Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомы беларускі рэжысёр Анатоль Алай у фільме “Чорны крумкач” расказвае, як многія гады шукаў сляды бацькі

Сын шукае бацьку

Вядомы беларускі рэжысёр Анатоль Алай у фільме “Чорны крумкач” расказвае, як многія гады шукаў сляды бацькі — ваеннага ўрача, які прапаў без вестак у першыя дні вайны

Анатоль Алай (у цэнтры) у Германіі з супрацоўнікамі мемарыяла Эрэнхайн/Цайтхайн

Дакументальны фільм “Чорны крумкач” (рускамоўная назва: “Черный ворон”) ствараўся на кінастудыі “Беларусьфільм”. Ён хутка выйдзе на экраны, і аўтар сцэнарыя Ігар Асінскі, рэжысёр Анатоль Алай упэўнены: ім удалося пад новым ракурсам паглядзець у мінулае ды моцна звязаць яго з сучаснасцю. Хоць, здавалася б, тэма Другой сусветнай вайны — не новая, і зняты пра яе тысячы розных фільмаў: як пра ход ваенных дзеянняў, так і трагічныя лёсы людзей. Дарэчы, Нацыянальную кінастудыю Беларусі, у фільмаграфіі якой тэма й па гэты час застаецца галоўнай, называюць кінастудыяй “Партызанфільм”. І аўтары новай стужкі ў ваеннай тэматыцы — не навічкі. Фільмы народнага артыста Беларусі Анатоля Алая ўдастоены прэстыжных міжнародных прэмій, нават у амерыканскай кінаакадэміі “Галівуд” пачаткоўцам-аператарам і рэжысёрам выкладаецца спецкурс пра ягоны творчы метад. А ствараў Анатоль Іванавіч фільмы пра знакамітых людзей — напрыклад, пра невядомыя старонкі з жыцця маршала Георгія Жукава, пра легендарнага падводніка Аляксандра Марынеска, пра нашага знакамітага супляменніка, нацыянальнага героя Балгарыі фельдмаршала Іосіфа Гурко, пра сусветна вядомага спевака-беларуса Пятра Конюха... Увогуле майстар зняў ужо 25 фільмаў як рэжысёр і больш за 100 — як кінааператар. А журналіст, сцэнарыст Ігар Асінскі — аўтар рамана “Брат мой — вораг мой”, па матывах якога рыхтуюцца здымкі шматсерыйнага тэлефільма.

Чым жа цікавая новая кінастужка творчага тандэма? Фільм створаны як шчымлівая споведзь сэрца сына салдата, падранка вайны, які асірацеў яшчэ ў калысцы: хлопчык нарадзіўся ў 1940-м годзе. А ягоны бацька, ваенны ўрач Іван Аляксеевіч Алай, прапаў без вестак у першыя дні вайны. У памяць пра яго засталіся толькі адзін ліст, адпраўлены з-пад Беластока, і фатаграфія бацькі ў форме чырвонаармейца. Пошукам слядоў бацькі, распачатым маці, Анатоль Алай прысвяціў усё жыццё. Менавіта дзеля таго, з далёкім разлікам адразу пасля заканчэння сярэдняй школы ўладкаваўся на кінастудыю асвятляльнікам, прайшоў шлях да вядомага рэжысёра. Разам са здымачнай групай аб’ездзіў усю Еўропу, наведваў Аўстралію, Канаду. І ўсюды паказваў фота, размяшчаў аб’явы ў газетах: можа нехта недзе бацьку яго сустракаў? А вось “Чорны крумкач” прыадкрывае тыя старонкі вайны, на асвятленне якіх у СССР было накладзена найстрогае табу. Зрэшты, не будзем раскрываць інтрыгу-таямніцу — лепш паглядзець фільм.

Выявіць некаторыя сляды зніклага без вестак бацькі Анатоля Алая дапамаглі ў Камітэце дзяржбяспекі. Так супала, што якраз 22 чэрвеня 2016 года, праз 75 гадоў пасля пачатку вайны, яму патэлефанаваў супрацоўнік ведамства і сказаў: у Дрэздэне, у цэнтры дакументальнай інфармацыі “Саксонскія мемарыялы” ёсць персанальная картка ваеннапалоннага Івана Аляксеевіча Алая. Ён трапіў у фашысцкі палон 2 ліпеня 1941 года пад Стоўбцамі.

Ваенны ўрач Іван Алай (у цэнтры)

Сын-рэжысёр спрабуе сабе ўявіць, як далей складаваўся трагічны лёс бацькі. Разам з аўтарамі фільма й гледачы пройдуць па той журботнай дарозе, па якой у чэрвені-ліпені 41-га вялі сотні тысяч асуджаных на смерць чырвонаармейцаў. Польшча... Германія... Зноў Польшча... І апошні запіс пра Івана Алая зроблены ў яго картачцы з ідэнтыфікацыйным нумарам 631191 у кастрычніку 1942-га ў канцлагеры №237 — гэта ў польскім мястэчку Дэмблін. Пра тое, у якіх жахлівых умовах трымалі там ваеннапалонных, расказвае ў фільме гісторык, аўтар кнігі “Крэпасць смерці” Тадэвуш Апека, сын службоўца таго шталага. Голад, які даводзіў вязняў да людаедства, вытанчаныя катаванні, расстрэлы... Часам, калі глядзіш тыя дакументальныя кадры, аж кроў стыне ў жылах, таму, мяркуецца, гэты праўдзівы фільм пойдзе ў пракат з грыфам “16 +”.

Нейкім цудам Івану Алаю ўдалося з таго пекла збегчы. Пра тое ёсць запіс у картачцы. Але што было  з ім далей? “Магчыма, такая інфармацыя змяшчаецца ў арыгінале ягонай карткі, у нас жа толькі копія”, — патлумачылі Анатолю Алаю ў цэнтры “Саксонскія мемарыялы”. Арыгінал зберагаецца ў Мінску, у Камітэце дзяржбяспекі. Статус народнага артыста Беларусі дапамог Анатолю Алаю дамагчыся таго, што да яго ўдалося толькі расійскаму пісьменніку Юльяну Сямёнаву, калі ён працаваў над сцэнарам шматсерыйнага фільма “Семнаццаць імгненняў вясны” Так, яго дапусцілі ў святая святых спецслужбы: архіў КДБ. І ў фінале фільма дрыготкімі ад хвалявання рукамі сын чырвонаармейца, які цяпер сам на паўстагоддзя старэйшы за бацьку, перагортвае ягоны апошні дакумент. Але адваротны бок персанальнай карткі пусты... Як сімвал таго, што і цяпер многія пытанні пра тую даўнюю вайну, яе таямніцы застаюцца без адказаў.

Ігар Клёнаў

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter