У Мінску прайшоў трэці адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа-2015”

Сюжэты, пераказаныя жэстамі

Да артыстаў з Мінска, Гродна і Магілёва далучыліся калектывы з Польшчы, Літвы і Латвіі. Прычым жадаючыя прыехалі за свой кошт і без ганарару. Тое, што яны робяць, называюць “мастацтвам адзіночак”. Пластычны тэатр як асаблівы від мастацтва ў масавай свядомасці Беларусі пакуль не існуе, і ў яго няма дзяржпадтрымкі. Хоць некаторыя калектывы добра вядомыя і за мяжой. Невыпадкова на форум у трэці раз прыязджалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры Францыі і Польшчы.


Паміж танцам і сучасным танцам — прорва. Яшчэ глыбейшая яна паміж харэаграфіяй і пластыкай. Новы напрамак — гэта не танцавальны тэатр ці балет, паколькі яго носьбіты насуперак класічнаму харэаграфічнаму “гламуру” з прыгожымі касцюмамі, пышнымі дэкарацыямі і меладычнай музыкай настроены на поўную свабоду цела і перамяшчэння ў прасторы. 

У Беларусі пластычныя тэатры толькі пачынаюць развівацца. Адны называюць новы напрамак “мадэрнам”, другія знаходзяць яго карані ў практыцы мімаў і пантаміме часоў антычнасці, трэція ахрысцілі тое, што адбываецца на сцэне, “нававынайдзенымі сістэмамі танцавальнай культуры”. У спектаклях пластычных тэатраў прысутнічаюць элементы клаўнады, акрабатыкі, пантамімы, у іх шмат імправізацыі і абсурдызм часам змешаны з фантазіяй і снамі наяве. Галоўны выразнік пачуццяў — цела артыста. Тэкст і псіхалагічныя нюансы не важныя. Сучасны тэатр стаміўся ад багацця слоў. 
Тэрмін “пластыка” паходзіць ад грэчаскага слова “скульптура”. У пластычным тэатры гэта скульптуры з чалавечых цел, дзіўныя, часам выродлівыя або парадыйныя, якія актыўна рухаюцца, у любы момант гатовыя ўразіць трукам. Адзін з заснавальнікаў гэтага напрамку ў Беларусі Слава Іназемцаў, арганізатар і натхняльнік 3-й беларускай “ПлаSтформы”, назваў спектаклі ўдзельнікаў форуму “тэатрам пластычнага гратэску”. Аднак усё не так проста. Эксперыменты беларускіх пластычных калектываў маюць сваю асаблівасць. У іх прысутнічае філасофія, цікавасць да японскага танца “бунто” і асаблівых духоўных практык. Гэта цэлы свет, які аказаўся цікавы сучаснай моладзі. І калегам з-за мяжы. На жаль, некаторыя тэатра-знаўцы не адчуваюць сімпатыі да гэтых калектываў, як правіла, прыватных, пазбаўленых уласных пляцовак, якія выжываюць за кошт энергіі энтузіястаў. І не без долі снабізму называюць іх “субкультурай”. 

Паміж тым тэатр “ІнЖэст” Славы Іназемцава існуе з 1980-х, выступаў у Германіі, праехаў з гастролямі Еўропу, атрымліваў прэстыжныя ўзнагароды на мім-парадах у Расіі ды Украіне. За больш як 30 гадоў існавання калектыў падрыхтаваў дзясяткі артыстаў. Праўда, так і застаўся народным тэатрам Дома культуры завода “Інтэграл”. Але і гэта ўдача, таму што кіраўніку плацяць зарплату, артысты маюць памяшканне для рэпетыцый, а гледачы атрымліваюць задавальненне ад праектаў з доляй мастацкай анархіі, сінтэзам традыцыйных мастацтваў і філасофскіх сэнсаў. 

У Беларусі ўсяго 9 такіх тэатраў. Сярод вядомых — тэатр “Галерэя” Аляксандра Цебянькова з Гродна, “Скво’з Дэнс Компані” Вольгі Скварцовай, “Karakuli” Вольгі Лабоўкінай і, вядома ж, “ІнЖэст” Славы Іназемцава. На фестывалі ўсе яны паказалі новыя работы. На жаль, не прыехаў “Карнягтэатр”, які перасяліўся ў Польшчу, затое выступіла вучаніца Іназемцава Ірына Ануфрыева, якая жыве ў Швецыі і перадае беларускі досвед маладым скандынавам. 

Таццяна Арлова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter