В преддверии Нового года начала принимать гостей сказочная усадьба возле деревни Залейки в Ивьевском районе

Сюрпрызы Дзеда Зімніка

Побач з аўтатрасай са сталіцы да Гродна, на ўзбярэжжы імклівай рачулкі Гаўі, казачныя героі штодня чакаюць аматараў прыгод. З розных куткоў Гродзеншчыны і з суседніх раёнаў сталічнай вобласці імчаць сюды групы школьнікаў. Едуць і дарослыя, каб адпачыць душой у гэтым незвычайным куточку Іўеўскага сельсавета. Старшыня сельвыканкама Таісія ЛОСЬ прапанавала павандраваць па чароўных сцежках казачнай сядзібы. Прыцярушаныя бялюткім снегам сосны, векавыя разгалістыя дрэвы ствараюць асаблівы каларыт прыбярэжнай прасторы. Напоеная крынічнай вадою Гаўя пільна вартуе межы ўладанняў міфічных герояў. На ўваходзе ў казачны куток гасцей сустракае Гном і прапаноўвае прагуляцца прыбярэжнымі сцежкамі, каб адшукаць дванаццаць міфічных першацветаў. У заснежанай залейкаўскай прасторы яны таямніча схаваны. Кожную з кветак пільна сцеражэ адзін з казачных герояў.


Уваходзім у лясны гушчар — і адразу сустрэча з добразычлівым Мядзведзем. Потым сцежка прыводзіць да моста жаданняў, дзе ад гасцей патрабуецца палічыць, колькі бярвення ўкладзена на ім, і пры пераходзе праз яго паспець загадаць жаданне. Амаль паўтары гадзіны доўжыцца вандроўка па ўнікальным куточку, з якім мяжуе велічная Налібоцкая пушча. Шмат паданняў і небыліц дораць гасцям суправаджальнікі вандроўнікаў. У завяршэнне незвычайнай экскурсіі пад разгалістымі соснамі наведвальнікі частуюцца духмяным чаем з прысмакамі.

— Залейкаўская сядзіба прыняла ў сярэдзіне снежня першых гасцей, — удакладняе старшыня Іўеўскага сельвыканкама Таісія Лось. — Да заканчэння калядных дзён яе дзверы гасцінна адчынены. У аснове ідэі стварэння сядзібы — паданні пра міфічнага Зімніка і розных персанажаў з казак і легенд. У суседніх аграгарадках і некаторых больш буйных вёсках у пераднавагоднія дні запальваюцца электрычныя агеньчыкі на ёлках. Частку сядзіб выкупілі гараджане для лецішчаў і на Каляды едуць сюды адпачыць. Упрыгожаная ялінка стварае святочны настрой.

— Па ўсходнім гараскопе настае год Тыгра. Грацыёзны, мужны звер. Кажуць, хто нарадзіўся ў гэты год, мае цвёрды характар і талент весці за сабою іншых, як правіла, становіцца лідарам у сваім акружэнні. Як вы ставіцеся да такіх прадказанняў?

— З вядомых нашых землякоў у год Тыгра нарадзіўся ў вёсцы Крывічы беларускі пісьменнік Іван Карэнда. Шмат літаратурных твораў ён прысвяціў родным мясцінам. Ведаю, што ў прыкладных навуках людзі, якія нарадзіліся ў год Тыгра, звычайна не вызначаюцца. Як кажуць, што ні чалавек, то характар. Вось у мяне два сыны — і абсалютна розныя. Вадзім спакойны, паважны, камунікабельны, ніколі нікога не пакрыўдзіць. Аляксандр няўрымслівы, у яго ўсё палае ў пачуццях.

—А ці даводзілася вам бачыць жывога тыгра?

— Кожны раз, калі бываю ў Гродзенскім заапарку, чамусьці прыпыняюся каля тыгравай вальеры. Прыгожы, грацыёзны звер. У нашых лясах пражывае яго меншы брат — рысь. Апошнім часам у тутэйшых прасторах іх шмат развялося, часта трапляюць паляўнічым на вочы. З тэрыторыяй сельсавета мяжуе багатая на розных звяроў Налібоцкая пушча. Бывае, вечарам вяртаюся на легкавіку з аддаленай вёскі па лясной дарозе, і звярок выскоквае з кустоўя.

— Навагоднія дні — час, багаты на задумы, планы. Што ў надыходзячым годзе настроены здзейсніць у сельсавеце?

— Сярод найбольш важных спраў — стварэнне мемарыяла на месцы, дзе спачываюць савецкія воіны, што загінулі ў баях пры вызваленні нашай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вясною пачнём добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Штат сельвыканкама невялікі — тры чалавекі. Паўсядзённа зай­маемся забеспячэннем спрыяльных умоў для жыцця вяскоўцаў. Да ўзбуйнення сельсавета ведала кожнага жыхара, каму што даручыць зрабіць. Людзі актыўна падтрымліваюць нашы ініцыятывы.

Новы год — агульнае свята для ўсіх на іўеўскай зямлі.

— Адыходзіць год, дэвізам якога было яднанне. Ці ўсё задуманае ўдалося здзейсніць?

— Нас усіх яднае праца. У будні вяскоўцы шчыравалі на палях і фермах. Разам адзначаем святы. На тэрыторыі сельсавета жывуць людзі розных канфесій. У райцэнтры ўсталяваны спецыяльны помнік: кожная з чатырох яго стэл сімвалізуе адну з нацыянальнасцей, прадстаўнікі якой жывуць на нашай іўеўскай зямлі. Вякамі дружна ладзяць паміж сабой мясцовыя праваслаўныя, каталікі, татары і яўрэі. Многія сем’і змешаныя. Новы год — агульнае свята для ўсіх.

— Ваш самы памятны Новы год?

— Запомнілася, як з мужам жылі ў баранавіцкай вёсцы Скробава. Апошні дзень года выдаўся марозным. З сябрамі адправіліся сустракаць Новы год у суседнюю вёску Карчова, што за тры кіламетры. Каб цяплей было крочыць, выпілі па шкаліку гарэлкі. Як прыйшлі ў Карчова, здзіўлена заўважыла, што ў мужа збялелыя і раздутыя вушы. Не магла зразумець, што здарылася. Па дарозе ён не адчуў, як мароз прыхапіў вушы. Не да скокаў яму было. Адціралі, ратавалі вушы. Тую сустрэчу Новага года не забыць.

— У савецкія часы на навагоднім стале абавязковай была салата аліўе. А ў вас якая звычайная святочная страва?

— У нашай лясной мясцовасці ні адно застолле не праходзіць без марынаваных ці смажаных грыбочкаў, а таксама розных сялянскіх мясных далікатэсаў. Абавязкова павінны быць бліны. Падаюцца яны з маслам, шкваркамі, мёдам, рознымі варэннямі з лясных і садовых ягад.

Мае бацькі частавалі гасцей абаранкамі з макам. Запарваюць яго ў вары і расціраюць. Потым вялікая міска напаўняецца варам і да яго дадаецца расцёрты мак з раздробленымі абаранкамі. Прыгатаваная такім чынам страва падаецца на стол як дэсерт. У нас любое свята не абыходзіцца без кісялю з журавін ці садовых ягад. Калядным часам у бацькоўскім доме збіраліся госці. Маці прыносіла з хлява сена і рассцілала на стале. Накрывала яго палатняным белым абрусам. Традыцыя не згасла. На навагодняе свята прыедуць браты з сем’ямі. Маці пачытае «Ойча наш», памолімся, пачастуемся аплаткамі і разам сустрэнем 2022-і, у якім маці споўніцца 90 гадоў.

— У кожнага чалавека свае мары, задумы. Прыемна, калі яны здзяйсняюцца. Што вам помніцца з дзіцячых навагодніх жаданняў?

— Мае звычайныя мары. Я адзіная дачка ў бацькоў, чатыры браты ў мяне. Нашы суседзі ездзілі за мяжу і прывозілі адтуль цацкі. З зайздрасцю пазірала на прыгожую ляльку суседкі-сяброўкі. Марыла, каб і ў мяне такая была. Толькі потым, калі працавала, усё ж купіла сабе ляльку. Звычайна імкнуся, каб задуманае ў навагоднюю ноч, ажыццявілася. Спадзяюся, надыходзячы год прынясе нам усё добрае.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter