В Докшицах уже 70 лет работает народный театр, артисты которого – местные жители

Сёння ў Докшыцах прэм’ера

Ішоў абласны конкурс-агляд самадзейных драматычных тэатраў Віцебшчыны. З гэтай нагоды ў журы запрасілі прафесійнага артыста са сталіцы. Калектываў выступала шмат, прадстаўленні зацягнуліся, у зале было да таго ж халаднавата, і ён захінуў паўтвару шалікам — падалося, што спіць. Але вось на сцэну выйшаў народны тэатр з Докшыц з музычным спектаклем па п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія”. Разгарнулася дзея, якая адразу ж захапіла гледачоў. Сталічны госць заварушыўся, вылез з-пад шаліка, паміж ім і іншымі членамі журы адбыўся жывы дыялог. 

— Адкуль узяліся гэтыя артысты?!

— З Докшыц.

— Што гэта за горад?

— Сельскі райцэнтр, 8 тысяч насельніцтва.

— Не можа быць?! Я з глузду яшчэ не з’ехаў. Гэта абсалютна прафесійная пастаноўка! Як яны ўмудрыліся?!

Сцэна са спектакля А. Дударава “Не пакідай мяне”.

Драматычны тэатр у Докшыцах створаны ў 1947 годзе, хаця працаваў на першым часе як гурток. Ставілі невялікія аднаактоўкі ў хаце-чытальні, гаспадыняй якой была Марыя Сяткоўская. Пасля звярнуліся да больш аб’ёмных рэчаў: “Пінскай шляхты” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Партызанаў” К. Крапівы, “Разлома” Б. Лаўрынёва. Даволі важкі ўклад у станаўленне тэатра ўнесла Ганна Лынова, якая потым працавала на “Беларусьфільме”.

Сапраўдны ж узлёт Докшыцкага тэатра пачаўся ў 1975 годзе, калі яго калектыў узначаліла маладая выпускніца Віцебскага культасветвучылішча Ганна Яцкоўская (на здымку). Першы яе спектакль па п’есе Р. Тома “Восем закаханых жанчын” стаў лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці. А ўсяго праз восем гадоў Докшыцкі тэатр стаў народным і па сённяшні дзень пацвярджае сваё высокае званне.

З рэжысёрам Ганнай Яцкоўскай аўтару гэтых радкоў даводзілася сустракацца неаднойчы: і на рэпетыцыях, і на спектаклях. Уражвала, як яна знаходзіла адметны падыход да кожнага самадзейнага артыста ўменнем падабраць яму ролю, не проста зацікавіць, а захапіць работай над спектаклем. Адчувалася вялікая душэўная сіла, самаахвярнасць, апантаная любоў да мастацтва. 

Ганна Васільеўна рабіла для тэатра ўсё магчымае і немагчымае: шукала музыку, збірала рэквізіт. Касцюмы для спектакляў шыла разам з артыстамі. Становішча, праўда, памянялася, калі загадчыкам аддзела культуры райвыканкама (была раней такая пасада) стаў Уладзімір Пусташыла, які дапамагаў і з рэквізітам, і з дэкарацыямі, а на першым часе і фінансава, хаця тэатр і сам потым зарабляў грошы.

А яшчэ ў Ганны Яцкоўскай ёсць адмысловы рэдкі дар — разгледзець у звычайным, здавалася б, чалавеку здольнасці драматычнага акцёра, развіць іх і зрабіць з яго артыста. 

Супрацоўнік раённай газеты “Родныя вытокі” Тамара Чувахова-Альшэўская ўспамінае:

— Пасля заканчэння бі­блі­ятэчнага тэхнікума я працавала нейкі час у раённай бібліятэцы. Аднойчы да мяне прыйшла Ганна Яцкоўская і прапанавала ролю купецкай дачкі Ліпачкі ў п’есе М. Астроўскага “Свае людзі — палічымся”. Спачат­ку я адмовілася, маўляў, у самадзейнасці са­праў­ды спяваю, танцую, але да тэатра ніякіх адносін не мела. І ўсё ж яна мяне ўгаварыла: “Давай паспрабуем!” Сыграла даволі ўдала. З гэтай ролі і пачалося маё другое жыццё на сцэне працягам ажно ў сорак гадоў. Старалася ў кожным спектаклі поўнасцю “ўжыцца” ў ролю. Памятаю, на рэпетыцыі спектакля па п’есе Мікалая Анкілава “Салдацкая ўдава” прысутнічаў таварыш з абласнога Дома народнай творчасці. Я так увайшла ў ролю, што ў адным з эпізодаў натуральна заплакала. Госць быў надта ўражаны і ўсё дапытваўся, дзе я вучылася. Лепшай вучобай, нашым універсітэтам, была сама Ганна Васільеўна.

Тамары Чуваховай-Аль­шэў­скай у свой час прапаноўвалі, і вельмі настойліва, перайсці ў прафесійны тэатр. Адмовілася, затое ў сваім, Докшыцкім народным, самы актыўны ўдзельнік. Побач з ёй іграюць і двое сыноў: Дзмітрый і Юрый. Першы адзін час быў памочнікам галоўнага рэжысёра. 

З сям’ёй у свой час прыйшла ў тэатр і Святлана Шышла. Адвакат па прафесіі, гэта таленавітая і надта прыгожая жанчына ажно чатыры разы брала Гран-пры за цудоўна выкананыя ролі. Сёння ў тэатры трывала прапісалася і яе дачка Насця. Тэатральныя сямейныя дынастыі — гэта яшчэ адна з вядучых артыстак Ірына Кірыенка і яе дачка Вольга, а таксама старэйшая артыстка Людміла Малевіч з дачкой Яўгеніяй. 

Сцэна са спектакля А. Астроўскага “Свае людзі — палічымся”. 

Артысты тэатра — розныя па пра­фесіі: Валерый Шышла — інжынер, Ірына Дзехканава, Галіна Галавач, Віктар Стадольнік — педагогі, Вольга Жаўткевіч, Вольга Сушко — музыканты, Аляксандр Новік, Валянціна Пусташылава, Ірына Касцюк — работнікі культуры, Аляксандр Акуліч — санфельчар, Віктар Гарбачоў — мастак, Аляксандр Скурат — рабочы. Адна са старэйшых і яркіх артыстак Марыя Немцава была прадаўцом, а Эдуард Сяліцкі — служачым. 

Цяжка зразумець, як людзі самых розных прафесій, многія вельмі занятыя на адказных пасадах, знаходзяць час два разы на тыдзень хадзіць на рэпетыцыі, выязджаць на гастролі. А Докшыцкі народны тэатр не толькі пабываў па некалькі разоў у кожным сельскім Доме культуры ў сваім раёне, у многіх райцэнтрах вобласці, але і пакінуў добрую славу пра сябе за мяжой. На міжнародным тэатральным фестывалі ў Латвіі артыстам адзінадушна была адда­дзена пальма першынства.

Тэатрам пад кіраўніцтвам Ганны Яцкоўскай пастаўлена 35 спектакляў. Рэпертуар самы разнастайны. Шэраг пастановак па п’есах рускай і замежнай класікі: А. Каламійца “Фараоны”, М. Рошчына “Уся надзея”, В. Шукшына “Да трэціх пеўняў”, Г. Лоркі “Чароўная башмачніца”, “Жарсці па Адэлі”, Е. Пшыздзецкага “Брыльянт”, А. Тура “Месячная саната”. І ўсё ж перавага аддаецца беларускім аўтарам: Янку Купале “Паўлінка”, Кандрату Крапіве “Хто смяецца апошнім”, Леапольду Родзевічу “Конскі партрэт”, Мікалаю Матукоўскаму “Мудрамер”, “Апошняя інстанцыя”, Міхасю Чароту “Мікітаў лапаць”, Аляксею Дудараву “Не пакідай мяне”, Андрэю Курэйчыку “П’ямонцкі звер”... 

Докшыцкі тэатр вырасціў і ўласных драматургаў: Вікенція Карповіча і Фёдара Палачаніна, якія напісалі п’есы для пастановак. Па трагікамедыях артыста тэатра, супрацоўніка раённай газеты “Родныя вытокі” Вікенція Карповіча пастаўлены два спектаклі: “Залатая рыбка” і “Пастка для пракурора”, у якіх у гратэскавай форме высмейваюцца адмоўныя бакі нашага жыцця. У тэатры не памятаюць, каб у Докшыцах так ад душы смяяліся на спектаклі. Дарэчы, у абласным конкурсе ў Лепелі пастаноўка “Пастка для пракурора” ўзнагароджана як лепшая. У журы доўга не маглі ўцяміць, што такі твор напісаў нікому не вядомы аўтар, непрафесійны драматург. Пазней у конкурсе драматургічных твораў, які арганізоўваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, Вікенцій Карповіч стаў адным з пераможцаў. 

Другі акцёр і аўтар Фёдар Палачанін па прафесіі педагог. Тэатру аддаў 40 гадоў. Напісаў 35 п’ес і 9 кінасцэнарыяў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат абласных і рэспубліканскіх літаратурных прэмій. Спектакль па яго творы “Пазычанае шчасце” некалькі год запар паспяхова ідзе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, не гаворачы аб сваім народным. Аднойчы ў Докшыцах ставілі спектакль па творы Фёдара Палачаніна “Не свая віна”. Народу прыйшло столькі, што давялося заставіць усе праходы пераноснымі крэсламі. Сам аўтар назіраў з галёркі, і калі спектакль закончыўся трыумфальна і драматурга паклікалі на сцэну, ён так і не змог прабіцца на яе.

ПРЭМ’ЕРЫ народнага тэатра ў Докшыцах праходзяць як вялікае свята. Гарадскі цэнтр культуры непазнавальна змяняецца: у зале — дывановыя дарожкі, падчас антракту — буфет. Гледачы збіраюцца не толькі з горада, але і з вёскі: цэлымі групамі на аўтобусах ці паасобку, на ўласных машынах. У зале пустога месца не знойдзеш.

Докшыцкі народны тэатр пяць разоў выходзіў пераможцам тэатральных конкурсаў рознага ўзроўню, не гаворачы аб прызавых месцах. Сем разоў яго артысты атрымлівалі Гран-пры. Рэжысёр Ганна Яцкоўская была ўдастоена высокага звання “Жанчына года-2002”.

На жаль, Ганна Васільеўна цяпер хварэе, аднак у курсе ўсіх тэатральных спраў. Намеснік дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна Крысціна Гмырак:

— У мінулым годзе на “Тэатральнай вясне” ў Полацку атрымалі дыплом і тым самым пацвердзілі званне народнага. Спадзяёмся, што наш любімы тэатр будзе жыць і радаваць гледачоў. Мы ўсе, як і я, свой горад без тэатра не ўяўляем!

saulich@bk.ru

Фота з архіва тэатра
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter