. Прыкарнявыя лісты ў яе крэпкія, трымаюцца ўпэўнена, тыя ж, што так упарта імкнуцца на пліту, доўгія і шырокія, як тая далонь. Бабка выкінула спачатку тры сцябліны, потым яшчэ сем, яны так хутка пайшлі ў рост, што дасягнулі сантыметраў дваццаць. На іх высыпаліся дробныя бураватыя кветачкі, і сцябліны чымсьці нагадваюць жытнёвыя каласы. Дзесяць сцяблін — своеасаблівы рэкорд для бабкі.

Даўно і мудра вызначыла прырода, як і дзе жыць гэтым самым бабкам. Яны надта любяць вясковыя агароды, быццам хочуць быць бліжэй да людзей. Часцей за ўсё растуць каля дарог, на палях, зрэдку на лугах, на лясных палянках і берагах вадаёмаў. Па-другое, бабкі надзвычай пладавітыя, некалькі тысяч штук насення дае адна на працягу сезона. І тут зноў ёй дапамагаюць людзі. Калі пачынаюцца асеннія дажджы, шматлікае насенне лёгка прыліпае да абутку людзей, колаў аўтамабіляў, якія рухаюцца па дарозе. Яшчэ насенне разносяць сваімі капытамі каровы і коні, што пасуцца ў полі ці на лузе.

Так што новыя мясціны для размнажэння і прадаўжэння роду бабкі асвойваюць хутка і лёгка. Ёсць у іх гісторыі і выключная падзея — калісьці пераплылі Атлантычны акіян. Зноў жа з дапамогай людзей: нехта занёс насенне на карабель у сваёй вопратцы, а мо прыліпла яно да грузу, які адпраўлялі ў далёкую заморскую краіну. Як бы тое нi было, але ж еўрапейскія бабкі апынуліся ў Паўднёвай Амерыцы, добра там прыжыліся, і мясцовыя жыхары называюць іх слядамі белага чалавека.

Хаця і пустазелле, але ж карысць ад бабкі немалая. Прэпараты з яе лісця вельмі памагаюць пры захворваннях страўніка, органаў дыхання, для спынення крывацёку і так далей. Знаходзіць яна прымяненне і ў касметыцы.

Не ведаю, як бы мы, вясковыя хлапчукі, і выходзілі са складаных сітуацый у пасляваенным дзяцінстве, калі прабівалі ступнi ржавымі цвікамі, а такое здаралася даволі часта, бо ўсё лета хадзілі басанож. З глыбокай і вельмі небяспечнай раны цячэ кроў, ты зрываеш некалькі лістоў бабкі і хутчэй дамоў. “Мама, я нагу параніў, во бабка”, — і працягваеш гэтае лісце маці. “Ну вось, зноў бяда, — папракала яна. — Добра, што з лекамі прыбег. Давай іх сюды”.

Маці густа змазвала лісты смятанай, прыкладвала іх да раны, туга перавязвала, і маёй назе некаторы час патрэбен быў спакой. Бабка-лекар ніколі не падво-дзіла: рана хутка загойвалася, ніякіх нарываў.

Зверабой і мальва

Прыгожая кветка — мальва. У вёсцы, дзе наша хата, раней яе не было. Як толькі мы прыдбалі тут зямельны ўчастак, мая жонка, апантаная любоўю да кветак, пасадзіла насенне і мальвы, з надзеяй, што прымецца. І хаця гэтая кветка даволі капрызная, але ў нашым садзе і агародзе прыжылася добра і разышлася ўсюды: па ўзмежках, абапал дарожак, пад дрэвамі… Нават на градках, дзе кожную вясну прыходзіцца маладыя кусцікі або перасаджваць, або проста зніш-чаць, каб не перашкаджалі гародніне.

Усё лета і да позняй восені наш участак багата расквечаны чырвоным, цёмна-бардовым, ружовым і светла-ружовым колерамі — цвіце мальва. Яе сцябліны моцныя і высокія, з мноствам вялікіх кветак. Яны неадольна цягнуцца ўверх, на іх з’яўляюцца ўсё новыя пупышкі, якія чакаюць сваёй чаргі, каб расцвісці. Крыху незразумелая сітуацыя: на нашай сядзібе мальва расце на здзіўленне, а вось у некаторых вяскоўцаў, што бралі ў нас яе на развод, чамусьці не прыжываецца. Мы ж маем з ёй і некаторы клопат: калі зацвітае ў поўную сілу, дык сцябліны вышынёй за два метры становяцца цяжкімі. Уварвецца на агарод раз’юшаны вецер — і ломіць кветку альбо выварочвае яе з коранем. Шкада такога хараства, таму мы ўбіваем пасярод куста мальвы доўгі кій і шпагатам трывала прывязваем да яго сцябліны.

Аднойчы мальва паднесла нам сюрпрыз: вясной мы ўбачылі, што з вузкай шчыліны паміж сцяной нашай хаты і дарожкай вытыркнуўся парастак. Пры-глядзеліся — дык гэта ж мальва. Пашкадавалі, бо былі ўпэўнены, што прападзе, па сутнасці, з’явілася на свет сярод бетону. Паглядзім, рашылі, што будзе далей.

А парастак цягнуўся ўверх. Мы здзіўляліся: за што трымаюцца яго карані, адкуль бяруць сокі ў гэтым цвёрдым, мёртвым бетоне. Варыянтаў было два. Відаць, дзесьці ў вузкую шчыліну трапіла крыху глебы, яна засталася там, вось і дала жыццё парастку. Карані настойліва прабіваліся ўглыб і нарэшце дабраліся праз бетон да глебы. Вось так, упрытык да сцяны, і расла мальва. Ніякай тут свабоды, абмежаваная прастора, ну як жыць кветцы з такім незайздросным лёсам. Праўда, адзін плюс тут быў: з раніцы і да поўдня гэтае месца шчодра лашчыла і грэла сонца.

І мальва, насуперак усяму, расла ўпэўнена і рашуча. Ды не адна сцябліна, а цэлы разгалісты куст. Надзіва прыгожы, шматлікія кветкі быццам налітыя сакавітай чырванню. Мы гля-дзелі на яе і здзіўляліся: дык тут, у цеснай няволі мальва расла хутчэй, чым яе сёстры на свабодных мясцінах нашага двара і агарода. Пачала ўжо хіліцца, і я ўбіў у сцяну дома цвік, акуратна падвязаў мальву шпагатам. Потым спатрэбілася яшчэ дзве такіх “працэдуры”. Скончылася ўсё тым, што куст мальвы вымахаў да самага даху, а гэта добрыя тры метры.

Сёлета мы з нецярплівасцю чакалі, ці пакажуцца зноў у гэтай бетоннай шчыліне парасткі мальвы. Не дачакаліся. Відаць, зімой, калі тут амаль не было снегу, а маразы здорава дапякалі, карані мальвы не вытрымалі і загінулі. Але во дзіва: з гэтай самай шчыліны выбіўся зверабой. І расце ён зараз пышным кустом, цвіце ўжо даўно. Я і думаю: чым такое вы-тлумачыць? Што, мальва ўступіла сваё месца пад сонцам зверабою? А мо так распара-дзілася прырода. Вельмі выйгралі ў гэтай сітуацыі пчолы. Летась іх шчодра частавала мальва, сёлета яшчэ больш нектару дае зверабой. Што нi кажыце, але ж нават дзіўныя з’явы ў прыродзе маюць практычную карысць…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter