Як былая трактарыстка распаўсюджвае народныя абрады

«Сыночка радзiла, мёд-вiно папiла»

Чаму на Барысаўшчыне ўкараніўся самабытны вясельны абрад

СЁЛЕТА ў Мётчы згулялі сем вяселляў. Гэты рэкорд, заўважаю я Людміле КАЖЭЎЦЫ, кіраўніку фальклорнага гурта “Мядоцкая талака”, які пастаянна завуць спраўляць вясельныя абрады, будзе дорага каштаваць аматаркам народных песень.


Для чытача растлумачу: пасля застолля бацькі маладых запрасілі вясковых артыстак у новаўтвораныя сем’і спяваць на Масленіцу. А згодна з мясцовымі традыцыямі, калі да гэтага часу ў маладых з’явілася дзіця, то трэба прыходзіць у госці з падарункам.  У прыгожых, уласцівых толькі гэтаму самабытнаму краю на Барысаўшчыне, які завуць мядоцкім, масленічных песнях нават словы ёсць такія: “А ў варот, а ў варот бяроза ветвейкі да долу. // Вінават, вінават Сашачка (імёны замяняюцца), што не йдзе дадому. // А ўжо ж, а ўжо ж яго Леначка сыночка радзіла. // Сыночка радзіла, мёд-віно папіла. // Мёд-віно папіла, кубачкі пабіла. // Кубачкі, кубачкі пабіла, на Дунай пусціла. // Плывіце, плывіце, кубачкі, то ўніз, то ўгору. // То ўніз, то ўніз, то ўгору к мамчынаму двору”. 

На мой жарт наконт будучых расходаў Людміла Кажэўка, яна ж і дырэктар Мётчанскага сельскага дома культуры, лагодна адзываецца:

— Нічога, не абяднеем. У мінулую суботу сына жаніла Вольга Фёдараўна Касцюковіч. У ліпені было яшчэ адно вяселле. Усё выканалі як мае быць. Жаніху праспявалі “На небе месячык свяціўся”, калі маці выпраўляла яго з дому за нявестай. На рушнік маладых ставілі, асобна спявалі, як яны абменьваліся пярсцёнкамі. Ды на трэці дзень пайшлі дагульваць.

Вось так. Гэта вам не вечар у рэстаране, калі афіцыянткі раз-пораз паглядаюць на гадзіннік, — у тутэйшых мясцінах свята доўжыцца  па законах фальклорнага жанру. Згодна з імі маладусе нельга тры дні хадзіць ад мужа дадому і сваты ў панядзелак самі павінны завітаць да новай радні, да дачкі, зноў з застоллем ды спевамі. Такія спектаклі разыгрывае “Мядоцкая талака”, што ніякі тамада з трывіяльнымі гульнямі ды куплетамі не параўнаецца!

Са сваім вясельным абрадам гурт ездзіў на дзіцячае абласное свята-конкурс “Калыска талентаў”, што праходзіла ў Клецку, галоўная ідэя якога — далучэнне падрастаючага пакалення да культуры свайго рэгіёну і папулярызацыя лепшых форм традыцыйнага мастацтва. Дарэчы, узорны дзіцячы калектыў “Весялінка”, малодшы брат “Мядоцкай талакі”, атрымаў там дыплом першай ступені. 

— Дзеці пастаянна каля нас, — кажа Людміла Уладзіміраўна. — Я часта праводжу зводныя рэпетыцыі, бо трэба ўсім быць у адным катле, каб дзейства па-сапраўднаму атрымалася, дык яны запамінаюць розныя прыпеўкі нават хутчэй, чым дарослыя. Часам даводзіцца перайначваць некаторыя “салёныя” выразы. Цяпер разам з “Весялінкай” рыхтуем семінар “Талака ў цёткі Лявоніхі”. Таксама цэлае прадстаўленне. Пачнём з мясцовых прыказак ды прымавак. Потым будуць талачыць дзеці. “Каробачку” станчаць ці яшчэ што наша, мядоцкае. Затым прыйдуць на пасядзелкі дарослыя. “Лысага” выканаем: “Ой, чаму ты, лысы, без валос застаўся?” — “Не было расчоскі, граблямі часаўся”, ну і гэтак далей. Потым “На рэчаньку”, потым спячом каравай ды закруцім нарэшце “Качаном” — такім шматкаленным танцам на манер “Лявоніхі”. О, яшчэ паскачам у “Падзікатары”, тутэйшым танцы на тры фігуры.

Пасля Пакроваў жанчыны будуць праводзіць “Папрадкі”. “Так і ходзім па коле народнага календара”, — узгадвае выконваемыя абрады Людміла Кажэўка.

Многія кампазіцыі пераняў у мясцовых весялух вядомы фалькларыст-харэограф Мікалай Козенка. Аднак яны нічога з калекцыі Козенкі, што навуковец сабраў у розных кутках Беларусі, у свой рэпертуар не бяруць: “Каб наш стыль не згубіўся”.

Завадатаркамі пры нараджэнні фальклорнага гурта больш як дваццаць гадоў таму стала маці Людмілы Уладзіміраўны Марыя Ціханаўна Абрамовіч, вядомая на ўсю краіну ў мінулым трактарыстка, ды яе сёстры. А таксама 98-гадовая Лідзія Сямёнаўна Слесаронак, якая зараз па стану здароўя не можа танчыць і хадзіць у Дом культуры, але ўсёй душой разам са сваімі сяброўкамі. І таму яе лічаць паўнапраўнай удзельніцай калектыву — калі прыязджае з дачкой з Барысава, абавязкова  з ёю сустракаюцца.

А вось Марыя Ціханаўна, нягледзячы на ўзрост, кожны раз спяшаецца на рэпетыцыі з Ярцаўкі за два з паловай кіламетры ў Мётчу:

— Раней кірмашы спраўлялі: мы ў Вяляцічы хадзілі і за 12 кіламетраў. Весела, з гармонікам, з прытанцоўкай. А цяпер забыліся ўжо на тыя кірмашы. Больш скаваныя людзі сталі, збіраюць грошы, свету белага не бачаць. Усе ў тэлевізар пазабіваюцца і серыялы глядзяць! 

Марыя Ціханаўна з тых, колішніх людзей. І ў яе хаце часта збіраюцца пявунні з «Мядоцкай талакі». Усе яны вялікія рукадзельніцы: і касцюмы самі вышываюць, і хлеб выпякаюць, і дамашні сыр вараць. Прыгатаваныя стравы бяруць для полудніка камбайнерам, калі спраўляюць “Зажынкі”. Гэты іх абрад славіцца на ўсю Барысаўшчыну. Перад кожным выступленнем у полі Ціханаўна хвалюецца:

— Напярэдадні жніва часта сон бачу, як зноў саджуся на трактар, як падаюць пад касілкай цяжкія каласы, як пахне толькі што абмалочанае збожжа. Таму песню хлебаробам спяваю з асаблівым пачуццем.

klimovich@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter