Галоўнае не званне, а вопыт: пацыентаỷ мінскіх паліклінік цяпер кансультуюць медсёстры

Сястра, што скажаце?

Вельмі здзівілася, калі ўбачыла на сайце сваёй паліклінікі незвычайную навінку. Шукаючы свайго ўчастковага тэрапеўта, каб заказаць талон, натыкаюся на шыльду «Прыём вядзе ўчастковая медсястра». І тут паўстала пытанне: да каго ж запісацца? Я ж быццам бы не хворая, проста трэба прайсці чарговую медкамісію... Аказваецца, у такіх выпадках і сапраўды прасцей звярнуцца да медсястры: і талон можна ўзяць без праблем, і чаргі ўдаецца пазбегнуць. Карэспандэнт «Рэспублікі» высветліла ўсе перавагі і недахопы новай сістэмы абслугоўвання «другасных» пацыентаў.


На паўторны рэцэпт

На калідоры тэрапеўтычнага аддзялення 32-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска цiха: у 13.00 у персанала пачалася перазменка. Аднак гэта не перашкода для аматараў папрацаваць — участковыя медсёстры толькі заступілі на двухгадзінную службу. Прычым прымаць пацыентаў яны будуць самі, без дапамогі ўрача. 

У адным з аднастайных кабінетаў знаёмлюся з участковай медыцынскай сястрой першай кваліфікацыйнай катэгорыі з 20-гадовым стажам Наталляй Самсонік і напрошваюся папрысутнічаць у яе на прыёме. Праз дзве хвіліны даносіцца нясмелы стук у дзверы — прыбыў першы на сёння пацыент. 

— Як сябе адчуваеце? — пытаецца медсястра ў 64-гадовай Валянціны Бярыла і адначасова націскае на нагнятальнік паветра ў танометры. 

— Як заўсёды, — уздыхае пацыентка.

Медсястра Наталля САМСОНІК цяпер мае права самастойна выпісваць рэцэпты «другасным» пацыентам і накіроўваць іх на аналізы.

Валянціна Уладзіміраўна запісалася на прыём да сястры, каб чарговы раз падоўжыць рэцэпт на лекі — яна скардзіцца на павышаны ціск і стаіць на ўліку з-за гэтай праблемы. Усім зручна: і медработніку няцяжка выпісаць патрэбныя прэпараты, і пацыент да медсястры трапляе без чаргі.

Дарэчы, Наталля Самсонік не спяшаецца «пазбавіцца» пацыенткі: на кожнага чалавека адводзіцца аж па пятнаццаць хвілін. Нарэшце спецыяліст дапісвае доўгачаканы рэцэпт і разам з ім перадае брашурку для гіпертонікаў. Дарэчы, прафілактыка таксама ўвайшла ў абавязкі медсястры.

Калі памножыліся абавязкі

— Мы, участковыя медсёстры, большую ўвагу звяртаем на пацыентаў, якія не абследаваліся два гады i болей, тэлефануем, запрашаем на прыём. Калі прыйдуць, я падрабязна вывучаю амбулаторную картку, вымяраю ціск, рост, вагу, акружнасць таліі, падлічваю індэкс масы цела. Затым выпісваю накіраванне на аналізы, кардыяграму і іншыя абследаванні, калі чалавек суадносіцца з пэўнай групай рызыкі, — участковая медсястра расказвае пра сваё цяперашняе кола абавязкаў. — На выхадзе чалавек трапляе да тэрапеўта ўжо з цэлым пакетам дакументаў.


Афармляць накіраванні да вузкіх спецыялістаў медработнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй маюць права толькі з дазволу тэрапеўта. Аднак пацыентам не абавязкова стаяць у чарзе да стала даведак — медсёстры адразу на прыёме запісваюць чалавека праз электронную базу да патрэбнага ўрача. Выпісаць тую ж даведку, напрыклад, у басейн — таксама па адрасе. 

— Калі шчыра гаварыць, абавязкаў у вас дадалося?

— Я ўжо прывыкла, — паціскае плячыма Наталля Самсонік.

Як бачым, новы падыход значна павышае статус медсястры і адпаведна пашырае яе паўнамоцтвы. Так, з аднаго боку, «другасным» пацыентам стала прасцей трапіць на прыём да спецыяліста. Ды і паліклінікам лягчэй спраўляцца з патокам людзей. З іншага боку, магчыма, такая сістэма нарэшце дазволіць ахапіць дыспансерызацыяй усё насельніцтва горада, а ў будучыні і краіны. А як вынік, дапаможа скрынінгу хвароб на ранніх стадыях.


Аднак гэта ўсё у ідэале. Калі быць рэалістамі, ці пад сілу медсёстрам новыя паўнамоцтвы? Не сакрэт, што яны заўсёды былі «завалены» максімальна папяровай работай: гэта і мноства рэцэптаў, і запісы ў амбулаторных картках, і бясконцыя формы на кожнага пацыента... Цяпер паперак і абавязкаў толькі дадалося. Добра, што паступова паліклінікі пераходзяць да электроннай сістэмы абслугоўвання — гэта спрошчвае медсёстрам становішча. 

ПАЗІЦЫЯ

Ірына СВОРАБ, галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны тэрапеўт камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач УАЗ «32-я гарадская паліклініка» Мінска: 


— Ініцыятыва пашырэння паўнамоцтваў медсясцёр узнікла з мэтай паляпшэння даступнасці для пацыентаў, а таксама для большага ахопу насельніцтва падчас дыспансерызацыі. Чаму менавіта медсёстры? Падчас аналізу іх работы высветлілася, што ў апошні час змяншаецца колькасць ін’екцый дома, за якія яны адказваюць. Адпаведна нагрузка ў медсясцёр знізілася, і іх трэба было якім-небудзь чынам задзейнічаць. Талоны да медсясцёр выдаюцца ў стале даведак, а таксама размяшчаюцца ў вольным доступе на сайце арганізацый — іх можна забраніраваць анлайн. Такая сістэма дазваляе ўпарадкаваць патокі пацыентаў і пазбягаць чэргаў. 

Мяркую, новы падыход зручны для ўсіх: і для ўрачоў, і для пацыентаў, асабліва працаздольных, і для работы ўстановы ў цэлым. Так, па сутнасці, мы крыху разгрузім урачоў, а ў медсясцёр кола абавязкаў пашырыцца. Аднак у першую чаргу трэба думаць пра даступнасць урачэбнай дапамогі. Навошта нагружаць дактароў той работай, з якой могуць справіцца і спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй? Мяркую, у будучыні гэты праект стане паспяховым не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах.

БЛІЦ-АПЫТАННЕ Ў ТЭМУ

«Гэта разгрузіць тэрапеўтаў»

Карэспандэнт «Р» выслухала незацікаўленыя меркаванні. Ці справяцца медсёстры з пашыраным колам абавязкаў і наколькі яны кампетэнтныя для таго, каб весці прыём самастойна?

Дар’я НЯЧАЙ, студэнтка шостага курса Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта: 


— Я лічу, што такая ініцыятыва вельмі карысная для ўчастковага тэрапеўта. Па-першае, паскорыцца час прыёму на аднаго пацыента, і тады ўрачы будуць укладвацца ў свае законныя дванаццаць хвілін. У выніку стане менш канфліктаў паміж пацыентам і ўрачом, як гэта звычайна бывае. Ды і ў тэрапеўта з явіцца больш часу, каб паўнавартасна абследаваць чалавека. А вось для медсястры гэта ўсё, канешне, у нагрузку, бо, акрамя сваёй асноўнай работы, яна падзеліць з доктарам яго абавязкі. 

Ірына ЛАШКО, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг: 


— Новы падыход разгрузіць участковых тэрапеўтаў. Адпаведна, яны змогуць больш увагі надаваць хворым людзям. Таксама, упэўнена, стане менш чэргаў і скандалаў на калідорах паліклінік. Тыя абавязкі, якія пачынаюць выконваць медсёстры самастойна, не патрабуюць вышэйшай медыцынскай адукацыі ці якіх-небудзь іншых дадатковых ведаў, таму спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй выдатна справіцца з такім заданнем. Тым больш у любой спрэчнай сітуацыі можна звярнуцца па дапамогу да доктара. Мінус толькі ў тым, што праблема недахопу сярэдняга медперсаналу яшчэ больш вострая, чым з урачамі.

Таццяна ГІРЫНА, маладая маці: 


— Я вельмі негатыўна стаўлюся да падобных эксперыментаў. За мяжой такая практыка вітаецца, але там і падрыхтоўка спецыялістаў больш сур’ёзная. Плюс у новай сістэме бачу толькі адзін: медсёстры разгрузяць урачоў. Аднак з такім жа поспехам можна тэхнічку або вахцёра пасадзіць рэцэпты выпісваць. Я ніколі не пайду на прыём да медсястры. У адваротным выпадку аддам перавагу платным клінікам з кваліфікаваным персаналам.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter