Падземка, школа, праспекты: у Мінску тэсціруюць сістэму відэаназірання на аснове штучнага інтэлекту

Сёння на экранах

Яшчэ не так даўно футуролагі прадракалі: маўляў, усюды паставяць камеры назірання, якія будуць за намі сачыць. Непрыкметна тая самая будучыня наступіла: камеры — ва ўсіх гандлёвых цэнтрах, на дамах і гэтак далей. Палохае? Прызвычаіліся. І ў выпадку якіх-небудзь інцыдэнтаў да камер звяртаемся, каб вырашыць спрэчныя сітуацыі — усёвідушчае аптычнае вока прыносіць карысць. Але, як аказалася, яно можа служыць яшчэ лепш. Карэспандэнт “Рэспублікі” пазнаемілася з распрацоўшчыкамі інтэлектуальнага відэаназірання, якое здольна сур’ёзна дапамагаць нам у многіх галінах. 

Фота Артура ПРУПАСА

Усміхайцеся, вас здымаюць!

Разумныя гарады — вось піск цяперашняй урбаністычнай моды. Усё паляпшаецца тэхналогіямі, знаходзяцца неверагодныя рашэнні жыццёвых задач. Наша краіна, як жартуюць у сацсетках, добра вырошчвае бульбу і айцішнікаў. І менавіта апошнія ствараюць гэтыя неверагодныя тэхналогіі. Вось, напрыклад, фізікі, матэматыкі, інжынеры і праграмісты каманды KIPOD, якая ўваходзіць у групу кампаній «Сінезіс» і працуе над паляпшэннем «разумнай» відэасістэмы. Вы не ведалі, а яна ўжо год як у Мінску за намі «сочыць».

Аляксандр Казак, кіраўнік аддзела распрацоўкі праграмнага комплексу «Сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі KIPOD», запрашае ў перамоўную, дзе на сцяне красуецца адзін вялікі тэлевізар. На яго ён адразу ж для прыкладу выводзіць даныя ў рэжыме анлайн з адной з камер мінскай падземкі.

Аляксандр КАЗАК: «Удасканальваць сістэму будзем  да  таго  часу, пакуль  верагоднасць знойдзеных супадзенняў і распазнавання не будзе дасягаць99,99 працэнта»


— Мы стварылі праграмна-апаратны комплекс, які дазваляе адначасова апрацоўваць даныя з неабмежаванай колькасці камер, датчыкаў, сенсараў, дэтэктараў розных спецыялізаваных прылад, якія выкарыстоўваюцца для гарантавання бяспекі, — перадгісторыю таго, што бачым на экране, апісвае Аляксандр, адразу ж тлумачыць: 

— Напрыклад, у краме ўстаноўлена камера відэаназірання. І ў суседняй краме, і яшчэ недзе. Ва ўсіх свой уласнік. Наша сістэма аб’ядноўвае гэтыя камеры ў адзіны контур, перадае сігналы з іх на сервер, дзе яны пры дапамозе нашых алгарытмаў, штучнага інтэлекту і нейронавых сетак апрацоўваюцца і даюць вынік.

Які? Уявіце сабе, што адшукваецца чалавек. Не важна — пажылы з дэменцыяй ці небяспечны злачынец. Адзін і другі ходзяць па горадзе, камеры іх бачаць, але які толк? Знайсці іх цяжка. Але ёсць выхад: можна загрузіць у праграмны комплекс фота чалавека, якога шукае, напрыклад, МУС, а штучны інтэлект з дакладнасцю распазнання 95—98 працэнтаў адрозніць яго абрысы за долю секунды ў любым пункце горада, дзе стаяць камеры. Прычым імгненна паведаміць пра гэта.

Сістэма  захоўвае «ўбачанае» 30 дзён. Аднак пры неабходнасці аператары могуць выгрузіць патрэбную частку відэа
Фота Артура ПРУПАСА

Важны момант: даныя, што трапілі ў «разуменне» штучнага інтэлекту, даступныя карыстальнікам сістэмы, якія рабілі пэўны пошукавы запыт. Напрыклад, калі ДАІ шукае чалавека, які знік з месца ДТЗ, сістэма будзе паказваць менавіта тыя кадры, дзе быў зафіксаваны гэты аўтамабіль і кіроўца. А калі ж МУС шукае небяспечнага злачынца, то на ёй – іншыя кадры. 

Усіх пазнае 

Як вы ўжо зразумелі, сістэма распазнае не толькі асобы, але і аўтатранспартныя нумары. А яшчэ такія з’явы на вуліцах, праспектах, як аўтамабільныя пробкі, стоўпатварэнне, новыя аб’екты і іншае. Усё гэта вокамгненна распазнаецца і тут жа перадаецца аператару цэнтра маніторынгу бяспекі або паста аховы.

— У сістэме пошуку мож­на задаць пэўныя задачы і парог «адчувальнасці». Напрыклад, калі шукаем на відэакамерах чалавека па статычным фота з пашпарта або сацсетак, штучны інтэлект спрабуе знайсці падобныя абрысы ў тых, хто не статычны на відэа — людзей, якія, як і цяпер на відэа, выходзяць з метро, размаўляюць — у цэлым, актыўна карыстаюцца мімікай, — працягвае тлумачыць Аляксандр Казак. — І на падставе закладзеных фільтраў праграма выдае нам вынік па супадзенням і ступені падабенства.

Праграмны  комплекс  дазваляе  адначасова  апрацоўваць  даныя  з  неабмежаванай колькасці камер

Сістэма KIPOD таксама працуе і ў Баку. Усяго за адзін год яна выявіла семярых небяспечных злачынцаў на вуліцах горада. Працуе яна яшчэ на чыгуначных вакзалах Казахстана, дзе фіксуе пакінутыя рэчы і ідэнтыфікуе людзей; у Маскоўскім метро прымае даныя з 6000 відэакамер і дапамагае цэнтральнаму штабу бяспекі папярэдзіць узнікненне натоўпу ў час пік. Працуе цяпер KIPOD і ў Генштабе Узброеных сіл Расіі, МУС і іншых месцах. Акрамя гэтага, алгарытмамі KIPOD карыстаюцца розныя гандлёвыя сеткі, вугальныя кар’еры і нафтабазы ў розных краінах. Напрыклад, у Паўночнай Ірландыі. Там звыш 450 аб’ектаў АЗС, складоў і будпляцовак абслугоўвае ўсяго адзін сітуацыйны цэнтр з двума аператарамі, якія павінны адсочваць па камерах падзеі з усіх лакацый! Цяпер жа аператарам застанецца толькі апрацоўваць гатовыя вынікі сістэмы – важнае і адфільтраванае.

Ты  свой?

Напэўна, самае цікавае тое, што сістэма бяспекі KIPOD зараз выпрабоўваецца ў адной з мінскіх школ. Звонку і ўнутры тэрыторыі школы ўсталяваныя камеры, якія ў рэальным часе ідэнтыфікуюць усіх тых, хто ўвайшоў і выйшаў. Сістэма  ранжыруе паводле прынцыпу «свой—чужы». Нягледзячы на вялікі паток дзяцей, праграма маментальна распазнае твары і, калі ў базе вучняў, бацькоў, настаўнікаў чалавека няма, адразу ж інфармуе службу аховы.

— Дарэчы, як толькі дзіця зайшло ў школу, аднаму з бацькоў праз месенджар прыходзіць апавяшчэнне. Тое ж самае адбудзецца, калі дзіця не прыйшло, спазнілася — бацькоў інфармуюць. Прычым штучны інтэлект навучаецца разам з узростам дзяцей. Ён запамінае інфармацыю пра іх: змяняецца прычоска, рост, сёння апрануў іншую вопратку — усё гэта ўлічваецца, і праграма не пераблытае з іншым вучнем, — дадае цікавую дэталь Аляксандр Казак.

Што тычыцца будучага Мінска, то мяркуецца, што сістэма KIPOD зможа аб’яднаць усе разрозненыя камеры горада і падаць да іх доступ карыстальнікам розных службаў: МНС, МУС, КДБ і іншых, якія марнуюць процьму часу на тое, каб адправіць супрацоўнікаў да ўласніка камер. Гэта ж не проста: знайсці, скачаць відэаархіў, прагледзець яго... Не заўсёды з-за чалавечага фактару ўсё праходзіць ідэальна… Тэхналогіі павінны дазволіць вырашыць пытанне. Аляксандр Казак працягвае здзіўляць:

— Платформай зацікавіліся і ва УДАІ Мінгарвыканкама. Камеры могуць фіксаваць, напрыклад, у якім месцы ўтвараюцца пробкі, ламаюцца святлафоры, а штучны інтэлект, распазнаўшы гэта, паведамляе, дзе патрэбны інспектар. У той жа час ДАІ пры дапамозе сістэмы можа праводзіць аналіз падзей з дарог пры планаванні стварэння новых напрамкаў руху і іншае.

Сістэма таксама спатрэбіцца на паркоўках. Відэакамеры бачаць, калі машына заехала і выехала, алгарытмы платформы распазнаюць нумары, а пасля чалавеку прыходзіць квітанцыя аб аплаце. Гэта толькі адзін прыклад магчымасцей. Увогуле, алгарытмам сістэмы не важна — транзітныя нумары або нашы. Не выключаецца, што будуць сістэму выкарыстоўваць і падчас II Еўрапейскіх гульняў-2019. Гасцінічныя комплексы, спорт­пляцоўкі, месцы масавых гулянняў і іншае павінна знаходзіцца ў пэўным контуры бяспекі. КIPOD можа не толькі шукаць людзей па фота, але і фіксаваць падазроныя пакінутыя рэчы, выпадкі вандалізму і іншае. Штучны інтэлект можа ўлавіць мноства падзей і, галоўнае, ужо робіць гэта, пастаянна удасканальваючыся.

alinakasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter