Новая методика оценивания знаний на ЦТ будет более точной

Сярод шумнага бала

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў робіць усё для таго, каб iспыты цэнтралiзаванага тэсціравання сталi яшчэ больш аб’ектыўнымi і празрыстымi, а таксама каб зняць пэўнае напружанне ў грамадстве. З такой прамовай выступiў дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк, адказваючы на пытанні журналістаў.

Разам з павышэннем вынікаў на ЦТ ёсць верагоднасць павышэння і ніжніх парогавых балаў.
Фота Артура ПРУПАСА

Паводле яго слоў, новая методыка ацэньвання ведаў абiтурыентаў, якая запрацуе ўжо на ЦТ у наступным годзе, павінна вырашыць адразу дзве праблемы. Па-першае, яна дасць ацэнку ў абсалютнай велічыні, гэта значыць, больш дакладна і эфектыўна. Папярэдняя, нагадаў ён, была ў большай ступені рэйтынгавай і не супастаўлялася з навучальным працэсам у школе, таму ўзнікала шмат пытанняў пры падвядзеннi вынiкаў. Напрыклад, раней «кошт» задання, якое выконвала вялікая колькасць абітурыентаў, аўтаматычна зніжаўся. Цяпер такога не будзе. Па-другое, новая методыка павінна зняць псіхалагічнае напружанне абітурыентаў і іх бацькоў, бо часам бывала так, што па выніках ЦТ рэйтынгі былі ніжэй за школьныя.

Юрый Міксюк адзначыў, што новая методыка — гэта не выдумка менавiта РІКВ:

— За ёй — больш за векавы вопыт дзясяткаў тысяч навучальных устаноў ЗША, Канады, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Швейцарыі і Аўстрыі. Па гэтым прынцыпе вядзецца нават падлік тэста на IQ. Гэта агульнадаступная класічная методыка, для разумення якой не трэба складанай матэматыкі.

З плюсаў новай методыкі Юрый Міксюк асабліва вылучыў яе дакладнасць, паколькі яна ўлічвае нават часткова дакладныя адказы. Акрамя таго, ужо да пачатку ЦТ абітурыенты будуць ведаць «кошт» у першасных балах таго ці іншага задання і, правільна адказаўшы, змогуць прыблізна самі падлічыць набраныя балы.

Прычын перажываць за вынікі, па словах Юрыя Міксюка, у абітурыентаў няма:

— Наадварот, прагназуецца павышэнне нізкіх балаў у пачатку табліцы. Што тычыцца тых, у каго і па ранейшай методыцы было б 70 і больш балаў, пры цяперашняй яны атрымаюць не менш. Усе выйграюць, ніхто не прайграе.

Але ж разам з павышэннем вынікаў на ЦТ ёсць верагоднасць павышэння і ніжніх парогавых балаў. Пра гэта Юрый Міксюк таксама згадаў. Паводле яго слоў, якой дакладна будзе лічба, казаць пакуль рана: гэтае пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter