Беларускія навукоўцы падрыхтавалі да друку выданне, у якое занеслі 54 віды агрэсіўных раслін

Сёе-тое з міграцыі дрэў

Ёсць Чырвоная кніга, будзе і “Чорная”. Беларускія навукоўцы падрыхтавалі да друку выданне, у якое занеслі 54 віды агрэсіўных раслін. Іх трэба трымаць пад кантролем, не дапускаючы ў запаведныя зоны.



Але ў Белавежскай пушчы ўжо ўстаноўлены спантанны рост 105 чужародных відаў дрэў і кустоў. Пятая частка нацыянальнага парку сёння пад пагрозай засялення чырвоным дубам. Менавіта з ім мінулай зімою пачалі непрымірымую барацьбу. Нядаўна быў прадстаўлены пяцігадовы план дзеянняў па вынішчэнні дуба-мігранта, распрацаваны навукоўцамі сумесна з арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пад эгідай Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы.

...Іду па алеі да адміністрацыйнага корпуса нацыянальнага парку. Зіма, мароз. Усе ліставыя дрэвы з выгляду аднолькавыя — голыя. А ўвосень тут прыгажосць. Радуе вока чырвоны дуб. Яркі замежнік з’явіўся ў пушчы на пачатку мінулага стагоддзя — прывезлі са ЗША. Часткова дзякуючы людзям, часткова — птушкам плошча пушчанскага лесу, дзе сустракаецца дрэва-акупант, дасягнула ўжо 1.280 гектараў.

Старшы навуковы супрацоўнік нацпарку Дзмітрый Бярнацкі лічыць, што пагроза распаўсюджвання гэтага чужароднага віду вельмі вялікая:

— У 2004 годзе да парку далучылі землі шэрагу лясгасаў. Там шмат чырвонага дуба. Ён ужо сустракаецца на 114 гектарах запаведнай зоны. Дрэвы, парасткі знішчаюцца падчас высечак догляду, але сёння нам трэба зрабіць валявы крок і ссячы насенныя дрэвы каля кантор лясніцтваў. У ахоўнай зоне насеннікі растуць у 17 месцах.

Галоўны ляснічы нацпарку Васіль Філімонаў не сумняваецца, што барацьба з чырвоным дубам будзе няпростай:

— Самае складанае — пераканаць людзей. Дуб-замежнік на самай справе ўяўляе з сябе пагрозу для нацпарку. Ён выцясняе беларускія віды — чарэшчаты дуб і скальны, які, дарэчы, занесены ў Чырвоную кнігу.

Вядомы беларускі фларыст, кандыдат біялагічных навук Аркадзь Скуратовіч гаворыць, што раней расліны-замежнікі паводзілі сябе больш сціпла:

— З 1950-х гадоў у нас сталі з’яўляцца ў вялікай колькасці завозныя расліны. Праўда, раней мы не ведалі праблем. Яны паводзілі сябе сціпла. Але прырода мяняецца. Як і клімат — халодная зона адышла, умераная паднялася да Віцебска. Вось і распаўсюджваюцца цеплалюбныя расліны, якія ў мінулым стагоддзі можна было сустрэць толькі зрэдку на поўдні краіны.

Пранікаюць чужынцы да нас па-рознаму. Прыносяць іх рэкі і птушкі, прывозяць людзі. Аркадзь Скуратовіч прывёў два прыклады зусім ненаўмыснага прышэсця.

Першы — з шэрсцю. У пасёлку Ільіч у Рагачоўскім раёне працуе фабрыка першаснай апрацоўкі шэрсці. Дык вось разам з сыравінай з Аўстраліі ды Новай Зеландыі ў пасёлак прыбыло 15 відаў раслін. Два віды перазімавалі ды ўжо асвойваюць тэрыторыю каля ачышчальных збудаванняў і берагі Дняпра.

Другі — з журавінамі. У Ганцавіцкім раёне ёсць эксперыментальная база “Журавінка”. Разам з буйнаплоднымі журавінамі з Амерыкі сюды завезлі 24 віды пустазелля, з якіх 7 ужо выйшлі з-пад кантролю.


У нацпарку з’явіўся шчыт з інфармацыяй пра шкоду чужароднага дуба

Можна пазбегнуць падобнага нашэсця?

На думку навукоўца, можна:

— Трэба ўтылізаваць адходы, а не выкідваць за плот, як робяць дачнікі. На прадпрыемстве “Беларускiя журавiны” ў Пінскім раёне адходы знішчаюць, і сітуацыя там пад кантролем у адрозненне ад той, якая склалася ў іх калег у Ганцавіцкім раёне.

Сумнік трапіў у прыроду з лецішчаў і могілак. Баршчэўнік — дзякуючы навукоўцам, якія некалі хацелі накарміць жывёлу танна і хутка. Чырвоны дуб завезлі для прыгажосці, і высаджвалі яго самі леснікі. Чаромху познюю таксама яны культывавалі — дзеля каштоўнай драўніны. Жарнавец мяцёлчаты з’явіўся ў лясах як корм для зайцоў. Ватачнік у свой час быў стратэгічнай раслінай для лёгкай прамысловасці, сёння — злоснае пустазелле. Чарнаплодную рабіну, іргу, абляпіху мы ўспрымаем як родныя расліны, а яны, аказваецца, таксама чужаземцы, якія ў Брэсцкай вобласці ўжо смела захопліваюць лясы...

І ўсё ж... Чужародныя расліны — ці такое гэта зло? Завезеную ў XVIII стагоддзі бульбу, да прыкладу, цяпер паспрабуй у беларусаў адняць.

Аркадзь Скуратовіч лічыць, што сітуацыю трэба трымаць пад кантролем:

— Пагадзіцеся, у беларускім нацыянальным парку прырода павінна быць нацыянальнай, а не паўночнаамерыканскай. Таму чырвоны дуб і сумнік у пушчы не павінны расці.

Часам расліны наносяць шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і здароўю чалавека. Пра баршчэўнік, упэўнена, ведаюць усе. А вось пра ваўчкі наўрад ці. Аркадзь Скуратовіч папярэдзіў, што ў многіх аптэках сёння прадаюцца ваўчкі амерыканскія замест нашых. Лячэбны эфект ад іх — нулявы (дзякуй, што не ядавітыя).

І ўсё ж мы, беларусы, гуманісты. Вынішчаем “перасяленцаў” беражліва. Аркадзь Скуратовіч расказаў, што ў Паўночнай Амерыцы да раслін, завезеных з нашых шырот, адносіны вельмі жорсткія:

— Там робяць проста: знішчаюць гербіцыдамі, спальваюць напалмам. А праз некалькі гадоў рэкультывуюць глебу і засаджваюць сваімі раслінамі.

Сёння ў Беларусі да раслін-мігрантаў прылічана больш за 300 відаў. 54 самыя агрэсіўныя ўвайшлі ў “Чорную кнігу”, рукапіс якой ужо падрыхтаваны да друку. Белпошта з мінулага года пачала выпускаць серыю марак “Інвазіўныя расліны Беларусі”, першымі надрукаваўшы суквецці сумніку і баршчэўніку.

Зялёных ворагаў трэба ведаць у твар.

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter