Сюды, у Крынкі, гарадскі малец ляцеў, як на крылах

ТРАДЫЦЫЯМІ напоўнена наша жыццё. Зімовым часам, калі ціха і спакойна на заснежаных нівах, нашы продкі спрадвеку рыхтаваліся да вялікага гадавога свята — Каляд. На Віцебшчыне такім часам жанілі Цярэшку. Уся навакольная моладзь збіралася разам і са старэйшымі вяскоўцамі паравалі жаніхоў і нявест. Яшчэ і сёння старажылы Віцебскага краю добра ведаюць каляднае ігрышча. Адна са старэйшых сялянак лёзненскай вёскі Крынкі Надзея Мікалаеўна ІГНАТАВА ўзгадвае, як пасля ваеннай разрухі было бедна і цяжка выжываць, але да свята старанна рыхтаваліся, гасцей чакалі і самі родных і сяброў наведвалі. Каляднымі днямі кожны, нават выпадковы госць, быў жаданым, бо лічылася: як прымеш яго ў гэтыя дні, такім і год твой будзе.

Калі б стаў міністрам 25-гадовы аграменеджэр Алег Вішнеўскі з Лёзненскага раёна, то ў першую чаргу шукаў бы варыянты заахвочваць вясковых працаўнікоў

ТРАДЫЦЫЯМІ напоўнена наша жыццё. Зімовым часам, калі ціха і спакойна на заснежаных нівах, нашы продкі спрадвеку рыхтаваліся да вялікага гадавога свята — Каляд. На Віцебшчыне такім часам жанілі Цярэшку. Уся навакольная моладзь збіралася разам і са старэйшымі вяскоўцамі паравалі жаніхоў і нявест. Яшчэ і сёння старажылы Віцебскага краю добра ведаюць каляднае ігрышча. Адна са старэйшых сялянак лёзненскай вёскі Крынкі Надзея Мікалаеўна ІГНАТАВА ўзгадвае, як пасля ваеннай разрухі было бедна і цяжка выжываць, але да свята старанна рыхтаваліся, гасцей чакалі і самі родных і сяброў наведвалі. Каляднымі днямі кожны, нават выпадковы госць, быў жаданым, бо лічылася: як прымеш яго ў гэтыя дні, такім і год твой будзе.

– СВЯТЫ заўсёды яднаюць, ствараюць настрой, таму да іх мы рыхтуемся зага- дзя, — распавядае Надзея Мікалаеўна. — Памятаю, як яшчэ да вайны мы шчыра і весела калядавалі. І дзецям сваім гэтую традыцыю перадалі. Мой сын Толік браў у рукі гармонік, я пераапраналася ў старога дзеда, а хто ў цыганоў ці якіх звяроў, і калядавалі па вёсцы. Не да Каляд было толькі ў вайну, якая прайшлася па нашых мясцінах вельмі жорстка. Чатыры браты маёй мамы, мой бацька загінулі. У кожным доме хапала гора. Наша сям’я ўсе гады акупацыі правяла ў партызанскім атрадзе ў лясах былога Суражскага раёна. Ледзьве выжылі. І цяпер горка на сэрцы ад тых ваенных страт. Але неяк апрытомнелі пасля ліхалецця, за працу ўзяліся, адбудаваліся. Выраслі дзеці, унукаў падарылі. Цяпер іх у мяне трое, ёсць і праўнукі. Усе ў Віцебску, толькі адзін мой унучак Алежка пакінуў горад, абуладзіўся тут, у Крынках, і я вельмі гэтаму рада.

— Надзея Мікалаеўна, чым захапіла гарадскога ўнука вёска?

— Яна з малых гадоў яго вабіла. Усе школьныя канікулы праводзіў тут. Заўжды вельмі чакаў Каляд. Наносіць дроў у хату, печку напалім — і доўгія зімовыя вечары праляталі хутка. І летам ляцеў сюды як на крылах. Асабліва яго вабілі коні, што пасвіліся на нашым лузе. Гадзінамі хадзіў каля іх. Навучыўся запрагаць, стаў падсабляць калгаснаму ездавому Толіку Руму, які збіраў малако. Я аж ззяла ад шчасця, калі мой яшчэ зусім падлетак унучак ехаў на кані па вясковай вуліцы. А ў гадкоў дванаццаць яму даверылі самастойна збіраць малако. Маленькі, худзенькі, з-за бітонаў не відаць. Яшчэ ўся вёска драмала, а ён падхопліваўся і бег на луг па каня, запрагаў і калясіў па Крынках. Па дванаццаць бітонаў малака за раніцу збіраў.  Зарабляў сабе на школу.

— А вучыўся ў віцебскай школе?

— І няблага ішла вучоба, яшчэ і музыкай захапляўся. З поспехам закончыў музычную школу, і ўсе мы спадзяваліся, што Алежка стане музыкантам. Цудоўна засвоіў акардэон і іншыя музычныя інструменты. І мой сын Толя таксама добра іграе на акардэоне і гармоніку. Музыка ў нашым доме заўжды гучала. Таму невыпадкова ўнук Алежка закончыў музычную школу. Ён адзіны сынок у бацькоў, меў выдатныя перспектывы і ўсе магчымасці для гарадскога жыцця. Але яго з дзяцінства вабіла вёска. Пасля школы катэгарычна заявіў, што паступае ў Лужаснянскі аграрны каледж. Вытрымаў уступныя экзамены, адвучыўся і атрымаў дыплом заатэхніка.

МАЛАДОГА спецыяліста Алега Вішнеўскага накіравалі ў Лёзненскі раён, дзе яго ветліва прыняла ў сваім кабінеце тагачасны кіраўнік Лёзненскага райсельгасхарчу На- дзея Бухаловіч, жанчына мудрая, добразычлівая. Разважалі пра замацаванне моладзі на вёсцы, параўноўвалі вясковае жыццё з гарадскім, якое так зманьвае сялянскую моладзь. Чаго таіць: там і заробкі лепшыя, ды выхадныя заўжды гарантаваныя, і правесці іх ёсць дзе.

— Надзея Васільеўна не абяцала мне залатых гор, наадварот, акцэнтавала ўвагу на нялёгкай працы, — узгадвае Алег Вішнеўскі. — Мяне сынком назвала, запэўніла ў падтрымцы. Яна расказала пра магчымыя перспектывы маёй кар’еры ў раёне. Але больш за ўсё здзівіла прызначэнне мяне галоўным заатэхнікам гаспадаркі, той самай, дзе я ўжо многіх ведаў, бо кожныя летнія канікулы там працаваў.

Рызыкавалі ў раёне, калі дзевятнаццацігадоваму юнаку даверылі заатэхнічную службу вялікай гаспадаркі. Бацькоў увогуле збянтэжыў такі аванс сыну, і яны занепакоіліся: ці справіцца? А вось бабуля не магла нарадавацца прызначэнню любага ўнука, і ў думках параўноўвала яго са сваімі цягавітымі продкамі.

— Разумею пачуцці бацькоў, якія не хацелі мяне адпускаць з горада, — разважае Алег Віктаравіч. — Маці працавала эканамістам на станкабудаўнічым заводзе «Вістан», бацька таксама ў прамысловасці. Ды і на першым часе ў гаспадарцы я чуў, як некаторыя перашэптваліся за маёй спіной, што гэты гарадскі малец доўга не затрымаецца, хутка вернецца на асфальт. Але мінаў час, і віцебскі малец толькі сталеў у вёсцы. Не здымаў гумавых ботаў, бо на фермах было не прайсці.

З першага дня ён заўзята ўзяўся за справу. Абыйшоў і агледзеў усе фермы, пазнаёміўся з жывёлаводамі. Спачатку няёмка было даваць заўвагі па некалькі разоў старэйшым працаўнікам. Але ад свайго не адступаў, дабіваўся, патрабаваў парадку ва ўсім.  Вытворчыя паказчыкі гаспадаркі «Крынкі», якая спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, маглі быць і лепшымі. Многае трэба было наладзіць, адрэгуляваць, каб дасягнуць першых поспехаў. Шмат разоў ездзіў у раён да начальніка райсельгасхарчу Надзеі Бухаловіч, раіўся з ёю, спецыялістамі, разам шукалі шляхі выхаду з самых складаных сітуацый, распрацоўвалі перспектывы развіцця крынкаўскіх ферм.

Як у любой прыгараднай гаспадарцы, у Крынках таксама вострая праблема з кадрамі. Усе, хто мог, з’ехалі ў Віцебск, не хапае працоўных рук. Не аднойчы сам браўся за вілы і даглядаў жывёлу. Нікому не скардзіўся.

— Першыя гады Алежка жыў у мяне, — узгадвае бабуля Надзея Мікалаеўна. — Натоміцца за дзень, позна прыйдзе і проста з ног валіцца. Але раніцай ні разу яго не будзіла. Маладзенькі, худзенькі, думаю, няхай крыху болей паспіць, набярэцца моцы на новы працоўны дзень. Ён жа ніколі не курыў, не піў, не марнаваў дарма свой час. Нават у клуб яго не цягнула. Я яшчэ варочаюся, а ён на досвітку, у пяць гадзін, падхопіцца сам, то я ўжо спяшаюся, каб хутчэй яешню падсмажыць, бо да абеду ў яго ні хвіліны вольнай. Бяжыць на ферму да каровак. Паверце мне, ён іх і зараз у пысу цалуе. Вельмі любіць жывёлу.

Кіраўніцтва раёна сачыла за станаўленнем маладога заатэхніка. Спецыялісты райсельгасхарчу знаёміліся і пры неабходнасці падтрымлівалі яго абгрунтаваныя ініцыятывы, ставілі ў прыклад іншым яго стыль працы, на раённых семінарах дэманстравалі парадак, які ён навёў на ўсіх трох жывёлагадоўчых фермах гаспадаркі. Адзначалі, што часам нават прафесіяналы з большым стажам не заўважалі таго, што хвалявала гэтага маладога спецыяліста. Сваімі адносінамі да працы ён даказаў, што не памыліліся ў раёне, калі адразу ж прызначылі галоўным спецыялістам, хаця гэтая пасада прадугледжвае вышэйшую адукацыю.

У ДВАЦЦАЦЬ гадоў Алег Віктаравіч стаў першым намеснікам старшыні КСУП «Крынкі». Клопатаў яшчэ больш дадалося, але і значна пашырыліся магчымасці для творчай дзейнасці, бо ён ужо адказваў за ўвесь вытворчы працэс калектыву. Працу Алег Васільевіч спалучаў з завочнай вучобай на зааінжынерным факультэце Віцебскай дзяржаўнай акадэміі медыцыны, якую мінулай вясной паспяхова закончыў. Нават падчас экзаменацыйных сесій не забываў, што ён кіраўнік. Год таму Алег узначаліў гаспадарку, паспяхова правёў сяўбу і ўборку, упэўнена, без фальшы трымаў штурвал кіраўніка і далей цвёрда вёў бы калектыў. Але так склаліся абставіны, што Алег Вішнеўскі паклаў заяву аб вяртанні на былую пасаду першага намесніка кіраўніка гаспадаркі.

Дырэктарам КСУП «Крынкі» прызначылі Аляксандра Снарова, які дагэтуль працаваў у суседняй Расіі. Некалькі гадоў запар Алег не меў выхадных, адпачынку. Цяжкасці наварочваліся снежным камяком. Часам здавалася, што тупік, выхаду няма, але дзе сам, а калі з дапамогай іншых выпраўляў сітуацыю з замацаваннем кадраў жывёлаводаў, механізатараў. Людзі адчулі цвёрдае слова Алега Вішнеўскага. Цяпер усе крынкаўскія жывёлагадоўчыя фермы па-сучаснаму абсталяваны, а каля вёскі Высачаны ўзведзены тыпавы малочна-таварны комплекс на дзвесці галоў, на які ў яго вялікія спадзяванні.

— Алег Віктаравіч клапоціцца не толькі пра вытворчасць, але і пра адпачынак вяскоўцаў, — адзначае дырэктар Крынкаўскага дома культуры Любоў Канстанцінава. — Вось і зараз ён цікавіцца, як мы рыхтуемся да навагодніх і калядных святаў. Я думаю, што нашым людзям прыйдуцца да спадобы распрацаваныя намі святочныя імпрэзы самадзейных артыстаў. У будучым, спадзяюся, і Алег Віктаравіч далучыцца да самадзейнасці, яго талент акампаніятара вельмі запатрабаваны ў нас, ды і спявае ён прафесійна.

ПЭЎНА, яно так і будзе. Не запыліцца ў новым катэджы акардэон выпускніка музычнай школы Алега Вішнеўскага. Адразу пасля вяселля маладая сям’я Вішнеўскіх атрымала ключы ад гэтага прыгожага дома з усімі выгодамі. За тры гады абжыліся, сад пасадзілі, альтанка і арэлі ўпрыгожылі падворак. Збудавалі хлеў для жыўнасці. Трымалі свіней, але зараз толькі куры ў іх гаспадарцы. Жонка Анастасія з трохгадовай дачушкай Маргарытай любяць іх даглядаць. Сваіх куранят за лета вырасцілі, і цяпер амаль трыццаць нясушак зімуе ў прасторным куратніку.

— Наша дачушка даўно пайшла ў дзіцячы садок, — гаворыць Анастасія Уладзіміраўна. — Я толькі паўтара года была ў дэкрэтным адпачынку. Працую бухгалтарам. Часта нас выручае бабуля Надзея Мікалаеўна. У свае амаль дзевяноста гадоў яна ўвішна глядзіць нашу маленькую Маргарытку. Яны вельмі любяць быць разам. Бабуля вясёлая, шмат самых розных гісторый расказвае дзяўчынцы. Нават навучыла яе ўжо лічыць да дзесяці.

У крынкаўскім дзіцячым садку хапае месцаў усім вясковым дзецям, добра абсталяваная і мясцовая сярэдняя школа. Вось толькі колькасць школьнікаў не павялічваецца. У гаспадарцы клапоцяцца пра маладыя сем’і, забяспечваюць іх жыллём, дзе створаны ўсе бытавыя ўмовы. Але ўсё роўна ніяк не вырашаецца праблема кадраў. Вельмі востра яна паўстае вясною падчас палявых работ. Тэхнікі ўдосталь, а механізатараў на ўсе машыны не хапае. Так і на фермах складана з кадрамі.

— Алег Віктаравіч, недахоп працоўных рук напрамую ўплывае і на вытворчыя вынікі.

— Безумоўна. Былі перыяды, калі на нашых фермах атрымлівалі значна большыя надоі, чым зараз. Забяспечанасць канцэнтратамі мы мелі лепшую. Па папярэдніх падліках, сёлета мы, на жаль, недаатрымаем запланаваную валавую вытворчасць малака, зменшыцца і прыбытак, што, безумоўна, паўплывае на ўсю гаспадарчую дзейнасць.

— Аналізуеце сітуацыю і параўноўваеце з суседзямі?

— Не толькі для нашай гаспадаркі такім выдаецца гэты год, але і па раёну ёсць складанасці. Уся справа ў фінансах. З-за гэтага мы не змаглі забяспечыць набыццё неабходнай па рацыёну колькасці камбікармоў, і таму ўпала прадукцыйнасць дойнага статку.

— Якое выйсце бачыце?

— Пошукі нерэалізаваных рэзерваў у гаспадарцы, каб знайсці сродкі на папаўненне кармавой базы і збалансаваць рацыён на нашых малочна-таварных фермах, якіх у нас тры. Толькі такі шлях дазволіць палепшыць справу. Увогуле, сельскагаспадарчая вытворчасць — даволі складаная галіна. Але пры ўсім гэтым я ніколькі не шкадую, што абраў вёску, адкуль мае карані, дзе мае дзяды і прадзеды жылі.

— Я прыйшоў да думкі, што спадчынныя прыхільнасці нічым не заглушыць, — лічыць бацька нашага героя Віктар Аляксандравіч. — Памятаю, як Алег падлеткам упарта вучыўся касіць, а потым і за плуг стаў. Яшчэ ўсе ў хаце спалі, а ён падхопліваўся і на сенажаць ляцеў, каб росную траву пакасіць. Такая прага была да сялянскага занятку, хаця рос у гарадской кватэры. А з якой любоўю калгаснага каня даглядаў! Павець ад спякоты і непагадзі яму на бабуліным падворку зладзіў.

— Віктар Аляксандравіч, усё гэта ў сына ад каго?

— Гэта і ад прыроды і ад мяне, а можа, і ад продкаў.

— Кім вы яго бачыце праз гады?

— Я спадзяюся, што мой сын яшчэ больш праявіцца як мудры гаспадар. Яму ж толькі дваццаць пяць споўнілася ў мінулую восень. А мо, і да міністра ўздымецца.

— Алег Віктаравіч, вы толькі ўступаеце ў сваё працоўнае жыццё. Усё магчыма. З чаго б пачалі, калі б сталі міністрам?

— Я ў першую чаргу шукаў бы варыянты заахвочвання людзей працы. Непамерна мала ім плацім. Каб развіваўся аграпрамысловы комплекс, людзей трэба заахвочваць. Інакш зойдзем у тупік. А сродкі будуць ад высакаякаснай прадукцыі. Ва ўсім павінен быць здаровы сэнс і парадак.

ТАК разважае 25-гадовы гаспадар. Інакш Алега Віктаравіча не назавеш.

— Завяршаецца год. Самы час падсумоўваць вынікі, аналізаваць, што не так зроблена, каб не паўтараць памылак. Напэўна, у такія дні не да акардэона?

— Выдаецца хвіліна, расцягваю мяхі і іграю для душы, для настрою свайго і сям’і.

Уладзімір СУБАТ

Фота Юліі ПАХОЛКІНАЙ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter